Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Што пачытаць дзецям на роднай мове?

2014.10.13 2

 Выява з сайта activekidsbooks.com.

Паводле інфармацыі Нацыянальнай кніжнай палаты Беларусі летась у нашай краіне выйшла 980 кніг для дзяцей і юнацтва. Ведаючы, што прыкладна 10 працэнтаў ад іх колькасці — выданні на беларускай мове, можна падлічыць, што маленькія чытачы атрымалі каля 100 новых папяровых сяброў. У той час, як бацькі наракаюць на высокія кошты працукцыі айчынных выдавецтваў, а бібліятэкары скардзяцца на малы выбар сапраўды добрых кніг, мы паспрабуем разабрацца, якія ж выданні сапраўды рэальна знайсці на паліцах кнігарняў ды бібліятэк і даць некалькі адказаў на пытанне: “Што пачытаць дзецям на роднай мове?”.

1. Адказ самы відавочны — казкі. Сёння, напэўна, толькі гультаяватае выдавецтва не рыхтуе да друку зборнікі казак рознага гатунку. Нават гігант “Харвест” адно цягам 2014 года выдаў 12 кніг беларускіх народных казак, падзяліўшы іх на дзве катэгорыі — для зусім маленькіх і крыху старэйшых чытачоў. Сур’ёзнае дарослае выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” таксама прадстаўляе зборнікі беларускіх народных казак, фарміруе серыю “У гасцях у казкі”, у межах якой выходзяць пераклады гэтых твораў з розных моў свету (праўда, на рускую мову) і звяртае ўвагу на беларускую міфалогію. У прыватнасці, тут пабачыў свет зборнік “Чароўны свет” з выдатнымі ілютрацыямі Валерыя Славука.

Варты ўвагі і зборнік латышскіх народных казак “Добрыя лекі”, што выйшаў у пачатку года ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”. З латышскай мовы іх пераклаў Пятро Масальскі, а ў якасці ўкладальніка выступіў вядомы паэт, даследчык Сяргей Панізнік. Дарэчы, у “Мастацкай літаратуры” ўжо склалася асобная серыя “Казачны свет”, значыць, маленькага чытача тут чакае яшчэ шмат цікавага.

2. Вершы. Беларусы — народ паэтычны, таму нават у дзяцінстве мы з задавальненнем чытаем вершы. Віктар Гардзей, Ніна Галіноўская, Васіль Жуковіч, Анатоль Зэкаў і многія іншыя паэты не стамляюцца пісаць новыя і новыя кнігі вершаў для дзяцей. Яны выходзяць у “Мастацкай літаратуры” ў межах серый “Нашым дзеткам” і “Журавінк@”. Дарэчы, выдаўцы звяртаюць увагу на творы не толькі сучаснікаў, але і класікаў: не так даўно выйшла новае выданне кнігі Пятра Глебкі “Наша лета” (“Мастацкая літаратура”), а выдавецтва “Адукацыя і выхаванне” разам з часопісам “Вясёлка” прадставілі зборнік вершаў Эдзі Агняцвет “У свеце дабрыні”.

3. Казачныя гісторыі пра новых, часам вельмі незвычайных герояў. Вы знаёмыя з моднай авечкай Адэляй? А ведаеце, хто такі Шубуршун? Ці гатовыя вы здзейсніць падарожжа з Пані Чаротнай і сустрэць Каляды ў хроснай-чараўніцы?

Часам можна пачуць меркаванне, што беларускай літаратуры не хапае яркіх герояў, здольных стаць брэндам усёй айчыннай літаратуры, кшталту Мумітроляў ці Алісы. Мне падаецца, што альтэрнатывы ўсё ж ёсць, хай і не такія яркія, як сусветна вядомыя зоркі. Да прыкладу, авечка Адэля з кнігі Наталлі Бучынскай “Незабыўныя сустрэчы з авечкай Адэляй, або Adeljastar@tut.by” (Мастацкая літаратура, 2013). Яна актыўная, смешная, упэўненая, смелая, увесь час трапляе ў розныя цікавыя гісторыі. Ці Шубуршун з серыі кніг Алеся Карлюкевіча — маленькая істота, падобная да шарыка, што спачатку жыве ў дзённіку і сочыць за поспехамі гаспадыні ў школе, а потым выпраўляецца ў далёкае падарожжа, распавядаючы маленькаму чытачу пра тое, што ён сустракае на сваім шляху. Такія героі можа і не стануць сябрамі на ўсё жыццё, але некалькі вечароў разам з імі прабавіць можна. Хіба гэта кепска?

