Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Не люблю жыццёвай мітусні…

2014.09.18 0

Ен сапраўдны ўлюбёнец канцэртнай публікі. Яго па праву называюць народным бардам Беларусі, бо так самааддана і самаахвярна ў жанры аўтарскай песні на Беларусі не працуе ніхто… Ён па-філасофску глядзіць на жыццё і “не шкадуе ні аб чым”, хоць  часам марыць вярнуцца ў “дождж першага кахання і сваёй маладосці”… Ён – гэта вядомы беларускі паэт і бард Алесь Камоцкі.

Эдуард Акулін: — Алесь, я ведаю, што цябе шмат што звязвае з горадам Барысаў… Распавядзі, што канкрэтна… Падазраю, што першая гітара ў тваім жыцці была барысаўскай вытворчасці?

Алесь Камоцкі:Я барысаўскі хлопец. Там я нарадзіўся. Там прайшло маё дзяцінства. Там я закончыў школу і там, дарэчы, у дзесятым класе ў мяне з’явілася першая гітара.

Э.А. — Мала каму вядома,што ты маеш дзве адукацыі. Спачатку была вучоба ў Маладзечанскай музычнай вучэльні, калі не памыляюся — па класе кларнета, а пасля філасофскі факультэт БДУ. І ўсё ж урэшце рэшт музыка перамагла. Чаму?

А.К. — Калі ты думаеш, што ў сувязі з гэтым у маёй душы адбылася Грунвальдская бітва, ты глыбока памыляешся. Для мяне гэтыя два паняцці мірна суіснуюць. Больш за тое, я лічу, што музыка, песня можа мець філасофскае гучанне, і наадварот, філасофскі трактат часам гучыць як музычная араторыя…

Э.А. — Якая падзея ў тваім жыцці стала імпульсам для звароту да бардаўскай песні?

А.К. — У сярэдзіне сямідзесятых гадоў я ўпершыню ўбачыў па тэлевізіі Грушынскі фестываль і быў вельмі ўражаны, што звычайная бардаўская песня здольная збіраць пад сваім сцягам дзесяткі тысячаў людзей. А потым было захапленне творчасцю Акуджавы, Нікіціна, Доліна…

Э.А. — Ты імкнуўся пераймаць іх манеру выканання?

А.К. — Не. Я проста спяваў іхнія песні, як падказвала мне маё сэрца.

Э.А. — Твой дэбютны альбом называўся «Першы сшытак»(1986). Ты выконваў песні на словы У. Караткевіча, М. Багдановіча, Я. Сіпакова… І ніводнай песні на ўласны тэкст! Ці памятаеш ты сваю першую песенную ластаўку? Які гэта быў год?

А.К. — Дакладна не памятаю. Здаецца, 1982 ці 1983-ці год.

Э.А. — І як называлася твая першая песня?

А.К. — Нешта пра туманы…

Э.А. — Туманны адказ... Ад першага музычнага сшытка да першай «Спробы ісці па расе» (1997) — твайго першага зборніка вершаў, прайшло 11 гадоў. Гэта ладны кавалак жыцця. Чым ты займаўся ў гэты час? Толькі не кажы, што жыў…

А.К. — Піў…

Э.А. — У 1999 годзе выходзіць твой альбом «Зорка спагады» , які ты напісаў цалкам на вершы Рыгора Барадуліна. Што для цябе дало творчае супрацоўніцтва з прызнаным майстрам беларускай паэзіі? Бо пэўны час існавала думка, што паэзія Барадуліна занадта складаная для музычнага ўвасаблення. Ці так гэта?

А.К. — Я так не лічу. Музыка ў паэзіі Барадуліна закладзеная ад пачатку. Гэта душа Барадулінскага верша.

Э.А. — І як пачалося вашае творчае сумоўе?

А.К. — Неяк мы разгаварыліся з дзядзькам Рыгорам. Я сказаў яму, што не магу пісаць «рамансную лірыку», бо Барадулін па-сутнасці мяне апярэдзіў. А Рыгор Іванавіч паскардзіўся, што, на вялікі жаль, не валодае гітарай. Мы вырашылі аб’яднаць нашыя творчыя намаганні. І такім чынам нарадзілася песенная «Зорка», зорка нашай узаемнай спагады…

Э.А. — Наступным крокам вашага супрацоўніцтва стаў выхад сумеснага альбома «Псальмы». (2000 г.). Зварот да духоўнай паэзіі для цябе выпадковы эпізод у творчай біяграфіі ці нешта большае? Ведаю, што ў касцёле ты бываеш рэгулярна, я маю на ўвазе касцёл Сымона і Алены, у якім праходзяць твае канцэрты. А як часта ты бываеш у царкве, каб паразумецца з Богам? Ці дапамагае табе вера?

А.К. — Праца над «Псальмамі» вялася паралельна з запісам «Зоркі спагады». Аб сваіх паразуменнях з Богам я не люблю гаварыць публічна. Лічу гэтую справу глыбока асабістай, нават інтымнай .У царкве бываю па святах: на Каляды, на Вялікдзень, на Тройцу і на Дзяды. Без веры не можна жыць. Бязвер’е забівае.

Э.А. — Алесь, колькі цябе ведаю, а ведаю ўжо амаль дваццаць гадоў, ты заўсёды стрыманы і спакойны, ветлівы і лагодны. Ты насамрэч такі ці толькі «прыкідваешся»? Бо, як кажуць, у ціхім балоце чэрці водзяцца… Ды і творчасць, асабліва бардаўская, гэта самаспаленне, самаўкрыжаванне… У сувязі з гэтым — ты азартны чалавек?

