Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

ПрыкладнАя беларуская лацінка

2014.08.27 7

 Выява ўзятая з сайта lacinka.com.

Перад чэмпіянатам свету па хакеі ў Менску ў гэтым пытанні адбылася важная з’ява - перамагла прыймальная для большасці прасунутай нацыянальнай супольнасці форма беларускага лацінскага алфавіту. Гэтая форма запанавала на вывесках у метро і ў некаторых іншых месцах, звязаных з транспартам і дарожнымі ўказальнікамі, каб цешыць зрок і душу кожнага беларуса. Гэтая форма на тры знакі (два выпалі, адзін з’явіўся) адрозніваецца ад нормы, прапанаванай Браніславам Тарашкевічам у 1929 годзе і на тры знакі (адзін выпаў, два дадаліся) адрозніваецца ад нормы Яна Станкевіча 1962 года. Сёння ў Беларусі ўжыванне лацінскага алфавіту шырокае, як ніколі (дастаткова, што лацінская графіка прысутнічае ў кожным пашпарце) і асабліва ў электроннай перапісцы. Пры гэтым 99,99 % карыстальнікаў не карыстаюцца беларускай лацінкай пры напісанні тэкстаў на беларускай і рускай мовах. Прычына ў тым, што на стандартнай клавіятуры няма знакаў гэтага алфавіту. І калі пры ўжыванні кірылічнага беларускага алфавіту дастаткова памятаць, што ў  знаходзіца на месцы щ, а на месцы ъ, то ў выпадку з беларускай лацінкай трэба памятаць месцазнаходжанне недзе каля 11 знакаў. Шараговыя, не прасунутыя беларускамоўныя карыстальнікі ўжываюць пры напісанні беларускамоўных тэкстаў лацінскай графікай стандартны набор лацінскіх знакаў клавіятуры. Складаныя беларускія гукі ш, ч, ў, ж, дз, дж, ь, л пішуць, як умеюць, у асноўным безсістэмна і непаслядоўна, абы адрасат зразумеў.

Разам з тым лацінская клавіятура дазваляе пісаць беларускамоўныя тэксты паслядоўна, сістэмна і не ўжываць ні аднаго дадатковага знака, якога няма на клавішах. Але для гэтага трэба “зарэзаць некалькі святых кароў” або пераадолець некалькі фобій.

Паспрабуем развязаць праблему пакрокава. 

 

Крок першы. Які апорны алфавіт узяць?

Не мудрасловячы лукава зробім так, як рабілі продкі, якія пісалі альбо літарамі рускімі, альбо польскімі. Во-зьмем за аснову польскі алфавіт у той частцы, якая нам падыдзе:

А а   -   A a

Б б   -   B b

В в   -   W w

Г г   -   H h

Г г (выбуховае) - G g

Д д   -   D d

Дз дз   -   Dz dz

Е е   -  ie, Je je

Ё ё   -  io, Jo jo

З з   -   Z z

І і   -   I i, ji

Й й   -   J j

К к   -   K k

М м   -   M m

Н н   -   N n

О о   -   O o

П п   -   P p

Р р   -   R r

С с   -   S s

Т т   -   T t

У у   -  U u

Ф ф   -   F f

Х х   -   Ch ch

Ц ц   -   C c

Ч ч   -   Cz cz

Ш ш   -   Sz sz

Ы ы   -   Y y

Э э   -   E e

Ю ю   -   iu, Ju ju

Я я   -   ia, Ja ja 

 

Крок другі.

Засталіся Ж ж, Дж дж, Л л, Ў ў,  ь, ‘.

Л л зусім лагічна можна пісаць знакамі L l.

Ў ў можна, хоць і непрывычна, пісаць знакамі V v. У раннім лацінскім алфавіце не было літараў U u i W w, а была толькі V v. Лаціністы тлумачаць, што гэтая літара ў залежнасці ад месца ў слове набывае ў гучанні то пераважныя пры-знакі  У у, то пераважныя прызнакі В в, “ паводзіць сябе як беларускае Ў ў. То чаму, калі нам не хапае графемы для Ў ў мы дагэтуль не ўзялі  і не бяром V v для яго абазначэння, а ўсё спрабуем па аналогіі з кірылічным алфавітам паставіць нешта над U u? А гэта ж зусім асобны гук (воўк - wovk).