4. Кнігі па гісторыі Беларусі. Не палохайцеся, я не заклікаю выпраўляцца па навуковыя даследаванні, проста маю на ўвазе цікавую серыю выдавецтва “Пачатковая школа” “Гарады і гістарычныя мясціны Беларусі”. У яе межах ужо выйшлі кнігі пра Полацк, Гродна, Віцебск і Мінск. Рыхтуюцца — пра Магілёў і Гомель. Гэтыя выданні распавядаюць пра гісторыю і сучаснасць старажытных гарадоў, знаёмяць з выбітнымі дзеячамі, прыводзяць цікавыя факты. Кнігі выдатна ілюстраваныя, таму іх можна проста гартаць і разглядаць фотаздымкі. А адмыслова для дзетак тут змешчаны заданні і пытанні, што дапамогуць паўтарыць і лепш засвоіць матэрыял. Думаю, некаторым бацькам таксама не зашкодзіць іх пачытаць разам з малымі. Глядзіш — і даведаецеся нешта новае ці захочаце здзейсніць падарожжа па радзіме.

5. Пераклады. Замежныя аўтары і выдаўцы досыць пільна ставяцца да дзіцячай літаратуры. Тут ацэньваецца не толькі захапляльнасць сюжэта і сімпатычнасць героя, але і выхаваўчы патэнцыял кнігі, яе здольнасць навучыць чамусьці новаму. Таму калі вы бачыце на паліцы беларускай кнігарні пераклад сучаснага замежнага аўтара — можна смела класці такое выданне ў кошык. Тут твор прайшоў яшчэ праз адно сіта — ужо нашу перакладчыцка-выдавецкую сістэму. З ліку апошніх перакладаў варта згадаць кнігі шведскай пісьменніцы Юі Вісландэр “Мама Му чытае”, “Мама Му прыбірае” і “Мама Му танцуе” (выдавецтва “Мастацкая літаратура”), серыю аповесцей шведскамоўнай аўтаркі з Фінляндыі Тувэ Янсан пра мілых мумітроляў (выдавецтва Зміцера Коласа) і трохтомнік польскага пісьменніка і выдатнага педагога Януша Корчака “Кароль Мацюсь Першы”, “Кароль Мацюсь на бязлюдным востраве” і “Кайтусь-чарадзей” (выдавецтва “Логвінаў”).

6. Адмыслова складзеныя зборнікі. Каб доўгі час утрымліваць увагу дзяцей, ім увесь час трэба дэманстраваць нешта новае. Гэта справядліва і для чытання. Тон і стыль аднаго аўтара можа надакучыць, героі — стаць нецікавымі, а вершы маленькі чытач захоча замяніць прозай. У такім выпадку на дапамогу можа прыйсці зборнік твораў розных аўтараў. Вельмі зручна: не трэба шукаць новую кнігу, варта толькі перагарнуць старонку — і дзіця зноў зацікавіцца. “Маладзічок”, “Лучынка”, “Азбукоўнік і лічылка” (“Мастацкая літаратура”), гэтыя кнігі — і добрая чытанка, і выдатны спосаб навучыць новаму. Можна звярнуць увагу і на серыю “Бібліятэка часопіса “Вясёлка” (“Адукацыя і выхаванне”) У яе межах выходзяць зборнікі твораў, што ўжо публікаваліся на старонках “Вясёлкі”. Усе кнігі серыі можна ўмоўна падзяліць на тры групы: творы класікаў дзіцячай літаратуры, нашых сучаснікаў і выданні, што дапамогуць чытачам даведацца больш пра навакольны свет.

Так, да прыкладу, кніга “Таямніцы Дзеда Усяведа” — з ліку выданняў катэгорыі “забаўляйся і вучыся”. Мудры Дзед Усявед на яе старонках адказвае на самыя складаныя пытанні ўнука. Чаму павукі жывуць так высока, што туды нават не падымаюцца птушкі? Якая самая вялікая жывёла на нашай планеце? Калі прыдумалі марожанае? Колькі навальніц можа адбывацца адначасова? Не здзіўляйцеся, але дзед сапраўды усё ведае. Ён жа Усявед.

7. Кнігі катэгорыі “і для мам, і для дзяцей”. Вельмі складана вызначыць мэтавую аўдыторыю такіх выданняў. Здаецца, што яны напісаныя пра дзяцей і для дзяцей, але зусім новыя сэнсы ўзнікаюць, калі такія творы чытаюць дарослыя. Сюды я аднесла б кнігі Таццяны Сівец “Самы лепшы падарунак” (Выдавецкі дом “Звязда”, 2014) і Аксаны Спрынчан “Таташ Яраш, мамана Аксана і дачэта Альжбэта. Поўны эксклюзіў” (“Мастацкая літаратура”, 2013). Гэта гісторыі пра дзяўчынак, іх бацькоў, узаемаадносіны ў сям’і. Дзецям яны даюць магчымасць нібыта зазірнуць у жыццё такіх жа дзяцей, а бацькам — панастальгіраваць пра час, калі яны самі былі маленькімі, а таксама запазычыць метады выхавання, гульні, спосабы весела бавіць час з малымі.

Марына Весялуха

спецыяльна для Таварыства беларускай мовы

Каментары

Госць 2014-10-13 15:30:04

Тое-сёе для дзетпак ёсьць тут: http://knihi.by/spis/dzietkam/knihi-dzietkam

Guest 2014-10-13 20:17:29

А во яшчэ цікавы сайт: http://kazki.unicef.by


← вярнуцца ў навіны