Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Беларускасць – гэта эратычна, модна і сваё…

2014.08.01 0

Эдуард Акулін: - Валярына, кажуць, што ты пачала пісаць вершы, яшчэ да таго, як навучылася чытаць… Тваё захапленне паэзіяй – гэта заслуга бацькоў, настаўнікаў, Госпада-Бога?..

Валярына: - Хіба што гэта не заслуга, а дадзенасць. Хутчэй, не я захапілася паэзіяй, а паэзія захапіла мяне. Ад пачатку, колькі сябе памятаю, жыццё навокал  мысліла і ўяўляла, толькі не так даўно пачала яго здзяйсняць, а не прадумваць і прыдумваць. Бацькі мне заўжды шмат чыталі, нават калі я яшчэ ў чэраве была, ненароджаная. Калі казаць пра школьных настаўнікаў – не, хутчэй я сама абірала ў каго вучыцца – гэта былі найлепшыя аўтары і няпростыя людзі. Бог – мой Космас, праз які я раюся з сабой найлепшай, ёнрытмуе маю душу.
Э. А. – А хто і калі паспрыяў твайму паэтычнаму дэбюту?
В. - Мама. Бабуля. І Алесь Разанаў, калі выпадкова даведаўся, што яго вершы любіць маленькая чатырохгадовая дзяўчынка. Ён захацеў пачытаць тое, што яна піша. У выніку – праз тыдзень перадаў разам з маімі вершамі назад і сваю прадмову да маёй першай публікацыі. Таму, дзякуй Алесю Сцяпанавічу, чыю думку і чые тэксты бязмежна люблю.
Э. А. – Хто твае літкуміры? Ці маеш ты свайго духоўнага настаўніка?
В. - Куміры – штука непастаянная і юначая. У розныя перыяды розных любіла, хтосьці заставаўся, хтосьці сплываў – Купала, Караткевіч, Багдановіч, Жылка – засталіся.  Барадулін, Някляеў, Сыс, Дранько-Майсюк, Глобус… Гэта, калі казаць пра юначыя беларускія захапленні. Потым  больш еўрапейскай літаратурай зацікавілася – французамі: Віёнам, Апалінэрам, Бадлерам, Верленам, Рэмбо, Както; палякамі: Лемам, Тувімам, Мілашам, Шымборскай, Галчыньскім… Ну і іншымі…
Э. А. – Ці магчыма беларускаму паэту сёння быць цалкам апалітычным? Займацца толькі літаратурай?
В. - Было б клёва. Але, на жаль, немагчыма. Я ўвесь час спрабую адасобіцца. Але перыядычна ўсё ж зрываюся. Бо – баліць. Калі натуральна не кранае – ок. Але калі змушаеш сябе не глядзець, не адчуваць – гэта ўжо штучная такая абыякавасць, ненатуральная. Але ў любым выпадку неўлобава, а метафарамі, сімваламі, знакамі паэты гавораць пра тое несправядлівае і трагічнае, што адбываецца тут і цяпер… Я адчуваю нацыянальную адказнасць – таму, магчыма, мае метафары, што датычнасучаснай вайны – менш цьмяныя, чым хацелася б. Адна крытык нават у мяне нядаўна спыталася, з якога часу я пачала пісаць свае “ваенныя вершы”. Я паглядзела – і праўда, ёсць у мяне такія. І вырашыла, што няхай тое акрэсленне і застанецца – “ваенныя вершы”. Бо ў нас не палітыка – а вайна – унутры, што перыядычна выліваецца вонкі. З галоваў – на вуліцы. Генералы маёй краіны, дзе вы, дзе вашы мундзіры?
Э. А. – У адным са сваіх інтэрв’ю ты сказала, што “Беларускасць – гэта вірус...” Дзе ты падхапіла “вірус беларускасці” ? Што значыць – “быць хворай на Беларусь”?
В. - Ад бабулі Валі (бабуля па кудзелі). Яна гадавала нас з братам беларусамі – на народных песнях і казках, на паганскіх рытуалах, на вершах Ларысы Геніюш і Сяргея Новіка-Пеюна, на крэмнях і медзі Алеся Белакоза, на куцці Дзядоў, на зорцы Калядаў… Значыць, успрымаць беларускасць унутры сябе не як абавязак, а як натуральнасць твайго быцця. Уласным прыкладам паўсюль нястомна даводзіць радасць і перавагу беларускасці. І каб тое было не ў працы, а ў жыццё і адпавядала саматоеснасці.
Э. А. – Ці праўда, што беларуская мова стварае праблемы ў жыцці?