ь можна абазначаць значком `, які знаходзіцца на тым жа клавішы, што і кіры-лічнае Ё ё. Гэты знак ставім так жа паслядоўна за зычным, які падлягае змякчэнню: ць - c`; нь - n`; ль - l` і г. д . (гаць - hac`, пень - pien`, лью - l`ju).

Апостраф з пісьма практычна знікае ў выніку прымя-нення ётавых галосных je, jo, ju, ja, ji. Словы сям’я, пер’е, звяр’ё, п’ю, вераб’і пішуцца адпаведна siamja, pierje, zwiarjo, pju, l`ju, wierabji. У выключных выпадках апостраф можа абазначацца тым жа значком `.

 

Крок трэці.

Засталіся Ж ж, Дж дж.

У польскай мове гук ж абазначаецца дзвюмя графе-мамі Z z з кропачкай і  Rz rz.

Z z з кропачкай адпадае, паколькі з кропачкай, і такога знака няма на клавіятуры. Rz rz можна прымяніць, але гэтаму дыфтонгу ў беларускай мове адпавядае гук р, а не ж. Палякі ў перапісцы з беларусамі для перадачы гука ж дыфтонг  Rz rz не ўжываюць, а ўжываюць графему Zh zh. Тады гук дж будзе абазначацца як Dzh dzh (дождж - dozhdzh).

Тут правамерна ўзнікае пытанне са спалучэннямі зг у беларускай мове (згода, згадкі). З невялікім скажэннем іх можна пісаць zgoda, zgadki. Тым больш, што такіх словаў вельмі мала.

Такім чынам другая частка алфавіту выглядае так:

Ж ж   -  Zh zh

Дж дж   -   Dzh dzh

Л л   -   L l

Ў ў   -   V v

ь   -   `

 

Крок чацвёрты.

Паспрабуем адпрэчыць мажлівыя пярэчанні.

Чаму польскі алфавіт, а не ангельскі?

Беларусы маюць недзе 400-гадовую традыцыю ўжывання польскай графікі для перадачы беларускамоўных тэкстаў.

Масава ангельскую мову беларусы ўжываюць гадоў 20.

Расейцы ніколі не будуць ужываць польскі алфавіт. Таму з польскім алфавітам мы не будзем плесціся ў хвасце расейскай традыцыі.

Ці не ёсць прапанаваная сістэма падрывам пазіцый беларускай лацінкі?

Нельга падарваць тое, чаго няма. Няма пазіцый беларускай лацінкі ў электроннай пошце беларусаў. Не ўстаноў-лены шрыфты ў кампутарах і прынтарах, і ніхто масава не імкнецца ўстанаўліваць.

Стасункі па-беларуску на лацінцы па электроннай пошце, па скайпу маюць дапаможны характар, службовы, але масавы.

Адбываецца тое, што здарылася некалі з глаголіцай. Прыгожая, арыгінальная азбука сталася здабыткам выбра-ных, а шырокія славянскія масы ўспрынялі злёгку мадэрнізаваны грэцкі алфавіт.

Прыгожая з “птушачкамі”, як з каронамі над многімі літарамі, беларуская лацінка магла лёгка стаць беларускай асноўнай азбукай у 1926 годзе, калі б тады хапіла сілы і волі. Сёння ў нас асноўная азбука  кірылічная. Пры вельмі слабых пазіцыях беларускай мовы ў свеце мы правялі беларускую кірылічную азбуку ў Інтэрнэт, укаранілі яе. Лацінка застаецца дапаможнай, прыкладной, тэхнічнай. На ёй не пішуцца асноўныя лісты, пішуцца суправаджальныя і тлумачальныя нататкі, робяцца службовыя запісы, а службовая графіка павінна быць як мага прасцейшай.

Дык што нам адмовіцца ад беларускай лацінкі на карысць лацінкі прыкладной або тэхнічнай?

Ні ў якім разе. Беларуская лацінка, такая, як у метро, павінна быць і выкарыстоўвацца як парадная, як гатычны шрыфт у нямецкай мове. Яе павінны вучыць у школе, але калі мы не будзем мець і не будзем вучыць свой тэхнічны варыянт лацінкі, нам яго навяжуць з Расеі, і нічога нельга будзе зрабіць. Усе будуць любіць беларускую лацінку, а пісаць англізаваным варыянтам лацінкі расейскай, якой як бы афіцыйна і няма (ёсць праект расейскай лацініцы “з птушачкамі і хвосцікамі”), а ёй масава карыстаюцца.

Ці ёсць у нас выбар?

