Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Адкрыць у сабе Беларусь…

2014.09.21 0

Пра тое, як філарманічную сцэну яна змяніла на рамантыку бардаўскага жыцця, пра ўплыў песні і танца на фармаванне нацыянальнага характару  а таксама пра тое, што без веры не адродзіцца Беларусь – гутарка з вядомай спявачкай Таццянай Грыневіч-Матафонавай.

Эдуард Акулін: -- Спадарыня Таццяна, якую падзею ў сваім жыцці вы лічыце знакавай, лёсавызначальнай?

Таццяна Грыневіч-Матафонава: -- Мне было тады 2 гады. Дзядзька, пачуўшы, як я, бегаючы па хаце, напяваю сабе песенькі, сказаў: “Будзе мая пляменніца спявачкай.”Гэтыя словы, як зярняткі, прараслі з маёй падсвядомасці, калі мне споўнілася 16 гадоў.З таго часу ўсё жыццё было аддадзена спевам.Такі ж лёс раздзяляе са мной сыночак Адась, які спявае з самага маленства.

Э.А. – Чаму менавіта нараджэнне сына, а не нейкая іншая падзея, падштурхнула вас размаўляць і спяваць па-беларуску?

Т. Г.-М. -- А што застаецца маці, калі нараджаецца беларус? Толькі размаўляць і спяваць па-беларуску.  Яшчэ за некалькі гадоў да нараджэння сына пачалося маё звяртанне да мовы праз захапленне архітэктурай, гісторыяй, літаратурай, культурай Беларусі… Але толькі з нараджэннем дзіцяці я нарэшце адкрыла Беларусь у сабе, бо бацькоўскі прыклад заўжды  мусіць граць  галоўнейшую ролю ў выхаванні чалавека.

Э.А. – Як вы, філарманічная артыстка, прафесійная спявачка апынуліся ў сябрыне выканаўцаў аўтарскай песні?

Т. Г.-М. -- Неяк так сталася, што два Зміцеры – Бартосік і Сідаровіч прынялі мянеў сваю бардаўскую кампанію, і мы ездзілі на сустрэчы з дзецьмі па школах, дзе я спявала вядомыя беларускія песні “Мой родны кут”, “Спадчыну”, “Зорку Венеру”. Але вядома, каб бардам звацца, трэба пісаць песні самому. А каб трапіць у залатую сотню бардаў свабоды, то трэба і не адну песню напісаць, ды яшчэ і на ўласны верш. Так з лёгкай рукі Зміцера Бартосіка я прыбілася да берага  бардаўскай песні...

Э.А. – Ведаю, што вам асабліва падабаецца спяваць рамансы. Як бы вы ацанілі сённяшні стан беларускага раманса?

Т. Г.-М. -- Вось думаю, ці за дзесяць год працы ў філармоніі сустракаўся мне ў афішы ”Вечар беларускага раманса”? Баюся, што не. Адзінае, хочацца верыць, што гэта я такая няўважлівая .

Э.А. – З гэтай прычыны і ўзнікла ідэя запісу альбома “Шыпшына”? Што сабой уяўляе гэтая кружэлка?

Т. Г.-М. -- Так. Вітаўт Мартыненка на працягу некалькіх гадоў  мне казаў, што трэба запісаць кружэлку рамансаў, бо ў нас такой няма. Вось за гэтыя некалькі гадоў, дзякуючы сябрам, і сабраўся адпаведны матэр’ял. Кірыл Насаеў  параіў звярнуцца да творчасці Элы Зубковіч і Канстанціна Галкоўскага. Аляксей Крукоўскі, з якім мы граем народныя танцы, сказаў, што абавязкова трэба праспяваць песню з кінафільма”Гадзіннік спыніўся апоўначы”. Канешне, я не магла абыйсці ўвагай і творчасць цудоўнага беларускага паэта Сяргея  Новіка-Пеюна. Таксама на кружэлцы прадстаўлены некалькі маіх рамансаў.

