Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Мы – рэжысёры свайго лёсу...

2014.08.26 0

Эдуард Акулін: -- Алеся, па сваёй адукацыі – ты псіхолаг, вывучала таксама сацыялогію. Якім чынам ты трапіла ў славуты народны тэатр “Жывое слова”?

Алеся Сівохіна: -- На самай справе я вывучала таксама псіхалогію, але з боку сямейнага кансультавання. А ў тэатр “Жывое слова” мяне прывяла сяброўка. Гэта толькі здаецца, што мая прафесія і тэатр – рэчы несумяшчальныя. Псіхалогія вывучае душу, а тэатр – гэта магчымасць убачыць чужую душу і паказаць сваю.

Э.А. -- Вось ужо колькі гадоў ты працуеш рэжысёрам тэатра. Але, наколькі я ведаю, ты не абмяжоўваешся чыста рэжысёрскай дзейнасцю?

А. С. -- Я наогул мультыпрактык: працую на сцэне ў якасці акцёра, выконваю песні. Ну а першай уласнай працай  у іншым амплуа было стварэнне музыкі да спектакля “Я кахаЮ” паводле п’есы Вольгі Мухінай “Ю”.

Э.А. – Ствараць музыку да спектакля – няпростая справа, якая патрабуе, як мінімум, веданне музычных канонаў. Ты маеш музычную адукацыю? Можаш запісаць мелодыю на нотны стан? Ці музыка – гэта стан тваёй душы?

А. С. -- А ці ёсць людзі для якіх музыка – не стан душы? Музыка суправаджае мяне з самага нараджэння. Часам здаецца, што я нават думаю нотамі. У сувязі з апошнім выказваннем пытанне пра наяўнасць музычнай адукацыі становіцца неактуальным.

Э.А. -- Якую сцэнічную працу ў тэатры ты лічыш сваёй творчай удачай?

А. С. -- Паколькі я не абмяжоўваюся толькі рэжысурай, але і раблю сцэнаграфію, падбіраю касцюмы, музыку да спектакляў, таму немагчыма вызначыць больш удалае ці менш. Кожны спектакль я люблю па-свойму. Вельмі кранаючым атрымаўся спектакль”Апельсіны ў падарунак” паводле Э.-Э.Шміта “Оскар і Ружовая Дама”. Гэта філасофская гісторыя пра сутнасць чалавечага існавання. Галоўны герой –дзесяцігадовы хлопчык Оскар, хворы на рак. Да апошняга моманту ён змагаецца са смерцю, а заставацца мужным дапамагае надзейны сябра і дарадца – Ружовая Дама.

Э.А. -- Амаль кожны рэжысёр марыць паставіць на сцэне “Караля Ліра” або “Гамлета”… Аб чым твае творчыя мроі?

А. С. -- У жыцці амаль заўсёды так, што мары застаюцца марамі.

Э.А. -- Якая музыка табе падабаецца?

А. С. -- У кожны момант розная, таму што жыццё рознае. Сітуацыя і настрой дыктуюць мне прыярытэты.  Нават самая любімая песня можа надакучыць, калі слухаць яе кожную вольную хвіліну. Трэба шукаць заўсёды нешта свежае, арыгінальнае, нечаканае.

Э.А. – Хоць і сказана ў бібліі – “не ствары сабе куміра”…  Тым не менш,  хто з айчынных музыкаў натхняе цябе на ўласную творчасць?

А. С. -- Калі мяне будзе натхняць нехта з музыкаў, тады ніякай маёй уласнай творчасці не атрымаецца. У вялікім і ўсеабдымным захапленні талентамі іншых мы становімся майстрамі мімікрыі, замест таго,  каб развіваць свае ідэі.

Э.А. -- Наколькі я ведаю, ты сама не пішаш вершаў. Якім чынам ты знаходзіш тэксты для сваіх песень?

А. С. -- Я іх не знаходжу, яны самі знаходзяць мяне.

Э.А. -- Каго з беларускіх пісьменнікаў ты любіш перачытваць?

 А. С. -- Уладзіміра Караткевіча.

Э.А. -- Тэатральнае жыццё – бясконцае  вандраванне. Табе падабаецца адкрываць для сябе новыя далягляды – беларускія і не толькі?

А. С.  -- Новае -- заўсёды цікава: уражанні, эмоцыі, людзі, мясціны. Так заўжды, асабліва яскрава запамінаецца апошняе.

Э.А. -- Ці ёсць у Мінску сцэна, на якой ты адчуваеш сябе камфортна і куды  табе хочацца вяртацца зноў і зноў?