В. – Не, няпраўда. Наадварот – дае больш нагодаў для новых камунікацый і знаёмстваў.
Э. А. – З тваіх слоў, “каб аднавіць беларускую мову, трэба зрабіць усяго некалькі крокаў”… Якія гэта крокі? Твой удзел у моўным праекце “Мова ці кава” – адзін з такіх крокаў?
В. - Хутчэй, працяг дарогі, накрочанай да таго…  Мне цікавы ўдзел  у гэтым праеце, бо ён прыводзіць да канчатковай беларускасці тых, хто яе прагне. І перадусім – гэта крэатыўная моладзь. Я люблю сваю аўдыторыю, тых цудоўных маладых асобаў, што ходзяць да нас на курсы, што прыносяць свае ідэі і надзеі. Якія гатовыя браць нашыя напрацоўкі – і ўвасабляць іх у жыццё. Гэта цудоўна. Так бы мовіць – практычнаябеларускасць.Вельмі цешыць, штобеларускасць робіцца віруснай. Ужо самі людзі пачынаюць самаарганізоўвацца на базе беларускага – мовы, музыкі, моды, тэлебачання, кіно…
Э. А. – У свой час ты выступіла ініцыятаркай моладзевага фэсту “Кахай па-беларуску, жыві па-еўрапейску…” Што гэта для цябе – гучны лексічны брэнд, ці жыццёвы дэвіз?
В. - Я проста так раблю і так жыву. Жыву як беларуская еўрапейка. Нашу якасную вопратку, падарожнічаю, вучу замежныя мовы, ляжу на газонах і іду да сваёй мэты. І кахаю па-беларуску. І толькі беларускі хлопец стане маім абранцам. Гэта мой брэнд. Беларускасць – гэта эратычна, модна і сваё…
Э. А. – Адна з формаў тваёй творчай рэалізацыі – праца на незалежным тэлеканале “Белсат”. Хто з’яўляецца аўтарам тэм для перадачы “Чорным па белым”, якую ты вядзеш?
В. - Я сама прыдумляю тэмы, шукаю гасцей і пішу сцэнары. Я і мая новая сувядоўца –рэкламістка Уля Рымашэўская. Таксама нядаўна з’явілася мая другая праграма “Фітнес-Шмітнес”. Гэта першае беларускмоўнае забаўляльна-аздараўляльнае шоў з элементамі буфанады і лёгкай эротыкі, якое  мы вядзем разам з выдатным музыкам Паўлам Аракелянам.
Э. А. – Нядаўна рэжысёр Андрэй Куціла разам з  Вячаславам Ракіцкіму цыкле “Пераемнікі” зняў пра цябе дакументальную стужку, дзе ты іграеш самую сябе. А ці ўзнікала ў цябе жаданне паспрабаваць свае сілы ў мастацкім кіно?
В. - Так, мне прапаноўвалі некалькі разоў. Пакуль – не выпадала. Думаю, у будучыні я пагаджуся, калі будзе сапраўды цікавая прапанова.
Э. А. – У адной са сталічных ВНУты выкладаеш сярод іншыхтакія дысцыпліны як “тэорыя драмы” і “драматургія сучаснага фільма”… Можа настаў час перайсці ад тэорыі да практыкі… Я маю на ўвазе – напісанне тэатральнай п’есы ці кінасцэнарыя?
В. - Я даўно пішу п’есы і кінасцэнары. Сёлета, напрыклад, адзін з іх заняў першае месца на нацыянальным конкурсе і па ім быў зняты фільм “Крыніца часу. Рака часу” (рэжысёр Іван Пінігін). Прэм’ера фільма адбылася на нацыянальных каналах. Цяпер працую яшчэ над сцэнарамі двух фільмаў сумесна з рэжысёрамі. Другі фільм мусіць пабачыць свет у наступным годзе.
Э. А. - Памятаю тваё апантанае захапленне аўтарскай песняй. Але апошнім часам вельмі рэдка ўдаецца ўбачыць цябе з гітарай на сцэне… Не магу паверыць, што твая цікавасць да беларускай песні прайшла. Можа яна набыла новыя формы? Калі так, то якія?
В. – Даўно супрацоўнічаю з музыкамі як аўтар тэкстаў да песень. Але перыядычна і сама граю. Весела: нават увайшла ў 50 абраных бардаў Свабоды. Правільна, што не верыце – яшчэ спяю!
Э. А. - У цябе шмат літаратурных узнагарод. Якая з іх табе найдаражэйшая?
В. - “Залаты апостраф” ад “Дзеяслова” у намінацыі “Паэзія” і перамога ў конкурсе вершаваных твораў, які праводзіла ЮНЭСКА ў Парыжы. Таксама журналісцкія ўзнагароды (за інтэрв’ю і культурніцкія рэцэнзіі) – перамога на “Тваім Стылі” і  ў “Вольным слове”.
