Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Алесь Старыкевіч: ў дэлегатаў Усебеларускага кангрэсу за незалежнасць павінна быць гранічна простая мэта

2014.09.15 0

30 жніўня з ініцыятывы вядомых грамадскіх дзеячоў і навукоўцаў Алены Анісім і Алега Трусава ў Мінску створаны аргкамітэт па падрыхтоўцы і правядзенню Усебеларускага кангрэсу за незалежнасць Беларусі. Але падобны форум ўжо зафіксаваны ў найноўшай гісторыі краіны. З ініцыятывы і пад кіраўніцтвам вядомага беларускага журналіста Алеся Старыкевіча 14 гадоў таму, 29 ліпеня 2000 году ў Мінску адбыўся Усебеларускі з’езд за незалежнасць. Яго сустаршынямі былі паэты Рыгор Барадулін і Генадзь Бураўкін, акадэмік Радзім Гарэцкі і гісторык Анатоль Грыцкевіч. На з’ездзе 1. 376 дэлегатаў прадстаўлялі 227 арганізацый, розныя колы грамадства і ўсе рэгіёны краіны. Дэлегаты прынялі “Акт незалежнасці Беларусі”. У ім адзначаецца, што рэальную пагрозу суверэнітэту краіны нясе дамова аб стварэнні Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, падпісаная 8 снежня 1999 году. У сувязі з гэтым акт не прызнае законнымі любыя пагадненні і рашэнні, скіраваныя на скасаванне альбо абмежаванне суверэнітэту Беларусі. Акт заклікаў беларускіх грамадзянаў бараніць незалежнасць Бацькаўшчыны, а сусветную супольнасць – забяспечыць гарантыі суверэнітэту Рэспублікі Беларусь. Грамадскасці будзе цікава пазнаёміцца з абставінамі, пры якіх рыхтаваўся і праводзіўся Усебеларускі з’езд за незалежнасць. Пра гэта карэспандэнту НЧ распавёў кіраўнік працоўнай групы аргкамітэту з’езду Алесь Старыкевіч.

Напрыканцы 1999 году ў сувязі з падпісаннем дамовы пра стварэнне саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі было адчуванне, што страта незалежнасці вельмі-вельмі рэальная. Было зразумела, што супрацьстаяць сілай гэтаму няма аніякай мажлівасці. І ўзнікла думка, што трэба прыняць адмысловы дакумент, які б засведчыў імкненне беларускага народа да дзяржаўнасці і незалежнасці. Прычым, скажу шчыра, быў не столькі разлік на тое, што гэты дакумент спыніць нейкія працэсы, колькі на тое, што ў выпадку дрэннага развіцця падзей гэты дакумент можа стаць падставай для вяртання незалежнасці праз некаторы час. Як абвяшчэнне БНР у 1918-м транзітам праз БССР дазволіла Беларусі стаць незалежнай дзяржавай у 1991-м…

Я не збіраўся займацца падрыхтоўкай з’езду, бо заўсёды працаваў журналістам і не меў нейкага досьведу арганізацыйнай працы. Меркавалася, што зварот за подпісамі 15 асобаў, досыць вядомых у краіне, з ідэяй правядзення з’езду перадаецца ў партыі дэмакратычнай апазіцыі на рэалізацыю, бо ў іх ёсць неабходныя структуры для правядзення форуму. Але лідары большасці партый паставіліся да гэтай ідэі раўніва, бо гэта не сыходзіла ад іх. Паколькі ніхто з гэтых людзей не збіраўся падключацця да падрыхтоўкі з’езду, ініцыятарам ідэі самім давялося брацца за гэты гуж. Сустаршыні аргкамітэту – Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Радзім Гарэцкі і Анатоль Грыцкевіч прапанавалі Васілю Быкаву далучыцца да працы аргкамітэту. Але ён ветліва адмовіўся, паколькі знаходзіўся па-за межамі Беларусі. І хоць сустаршыні не займаліся штодзённей арганізацыйнай працай, аднак мушу падкрэсліць, што без іх з’езду б не было. Бо аўтарытэт гэтых выбітных людзей дазволіў невялічкай працоўнай групе з чатырох чалавек падрыхтаваць найбуйнейшае мерапрыемства апазіцыі ў закрытым памяшканні за ўсю гісторыю.