А. С.  -- Гэта сцэна нашага тэатра ў БДПУ – 500-я аўдыторыя, якую мы пяшчотна называем “пяцісотачка”.

Э.А. -- “Няма таго, што раньш было”… Сённяшні час не зусім спрыяльны для развіцця беларускай аўтарскай песні… Як ты лічыш – гэта перашкаджае ці дапамагае творцу?

А. С. -- Цяжкасці, на самай справе, і ёсць выклік, і сапраўднаму творцу яны дазваляюць лепш раскрыць свой талент. Творца павінен нешта пераадольваць: сябе, матэрыял, норму. Мы захапляемся вялікімі майстрамі, таму што яны зазірнулі туды, куды мы не маглі ці наогул баяліся зазірнуць…

Э.А. -- Алеся, цябе даволі часта можна  заўважыць на розных сталічных “тусоўках” –  творчых вечарынах, кніжных прэзентацыях і г.д. Як ты лічыш, каб трапіць у “абойму”, трэба, перафразоўваючы Барадуліна,  на сцэне бываць часцей? Ці для цябе --  гэта патрэба пабыць сярод блізкіх па духу людзей?

А. С. -- Я не лічу сябе “тусоўшчыцай”. Проста стараюся адгукацца, калі мяне просяць выступіць. Часта проста прыходжу паглядзець, што новага ў культурным жыцці. Думаю, што гэта нармальна, калі чалавек цікавіцца не толькі сваёй творчасцю.

Э.А. -- Сціпласць у нашай беларускай крыві. Нават Янка Купала калісьці прызнаўся: “Я  не паэта, о крый мяне Божа!” І ўсё-ткі  што, на тваю думку, патрэбна, каб адбыцца як барду?

А. С. -- Тое самае, што і любому чалавеку – рэалізоўваць сваё Я.

Э.А. -- Ці верыш ты ў сяброўства сярод творчых людзей? Чамусьці згадалася гісторыя Моцарта і Сальеры… З кім ты сябруеш? І што найбольш цэніш у сваіх сябрах?

А. С. -- Сапраўдных сяброў у мяне не шмат і амаль усе – з часоў вучобы ў універсітэце. Кожны -- чалавек у пэўнай ступені творчы; кожнага з іх я проста цаню за тое, што яны ёсць. А яны прымаюць мяне з усімі маімі асаблівасцямі.

Э.А. -- “Пакуль кахаю, я жыву…” -- аднойчы сказаў паэт Алесь Пісьмянкоў. Якую ролю ў сваім жыцці адводзіш ты каханню?

А. С. -- Жыццё  --  і ёсць каханне. Без кахання не будзе жыцця, не будзе творчасці, таму што Творчасць – гэта таксама Каханне, якое цябе перапаўняе настолькі, што застаецца толькі адно – ствараць. Ты проста не маеш іншага выйсця.

Э.А. -- Як у тваіх вачах павінны выглядаць сапраўдны мужчына? Ці лічыш ты, што час донкіхотаў даўно кануў у Лету?

А. С. -- Стэрэатыпаў сапраўднага мужчыны і так шмат. Навошта яшчэ і мой? Не ведаю, як наконт донкіхотаў... Ён, здаецца, і без жонкі застаўся. Калі б усе мужчыны былі такімі – чалавецтва перастала б існаваць… Так што добра, што такі час мінуў.

Э.А. --  Вось як! Тады які вобраз сучаснай жанчыны табе бліжэй – свецкай львіцы, феміністкі, гламурнай сэрцаедкі ці мележаўскай Ганны?

А. С. -- Абсалютна не хочацца трапляць у рамкі існуючых клішэ. Мне бліжэй вобраз жанчыны, якая слухае сябе, сваё сэрца, сваю інтуіцыю і выражае сябе адпаведна, жанчыны гарманічнай, справы і ўчынкі якой адпавядаюць яе думкам і настрою.

Э.А. -- У тэатры ты прывыкла рэжысіраваць жыццё, а ў рэальным жыцці – хто, на  тваю думку, рэжысіруе нашыя лёсы?

А. С. -- У тым ліку і мы самі. У любой сітуацыі нам даецца выбар і толькі ад нас залежыць, якім будзе наступны ўчынак, што будзе далей. Наша жыццё можа змяніцца каардынальна ад аднаго кароткага “так” ці няўпэўненага “не”. Але ж выбіраем мы самі. Няхай ёсць Той, хто сочыць, хто дапамагае. Але ўся адказнасць за наша жыццё – на нас саміх.

                                                                                                                               Эдуард Акулін

                     спецыяльна для Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны


← вярнуцца ў навіны