Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
Мясцовыя арганізацыі

Баранавіцкая гарадская арганізацыя ТБМ

навіны

У Баранавічах адбыліся краязнаўчыя чытанні, прысвечаныя 100-м угодкам Першай сусветнай вайны

2014.08.07 0

Усякая вайна між еўрапейцамі
ёсць грамадзянская вайна.
Віктор Гюго


2 жніўня 2014 года Баранавіцкая Рада Таварыства беларускай мовы, ў межах кампаніі Асамблеі НДА «Зробім лепш», ладзіла краязнаўчыя чытанні, прысвечаныя 100-м угодкам Першай сусветнай вайны (1914-1918) і становішчу Баранавіцкай зямлі ў ваенныя і паваенныя гады. Мерапрыемства адбылося на сядзібе ТБМ па вул. Сасновая, 5, вёска Русіны, Баранавіцкі раён.

Напачатку ўдзельнікі гістарычнага мерапрыемства праглядзелі дакументальны фільм “Першая сусветная вайна. Баранавічы”. Клірык Свята-Пакроўскага храма пратадзьякан Андрэй Гарбуноў распавёў пра стаўку Вярхоўнага галоўнакамандуючага і дзейнасць праваслаўнай царквы ў Баранавічах у 1914-1915 гг. Аўтар кнігі “Забытая вайна” Ірына Дубейка апавядала пра ўзбраенне, тактыку і асаблівасці баёў нямецкіх і рускіх войскаў на Баранавіцкай зямлі, а таксама пра герояў Першай сусветнай вайны. Баранавіцкі даследчык гісторыі, аўтар кнігі “Недазволенная памяць” Аляксандр Татаранка адзначыў, што краязнаўцы Мікалай Падгайскі, Міхась Бернат, Аляксей Белы, Віктар Сырыца выявілі 35 забытых пахаванняў ахвяр Першай сусветнай вайна, 21 з якіх абследаваны і задакументаваны краязнаўцамі.

Пра ахвяр газавай атакі ў 1916 годзе ля вёскі Вольна (Баранавіцкі раён) расказваў мясцовы жыхар Міхась Амялішка, бацька якога прымаў удзел у пахаваннях атручаных рускіх салдат. А Мікалай Падгайскі пазнаёміў удзельнікаў гістарычных чытанняў з лёсам дома Слізняў у Бартніках (Баранавіцкі раён), які ўяўляе для нас, на думку краязнаўцы, гісторыка-культурную каштоўнасць. Кандыдат гістарычных навук Дзяніс Лісейчыкаў адзначыў неабходнасць вывучэння не толькі рускіх, але і нямецкіх, аўстрыйскіх і польскіх архіваў, успаміны тагачасных удзельнікаў падзей, каб аб’ектыўна вывучыць і ацаніць абставіны 100 гадовай даўніны. Ён падараваў бібліятэцы сядзібы ТБМ кнігу “Беларусь у гады Першай сусветнай вайны 1914-1918 Зборнік дакументаў”, выдадзеную Дэпартаментам па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі, Нацыянальна-гістарычным архівам Беларусі ў 2014 годзе.

Урокі Першай сусветнай вайны для беларускага народа падсумаваў даследчык гісторыі Баранавіцкай зямлі Міхась Бернат. Спрэчкі аб выніках вайны для Беларусі не сціхалі нават у перапынку. Удзельнікі імпрэзы пілі каву і гарбату, елі каравай “Развадоўскі” і нават падчас кавы-паўзы працягвалі эмацыйна абмяркоўвалі падзеі вайны.

Усе ўдзельнікі краязнаўчых чытанняў падтрымалі прапановы старшыні Баранавіцкай рады ТБМ Віктара Сырыцы аб неабходнасці ліставання з мясцовымі і цэнтральнымі ўладамі па добраўпарадкаванню пахаванняў ахвяр Першай сусветнай вайны і наданні дому Слізняў у Бартніках гісторыка-культурнай каштаўнасці. А гісторык з Берасця Ігар Бараноўскі прапанаваў стварыць помнік беларускім уцекачам, якія бязвінна сталі ахвярамі гэтай жудаснай вайны.

Дамовіліся, што наступныя чытанні адбудуцца ў 2015 годзе і будуць прысвечаны 100-м угодкам пачатку ваенных дзеянняў на тэрыторыі Беларусі.

Сырыца Віктар


← вярнуцца ў навіны