Ідэя была такая, што дэлегаты на з’езд абсалютна празрыста вылучаюцца як ад арганізацый, так і сходамі грамадзянаў. Мы ўклалі шмат намаганняў, каб спрыяць гэтаму вылучэнню. Я сам едзіў па рэгіёнах і, дарэчы, сустракаў досыць сур’ёзную падтрымкў сярод тых шараговых актывістаў апазіцыі, лідары якіх ад пачатку сабатажна паставіліся да ідэі з’езду Спачатку было цяжка, тым больш, што былі спробы пэўных інфармацыйных атак супраць арганізатараў з’езду ў недзяржаўнай прэсе. Аднак адкрытая сістэма, у якой мы працавалі, падтрымка людзей на месцах і аўтарытэт сустаршыняў аргкамітэту дазволілі давесці справу да ладу.

Трэба мець на ўвазе, што тады яшчэ можна было зарэндаваць Палац культуры Мінскага тонкасуконнага камбінату, што і было зроблена. І пачалося вельмі шмат абсалютна простай будзённай працы. Прычым, у нашай працы не было аніякіх сакрэтаў, акрамя вялікага жадання зрабіць нешта для захавання незалежнасці. Сябры працоўнай групы рабілі гэта сумленна, з энтузіазмам і поўнай аддачай. Нечаканасцяў было дзве. Першая, што спадзяваліся на падтрымку апазіцыі, а атрымалі яе ў вельмі абмежаваным выглядзе. А другая, што ўлада не перашкаджала нашай працы, бо ў краіне змянілася сітуацыя. Калі ў 1999 годзе Аляксандр Лукашэнка бачыў хворага Барыса Ельцына і пайшоў у Крэмль напрасткі, спадзяючыся, што будзе кіраўніком саюзнай дзяржавы, дык раптам на арэне з’явіўся Уладзімір Пуцін і кіраўніку беларускай дзяржавы давялося змяніць курс. Вось чаму нашае мерыпрыемства ўладу моцна не раздражняла. Натуральна, яна не разглядала нас у выглядзе нейкіх хаўруснікаў, але і сур’ёзна не шкодзіла нашай працы. У выніку на з’езд было вылучана каля 1.500 дэлегатаў з 117 раёнаў Беларусі. Наш сход атрымаў шэраг прывітанняў з-за мяжы, у тым ліку ад тагачаснага прэзідэнта Чэхіі Вацлава Гавела і старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы.

Сярод тых, хто дапамог ў падрыхтоўцы з’езду, трэба адзначыць Таццяну Процьку, Генадзя Грушавога, Уладзіміра Роўду, Ніну Шыдлоўскую. Яўгена Лабановіча, Валянціну Палевікову, Ірыну Германовіч, Сяржука Бахуна, Аляксея Караля, Вячаслава Сіўчыка, Іосіфа Навумчыка, Таццяну Ваніну, Юрася Беленькага і шмат-шмат-шмат іншых… Да з’езда спрычыніліся нават ліберал-дэмакраты, якія надрукавалі і прывезлі мноства ўлётак. Сам з’езд прайшоў, на дзіва, вельмі прыстойна, улічваючы, што заля была перапоўненая і людзі занялі ўсе праходы. Паколькі з’явіліся пажарныя і прадстаўнікі сілавых структураў, якія запатрабавалі вызваліць праходы, мне давялося разрульваць гэтую сітуацыю і дамаўляцца. Аднак каманды “фас” сілавікі ўсе ж не атрымалі, таму аніякіх эксцэсаў пад час з’езду не адбылося. Я цешуся шляхетнымі паводзінамі дэлегатаў, якіх з’яднала і ўзняла ідэя незалежнасці Бацькаўшчыны.

На Дзень Волі 25 сакавіка 2001 году адбылося ўрачыстае падпісанне “Акту незалежнасці Беларусі” у прысутнасці дыпламатычных прадстаўнікоў замежных краін.

І сёння, калі створаны аргкамітэт Усебеларускага кангрэсу за незалежнасць Беларусі, жадаю яго сябрам вылучыць гранічна простую, ясную і разумную мэту. Так рабілі мы. І гэта было падтрымана людзьмі.

Марат Гаравы


← вярнуцца ў навіны