А.К. — Я, як ты кажаш, не прыкідваюся. Я насамрэч такі. Не люблю жыццёвай мітусні. Азарт — гэта д’яблальская спакуса.

Э.А. — Вядома, што аднойчы, каб заваяваць прыхільнасць сваёй музы Марыны Ўладзі, Уладзімір Высоцкі выклаў падлогу гатэльнага нумару апельсінамі. На які рамантычны ўчынак здольны паэт і бард Алесь Камоцкі? Ці можаш згадаць нешта падобнае са свайго творчага лёсу?

А.К. — Магу, але не хачу. І наогул лічу ўчынкі такога кшталту неапраўданай бравадай. Магчыма, я больш прагматык, чым рамантык.

Э.А. — Ну а хоць кветкі ты любіш дарыць жанчынам?

А.К. — Страшэнна люблю. І не толькі кветкі. Мне падабаецца ўвасабляць мары блізкіх людзей у рэальнасць.

Э.А. — Ты часта вандруеш па Беларусі, і не толькі, з канцэртнымі праграмамі. Ці можаш прыгадаць самы кур’ёзны выпадак з тваёй бардаўскай адысеі?

А.К. — А чаму не сур’ёзны?

Э.А. — Жыццё і так занадта сур’ёзная рэч.

А.К. — Згодны. А кур’ёзы здараліся… Аднойчы, пад час першага майго прыезду ў Варшаву, я даверыў несці гітару на канцэрт свайму сябру Багдану Сіманенку. І такім чынам мы выйшлі на сцэну. Спачатку Багдан, затым я. Вядома што публіка чалавека з гітарай прыняла за Камоцкага. Багдан сарваў неверагодную авацыю публікі. Гэта яму вельмі спадабалася, і ён паўтараў гэты жарт пазней неаднойчы ў іншых месцах.

Э.А. — Апошнія гады уўкультурным жыцці Беларусі праходзіць пад сцягам кампаніі «Будзьма беларусамі!». Тваё стаўленне да гэтай ініцыятывы. Ці патрэбныя нам акцыі такога кшталту?

А.К. — Гэта мая кампанія. Яе ўзнікнення я чакаў ад пачатку дзевяностых гадоў. Кампанія дапамагае мне жыць і тварыць, а таксама сустракацца з маімі слухачамі літаральна па ўсёй Беларусі.

Э.А. — Неаднойчы быў сведкам, з якой любоўю і павагай да цябе ставяцца маладыя творцы. Ты сябе паводзіш з імі, як гуру, ці гэта прыязнасць узаемная? Каго з маладых беларускіх бардаў ты мог бы назваць сваімі вучнямі?

А.К. — Гэта Анатоль Сыс быў «гуру» для маладых. А я стаўлюся да іх як да роўных. І стараюся навучыць іх жыццю на ўласных памылках.

Э.А. — На тваіх?

А.К. — Так. На сваіх яны яшчэ паспеюць навучыцца. А таленавітай моладзі сёння шмат. Назаву толькі некаторых: Павел Кузін, Таня Беланогая, Алесь Наркевіч…

Э.А.  — Мне вельмі імпануе твая канцэпцыя назову сваіх твораў. А найбольш твой музычны трыпціх: «Дым», «Дом», «Дах». Але неўзабаве з лексічных ты перайшоў на матэматычныя назвы. Я маю на ўвазе твой паэтычны зборнік «48» і песенны альбом «9». Гэта выпадковы збег лічбаў ці свядомая спроба астральнай варажбы?

А.К. — Мне падабаецца шаманіць з лічбамі…

Э.А. — А не баішся, што з нябёсаў 9.09.2009 чытаецца ў перакуленым выглядзе?

А.К. — Спадзяюся, што Той, хто чытае з нябёсаў, ведае, як правільна гэта рабіць…

Э.А. — Ты маеш яшчэ адзін незвычайны музычны праект: альбом «З бацькоўскай кружэлкі». Запісваючы яго, сабе ў суаўтары ты ўзяў М.Ісакоўскага, А.Пахмутаву, М.Матукоўскага… Не страшна было спаборнічаць з мэтрамі расійскай песні. І наогул, як гэты праект быў успрыняты публікай?

А.К. — Я ні з кім не спаборнічаў… Проста рабіў сваю справу. На маё ўласнае здзіўленне, праект вельмі прыхільна быў сустрэты публікай. Неверагодна, але літаральна за пару месяцаў разышоўся тысячны наклад кружэлкі…

Э.А. — «Вось так сядзець, калісь, і бачыць дождж… // Да вечара, які калісьці будзе, // Кудысьці пазнікалі дні і людзі. // Ёсць толькі дождж // І ўпоперак, і ўдоўж…» Гэта з твайго верша са зборніка «48». Мяркуючы па ім, цябе можна назваць «чалавекам дажджу». Я дзесьці чытаў, што людзі, закаханыя ў дождж, вельмі шчаслівыя. Ці лічыш ты сябе «шчасліўчыкам» лёсу? Калі б была магчымасць пражыць жыццё нанова, ці ўвайшоў бы ты ў другі раз у той самы дождж?

А.К. — На жаль, такой магчымасці не падвернецца. А наогул, я не шкадую ні аб чым. І калі б з’явілася магчымасць увайсці ў той самы дождж, не раздумваючы, зрабіў бы гэта, асабліва калі б гэта быў дождж першага кахання, дождж маёй маладосці  

 

Эдуард Акулін 

спецыяльна для Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны

 


← вярнуцца ў навіны