Э. А. – Ці праўда, што твая паэтычная формула “Дзеўка-паэт–неба” нядаўна дзівосным чынам урэчаіснілася… Як і дзе гэта здарылася?
В. - Летась. На выспе Родас. У старым горадзе, заблукаўшы мiж вузенькiх грэчаскiх вулiцаў (каб спазнаць месца там трэба заблукаць), трапiла ў маленькую крамку старасветчыны... За столiкам пад мядзяным гадзiннiкам сядзеў дзядок з абветранай земляной скурай i густымi сiвымi брывамi, смуглявая, белавалосая бабулька падносiла яму кветкавую гарбату ў белым парцаляным кубку з сiнiмi кветкамi. Яны ўсмiхнулiся мне, дзядуля падмiргнуў i хiтнуў галавой да правай палiцы. Там стаяла дзеўка-паэт з лiрай-вянком i з крыламi. Яе падножжа нат крыху пазелянела ад часу. Як я даўно яе шукала?! А знайшла – на радзiме Паэзii, у Грэцыі...
Э. А. – Ты любіш падарожнічаць… Самыя яркія ўражанні тваіх падарожжаў - гэта экзатычныя мясціны, архітэктурныя дастапомнасці ці нечаканыя сустрэчы з незвычайнымі людзьмі?
В. - Новыя гарады – гэта перадусім людзі. І менавіта яны  адкрываюць для мяне сэрцы краінаў – музеі, архітэктуру, кавярні, сады, ночы і дні… З апошніх месцаў, дзе я пабывала і пачувалася абсалютна ўтульна – гэта Рым, Іерусалім, Парыж і выспа Родас у Грэцыі..  На Родасе жыла некалькі месяцаў, частку часу – у манастыры… Атрымала там неверагодны духоўны досвед, які змяніў мяне. Мяркую, вярнуцца зноў у гэтыя мясціны, хаця раней мне асабліва нікуды не хацелася вяртацца. Таксама падабаюцца Кіеў, Львоў, Стакгольм, Берлін… У Варшаве пачуваю сябе абсалютна камфортна. Верагодна, таму, што за апошні час моцна падцягнула свае замежныя мовы і сустрэла тамака блізкіх мне людзей, што сталіся маімі сябрамі.
Э. А. – Аднойчы ты заявіла, што прызнавацца ў каханні патрэбна вершамі беларускіх паэтаў? Чыімі б вершамі прызналася ў каханні ты?
В. –Не чыімі. Ну альбо – сваімі…Мне здаецца, каханне патрабуе не столькі вершаў, колькі ўчынкаў… Ведаю, дастаткова гісторый, як іншыя прызнаваліся ў каханні менавіта маімі вершамі. І як прасілі імі пра першы пацалунак,  і нават завесці раман ці дзіця… Як звычай, у каханні вершамі прызнаюцца – мне.
Э. А. – У кожнага паэта ёсць свой улюбёны куток. Твой паэтычны Менск – гэта…
В. – Найперш – мой пакой, а таксама раён Сухарава – з гаёчкам, крынічкай, царквой… Затым – раён Сцяпянкі з тамтэйшым лесам. Там сосны, гледзячы на якія, я вырасла… Гэта Дом Літаратара, на Фрунзэ, 5, у якім я гадавалася, бо там працавалі мая бабуля і мая мама, пакуль яго не аднялі…  Гэта маленькі дворык на Данілы Сердзіча, дзе прайшло маё маленства, і дзе я хадзіла ў тэатральны ліцэй, адкуль ездзіла ў музычную школу і на фігурнае коўзанне
Э. А. – Калі чакаць тваю новую паэтычную кнігу?
В. - Яна гатовая. Засталося, каб яе прачытаў рэдактар, аформіў мастак. І можна здаваць у друк…
Э. А. – Чаго табе нестае ў жыцці?
В. - Усё клёва. Што мусіць быць – будзе.
Э. А. – Што ты пажадала б перадусім маладым творцам?
В. - Жадаю, каб сілаў ставала на ўсе жаданні. І не бойцеся рызыкаваць!..Найлепшы ўзрост для памылак – гэта маладосць. Потым можа быць позна памыляцца. Рабіце як мага болей памылак да 30 гадоў. Асабіста я акурат гэтым цяпер і займаюся…
                                                                                                           

Эдуард Акулін

спецыяльна для Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны
 

← вярнуцца ў навіны