Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Прэзентацыя першых двух тэстаў па беларусай мове як замежнай

2014.08.29 0

Аўтары-складальнікі кніжак – выкладчыкі шэрагу вышэйшых навучальных установаў краіны – Белдзяржуніверсітэта, Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта і Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Вольга Барысенка, Ларыса Кныш, Уладзімір Куліковіч, Алеся Літвіноўская, Таццяна Рамза і Аксана Семянькевіч. Яны падрыхтавалі выданні сумесна з сябрамі ТБМ, якое ініцыявала гэты праект.

Як адзначалася на прэзентацыі, кніжкі з’яўляюцца першай у Беларусі спробай стварэння цыклу з шасці пробных тэстаў для ацэнкі валодання беларускай мовай як замежнай на розных узроўнях – ад элементарнага, побытавага да дасканалага. Выданні -- складнік вялікага навучальна-метадычнага комплексу “Сертыфікат беларускай мовы як замежнай”. Тэсты рыхтаваліся на аснове Агульнаеўрапейскіх кампетэнцый валодання замежнай мовай: вывучэнне, выкладанне, ацэнка (CEFR). У лістападзе 2001 года Савет Еўразвязу прыняў рэзалюцыю, у якой рэкамендаваў CEFR у якасці асновы для стварэння нацыянальных сістэм ацэнкі моўнай кампетэнцыі.

Актуальнасць гэтай працы выклікана шэрагам акалічнасцяў. На сёння ў многіх краінах свету ёсць распрацаваныя сістэмы ацэнкі ведаў нацыянальных моў. Прычым, гэта тычыцца не толькі краінаў – сябраў Еўразвязу, але і іншых міждзяржаўных утварэнняў. Так, у нядаўна створаным Мытным звязе (у які ўваходзіць Беларусь) і Расія, і Казахстан маюць распрацаваныя і зацверджаныя на дзяржаўным узроўні сертыфікаты нацыянальных моў (у Казахстане, напрыклад, гэта “Казтэст”). На жаль, Беларусь пакуль не далучылася да гэтага шэрагу. Вось чаму ў нашай краіне пытанне сертыфікацыі беларускай мовы як замежнай язяла на сябе няўрадавая структура – Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны.

Кніжкі накіруюць на апрабацыю, якая цягам навучальнага году будзе праводзіцца ў шэрагу сталічных ВНУ, у Беластоцкім і Варшаўскім універсітэтах (Польшча), у Пражскім універсітэце (Чэхія), а таксама ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільнюс, Літва), дзе навучаюцца замежныя студэнты. Пасля ацэнкі тэстаў замежнымі экспертамі па гэтай праблеме запланавана правядзенне міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, а на працягу некалькіх наступных гадоў -- падрыхтоўка і выпуск шэрагу падручнікаў па беларускай мове для іншаземцаў.

Мяркуецца, што тэсты стануць крытэрыям для ацэнкі ўзроўню валодання беларускай мовай замежнымі дыпламатамі, гісторыкамі, бізнэсоўцамі, журналістамі, культуролагамі, палітолагамі, навукоўцамі-гуманітарыямі, каб яны маглі займаць пэўную пасаду, а таксама для замежных студэнтаў, якія вывучаюць беларускую мову, і мігрантаў, якія пасяліліся на Беларусі і хочуць атрымаць від на жыхарства ці грамадзянства.

Астатнія чатыры кніжкі тэстаў кіраўніцтва грамадскага аб’яднання збіраецца выдаць да XII з’езду ТБМ, які адбудзецца ў Мінску 26 кастрычніка бягучага году.

Марат Гаравы

Аўтары-складальнікі тэстаў (злева направа) Вольга Барысенка, Аксана Семянькевіч (абедзве – Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт) і Алеся Літвіноўская (амбасада Швецыі) Каардынатар выдання, першы намеснік старшыні ТБМ Алена Анісім.

← вярнуцца ў навіны