Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Алена Анісім: Патрэбная дзяржаўная праграма па папулярызацыі роднай мовы

2014.09.02 1

Новы навучальны год пачаўся 1 верасня, але сітуацыя з беларускамоўным навучэннем застаецца сумнай. Намеснік старшыні Таварыства беларускай мовы Алена Анісім распавядае, што сёння трэба больш працаваць з бацькамі, а таксама неабходныя рэформы на дзяржаўным узроўні. 

Напрыклад, у мінулым годзе ў беларускамоўных класах Менска навучалася ўсяго 1,6% школьнікаў. Гэта зусім малая лічба. Зараз сітуацыя ў лепшы бок не змянілася. Па ўсёй рэспубліцы.

Алена Анісім: Тэндынцыі да паляпшэння не адчуваецца. Хіба што можна казаць пра нейкія дэкларатыўныя рэчы. Але ж тут шмат што залежыць ад саміх людзей. Калі яны не будуць разумець таго, што дзяцей трэба навучаць на мове, што неабходна ствараць беларускамоўнае асяроддзе, то нічога не зменіцца. Можна, безумоўна, зверху аддаваць загады, але гэта не азначае, што знізу будзе падтрымка. Патрэбен узаемны рух.

РР: Чаму бацькі так неахвотна аддаюць дзяцей у беларускамоўныя класы?

Алена Анісім: Таму што не бачаць у гэтым доўгатэрміновых перспектываў. Маўляў, сёння беларускамоўны клас ёсць, а заўтра яго можа не стаць. А бацькам жа хочацца нейкай прадказальнасці ў паводзінах, таму што размова ідзе пра іх дзетак. Трэба прызнаць, сітуацыя насамрэч катастрафічная.

РР: Якой яна вам бачыцца яна праз 5-10 гадоў?

Алена Анісім: Трэба працаваць на тое, каб у грамадстве саспела думка, што ўсё ва ўласных руках. Не варта спадзявацца, што гэтыя пытанні вырашыць нейкі чыноўнік. Мы зараз бачым, што многія маладыя людзі гуртуюцца, стараюцца штосьці рабіць у плане беларускамоўнай адукацыі. Але трэба падключаць найноўшыя сродкі. Нейкія адукацыйныя праграмы на тэлебачэнні, нешта яшчэ. Там ёсць нейкія асобныя штрыхі, але ж неабходна выразная дзяржаўная праграма. Напрыклад, у 70-я, калі мы навучаліся, быў цэлы шэраг беларускамоўных дзяржаўных адукацыйных праграм. Была такая рэч, як “Тэлебачанне – школе”. Зараз гэтага практычна няма. І настаўнік мусіць сам быць наватарам. Дзяржаўная праграма магла б вырашыць пытанне, як праз адукацыю, культурную працу, прасоўваць беларускую мову ў грамадства. Мова тады жыве, калі навокал будзе беларускамоўнае асяроддзе.

РР: А зараз такой праграмы няма?

Алена Анісім: Ва ўсялякім разе, я пра такую не ведаю.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

 

 

Каментары

Госць 2015-06-26 15:11:38

Цікава калі б патрэбна была праграма па папулярызацыі нямецкай мовы ў Германии.Это быў бы абсурд ў пераможанай стране.До чаго дайшло што мову краіны трэба папулярызаваць.


← вярнуцца ў навіны