Выбар ёсць, а ці стане ён масавым, залежыць, спадзяюся, яшчэ ад нас. Рэдакцыя газеты “Наша слова” карыстаецца менавіта гэтым варыянтам прыкладной (тэхнічнай) лацінкі.

Станіслаў Суднік

Каментары

Ігар Барысавіч Цярэшчанка 2014-08-30 16:53:11

Я шаную спадара Судніка, але сістэма гэта абсалютна новая. Мне падаецца, ён сам яе прыдумаў. Традыцыйна для таго, каб дасягнуць друкавання стандартнай лацінкі (такой, якая зараз ужываецца ў метро, калі не браць за ўвагу той факт, што там не зусім класічна перадаюцца гукі "л" і "л' "), можна проста скарыстацца чэшскай раскладкай клавіятуры: там ёсць амаль усе гачакі (яны жа "птушачкі"). А ўвогуле можна не мудрагельстваваць і карыстацца спецыяльнымі раскладкамі для клавіятур. Іх у сетцы безліч. І запамінаць дадатковыя літары не трэба: дастаткова проста націснуць на якуюсьці службовую кнопку, кшталту "Alt", і на пажаданую літару, каб атрымаць яе з пэўным дыякрытычным знакам. Ёсць і такія клавіятуры. А ўвогуле беларуская мова лепей перадаецца кірыліцай: ёсць словы, якія немагчыма правільна напісаць лацінкай. Напрыклад, "эпіэнтэральны". Вось гэтае спалучэнне "іэ" лацінкай не перадаецца, бо, калі напісаць "іе", гэта ўжо будзе чытацца як "е", а не "іэ".

Госць 2015-03-26 16:07:46

«Напрыклад, "эпіэнтэральны". Вось гэтае спалучэнне "іэ" лацінкай не перадаецца, бо, калі напісаць "іе", гэта ўжо будзе чытацца як "е", а не "іэ".» --->>> Тут бачная хіба цяпернае лацінкі: перадача гукаў “йе”, “йо”, “йа” на польскі капыл, праз спалучэньне літараў ie , io, ia . Выглядае на тое, што калі перайсьці на перадачу йотаваньня празь літару j (jt, jo, ja) — праблема зьнікае, да прыкладу: "эпіэнтэральны" -> “epienteral'ny” чытацца так і будзе, epi-enteral'ny.

Госць 2015-04-20 19:16:44

А вось анлайн-лацінізатар, які ня толькі дае мажлівасьць проста лацінізаваць уведзены тэкст, але й канвэртаваць вэб-старонкі: http://baltoslav.eu/lat/?mova=by .

Госць 2018-10-10 15:02:39

Бязглуздая прапанова Судніка, які спрабуе вынайсьці ровар. Ёсьць гістарычная традыцыя беларускай лацінкі, ёсьць нават закон аб транслітарацыі, ёсьць шмат абмеркаваньняў, як лепш перадаваць гукі лацінкай, нават у Ubuntu ёсьць ужо шмат год клавіятура лацінкавая. Не ён ізноў для тупых прапануе sz, cz, rz.

Госць 2018-10-10 15:03:30

Бязглуздая прапанова Судніка, які спрабуе вынайсьці ровар. Ёсьць гістарычная традыцыя беларускай лацінкі, ёсьць нават закон аб транслітарацыі, ёсьць шмат абмеркаваньняў, як лепш перадаваць гукі лацінкай, нават у Ubuntu ёсьць ужо шмат год клавіятура лацінкавая. Не ён ізноў для тупых прапануе sz, cz, rz.

Госць 2018-10-10 15:25:43

Apošni kamientar na łacincy: Biazhłuzdaja prapanova Sudnika. jaki sprabuje vynajści rovar. Jość histaryčnaja tradycyja beiłaruskaj łacinki, jość navat zakon ab translitaracyji, jość šmat abmierkavańniaŭ. jak lepš pieradavać huki łacinkaj, navat u Ubuntu jość užo šmat hod klavijatura łacinkavaja. Nie jon iznoŭ dla tupych prapanuje sz, cz, rz.

Госць 2019-05-08 12:51:21

Epienteral’ny будет читаться, как ie, в любом языке есть исключения, ( в испанском такая же история, точно такие же сочетания иногда произносятся как дифтонг, а иногда отдельно, хотя написание одинаковое. Это же не значит, что испанцы должны перейти на кириллицу. Это очень легко усваивается(через пару месяцев уже никто не делает ошибок). Я за латиницу как единственно правильное написание белорусского языка


← вярнуцца ў навіны