Э.А. – У суаўтарстве са Зміцерам Сідаровічам вы спрычыніліся да выхаду ў свет “Дзіцячага альбому”? Колькі слоў пра гэты праект. Каму належала ідэя запісу дзіцячых песень? Як ішла праца над кружэлкай? Хто прыняў непасрэдны ўдзел у запісе?

Т. Г.-М. -- Дзіцячы альбом складаецца з дзвюх частак, у першай -- беларускія народныя дзіцячыя песні, якія, як пасля аказалася, ужо 100 год таму Антон Грыневіч уклаў у свой дзіцячы спеўнік, у другой – падборка калядных і школьных песень. Ідэя такога праекту прыйшла да нас адначасова са Зміцерам Сідаровічам падчас адной з размоваў пра выхаванне нашых дзяцей -- Адася і Тамаша. У той жа вечар дома знайшлася кніга з народнымі дзіцячымі песнямі і пачалася праца, якая цягнулася добрых сем гадоў. Галоўнымі выканаўцамі песень былі Адась і Тамаш, якім на момант першых запісаў у студыі было 5 і 8 гадоў. Дарэчы, яны і зараз працягваюць спяваць разам, толькі ўжо дарослымі галасамі. Спадзяюся  некалі гэтыя маленечкія зорачкі заззяюць напоўніцу…

Э.А. – Большасць беларускіх выканаўцаў аўтарскай песні падыходзяць да сваёй дзейнасці спантана… Выхад іхніх альбомаў, як правіла, эклектычны і непаслядоўны. У вашай жа дыскаграфіі назіраецца цэльная канцэпцыя. Вы выдалі некалькі тэматычных альбомаў. Сярод іх альбомы з дзіцячымі, каляднымі і школьнымі песнямі. Якой будзе тэматыка наступнай кружэлкі?

Т. Г.-М. -- Так, плюс быў яшчэ аўдыёдапаможнік для настаўнікаў і дзяцей па беларускай літаратуры, у якім можна знайсці ўсе вершы з 4 па 11 клас, якія вучацца на памяць, а зараз ужо амаль падрыхтаваны да выдання працяг аўдыёдапаможніка, у якім сабраны вершы для выразнага чытання, якія праходзяць у школе цяпер, і тыя, якія былі з розных прычынаў скарочаны са школьнай праграмы. Зараз у працэсе рэалізацыі маюцца яшчэ два вялізныя праекты. Гэта “Галасы паэтаў”, ды кружэлка з беларускімі народнымі танцамі. Ну і, вядома, не губляю надзею дарабіць зноў жа распачаты працяг “Паспевак” – песні ды пераклады Сержука Сокалава- Воюша. Яшчэ я абяцалася, што буду займацца жаўнерскімі песнямі, дык і займаюся. Але, на жаль, не ўсё рабіцца так хутка, як хочацца.

Э.А. – Каго з беларускіх музыкаў вы лічыці сваёй “раднёй па духу”? Чыя паэзія кладзецца на музыку вашай душы?

Т. Г.-М. – Усіх, з кім я калісьці супрацоўнічала, можна лічыць роднымі па духу, бо без духоўнага адзінства ці атрымалася б супрацоўніцтва? Тое ж скажу і пра паэзію. Музыка маёй душы ўжо пакладзена на вершы Сержука Сокалава- Воюша, Ларысы Геніюш, Натальлі Арсенневай, Рыгора Барадуліна, Ніны Мацяш, Генадзя Бураўкіна. А паэзія Міхася Скоблы, праўда пакуль што без музыкі, вельмі натхняе мяне ў кожны наш сумесны выступ.

Э.А. – Цягам трох гадоў вы супрацоўнічалі з хорам праваслаўнага сабора Гайнаўкі. Зварот да царкоўных песнаспеваў – чыста прафесійнае ці духоўнае памкненне?

 Т. Г.-М. -- Калі прафесіяй займаешся ад душы, то рана ці позна духоўнасць прыйдзе,  тым больш, калі твая прафесія звязана з харавымі спевамі.

Э.А. – Якое ў вашым жыцці месца займае вера? На якой мове вы звяртаецеся да Бога?

Т. Г.-М. -- Ужо доўгі час я, звяртаючыся да каго б то ні было, ужываю беларускую мову. А да Бога сам Творца загадаў звяртацца на роднай мове. У жыцці я кожны дзень малюся за родных, блізкіх, сяброў і ворагаў. Лічу, што  без веры не адродзіцца Беларусь…

Э.А. – Аднойчы вы сказалі, што песня і танец фармуюць беларускі характар… А што тады рабіць абдзеленым голасам і слыхам людзям? Ці існуе ў Мінску народная школа танца, і як туды трапіць?

 Т. Г.-М. --  Навошта ж так бязлітасна  казаць пра абдзеленасць? Кавалак дрэва, калі над ім добра папрацаваць, можа  ператварыцца  ў скрыпку… Калі ж доўга пасядзець і папрактыкавацца ў музыцы, то й скрыпка нарэшце загучыць. Хто паверыць, што я сама калісьці была абдзелена голасам? Так што наведвайце вечарыны народнага танца разам з капэлай “На таку” і клубам “Сіта” і забудзьце пра тое, што хтосьці чымсьці абдзелены. Пакуль што вечарыны праходзяць у верхнім горадзе кожную нядзелю з 18-й да 21-й гадзіны, але неўзабаве пяройдуць на закрытую пляцоўку. Больш дакладную інфармацыю можна знайсці ў фэйсбуку, адкрыўшы старонку “Сіта”, ці ў кантакце -- суполка “Беларускія народныя танцы”.

Э.А. – Ці згодны вы з тым, што “каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць”? Дзе вам пашчасціла прадстаўляць беларускую песню за мяжой? Дзе беларуская песня больш запатрабаваная – на Радзіме ці за межамі Беларусі?

Т. Г.-М. -- У 2009 годдзе мы са Зміцерам Сідаровічам прадстаўлялі ў Ню-Ёрку і Кліўлендзе  не толькі беларускую песню, але й беларускі народны танец. Склалася такое ўражанне, што беларусы, якія жывуць за акіянам з большай цеплыней нясуць Беларусь у сваіх сэрцах, чым тыя, хто ні разу не выязджаў з Беларусі. Таму сапраўды, “каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць”, толькі б не забываць вяртацца…

Э.А. – Як актыўная ўдзельніца кампаніі “Будзьма беларусамі”, вы частая госця беларускай глыбінкі. На вашу думку -- кампанія вычарпала сябе? Ці ў яе наперадзе вялікія перспектывы? Якую форму дзейнасці кампаніі вы лічыце найбольш запатрабаванай?

Т. Г.-М. -- На маю думку, у кампаніі “ Будзьма беларусамі!” наперадзе працяг вялікай працы, якая ўжо колькі год паспяхова вядзецца.

Э.А. – Па сабе ведаю, што асабліва хваляўніча і адказна выступаць перад землякамі… Ці бываеце вы з канцэртамі на малой Радзіме? Як беларускую песню ўспрыймаюць у Ашмянах?

 Т. Г.-М.—Канешне, бываю. А беларускую песню ўспрымаюць выдатна не толькі ў Ашмянах, але паўсюль,  дзе адбываюцца мае выступы.

Э.А. – Гледзячы на манеру вашага выканання, вы вельмі трапяткі і эмацыйны чалавек… Ці можна пачуццё, якое вы перажываеце на сцэне, назваць шчасцем?

Т. Г.-М. – Так.  Гэта сапраўднае шчасце… 

Эдуард Акулін 

спецыяльна для Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны 


← вярнуцца ў навіны