Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Творчае шчасце нельга ўкрасці…

2014.07.21 0

 

Эдуард Акулін: -- Скажы, калі ласка, Васіль, адкуль з’явіўся такі экзатычны творчы псеўданім – Мюр Фарыдовіч?

Васіль Дранько-Майсюк: У Амерыцы ёсць цудоўны артыст тэатра і кіно Фарыд Мюррэй Абрахам. Ён адзін з самых разнастайных і творча-нечаканых акцёраў. Сярод яго роляў: Іосіф Сталін і Папа Рымскі Юлій ІІ, бацька Грышкі Мелехава і Ал Капонэ, Антоніо Сальеры і біблейскі Лот. Здымалі яго такія рэжысёры, як Вудзі Ален і Гас ван Сэнт, Пітэр Грынуэй і Ліна Вертмюллер, Мілаш Форман і Сяргей Бандарчук. Яго ігра паэтычная і вельмі натхняльная. Таму нічога дзіўнага, што ў аснове майго псеўданіма было імя Абрахама.

Э. А. – Твая маці -- карэнная масквічка… Бацька – давыдгарадзецкі паляшук. На якой мове яны цябе выхоўвалі?

В. Д.-М. -- Бацька -- па-беларуску, маці -- па-беларуску і па-руску. У сям'і было гарманічнае двухмоўе. Для мяне не з'яўляецца праблемай думаць па-беларуску, а гаварыць па-руску і наадварот.

Э. А. – У цэнтры Менску, дзе ты жыў, не было ніводнай беларускай школы… Ці здолеў ты атрымаць беларускую адукацыю?

В. Д.-М. -- Так. На вуліцы Чарнышэўскага была беларуская школа № 20 з французскім ухілам. Там я і правучыўся да 1991-га года, а затым перайшоў у Беларускі ліцэй мастацтваў імя Ахрэмчыка.

Э. А. – Ці паўплывала тое, што ты нарадзіўся ў сям’і вядомага паэта, на твой творчы выбар?

В. Д.-М. -- Вялікая колькасць кніг па мастацтву ў нашым доме, асабліва альбомы Яцэка Мальчэўскага, Фернана Лежэ, Марка Шагала, ілюстрацыі Валерыя Славука -- натхнялі на маляванне. Бацькава захапленне кіно (асабліва камедыямі Чапліна і Луі дэ Фюнеса), матчына любоў да тэатра (МХАТ, калі там яшчэ быў Алег Яфрэмаў, спектаклі Пятра Фаменкі) -- перадаліся і мне: захацелася самому ставіць і іграць.

Э. А. – Каго з беларускіх пісьменнікаў ты любіў чытаць у дзяцінстве?

В. Д.-М. -- Янку Маўра, Паўла Місько, Уладзіміра Ягоўдзіка, Станіслава Шушкевіча.

Э. А. – Сённяшнія твае літаратурныя куміры…

В. Д.-М. -- Міхась Зарэцкі, Пятро Глебка, Ніна Мацяш, Міхась Стральцоў, Барыс Мікуліч...

Э. А. – Што дала табе як творцу вучоба ў Беларускім ліцэі мастацтваў імя Ахрэмчыка?

В. Д.-М. -- "Творца" -- занадта гучнае слова. Як пісаў славуты майстар фільмаў жахаў Марыё Бава: "Хочацца быць проста ўмелым "цесляром", які ўмее рабіць добрыя "крэслы". У мяне выкладалі вялікія педагогі: Валянціна Свентахоўская (выкладчыца жывапісу) -- навучыла каларыстычнай свабодзе. Рыгор Сітніца (графіка) -- кампазіцыі -- г.зн. гарманічнаму суладдзю рытмаў і плямаў. Гэнік Лойка (скульптура) -- акуратнасці (прывучыў мяне, інфантыльна-несамастойнага 10-гадовага дзіцёнка, майстэрству прыборкі).

Э. А. – Хто з выкладчыкаў ліцэя аказаў найбольшы ўплыў на твой мастацкі і жыццёвы светапогляд?

В. Д.-М. -- Рыгор Сітніца.

Э. А. – Ці спатрэбіўся табе твой мастацкі досвед у далейшым жыцці?

В. Д.-М. -- Так. Я малюю вялікія графічныя партрэты прыгожых спадарынь (цудоўны спосаб для новых рамантычных знаёмстваў).

Э. А. – У свой час шырокую папулярнасць займеў твой спеўны праект “Жаба ў каляіне”. Ці ёсць у яго працяг?

В. Д.-М. Гэта не толькі "мой" праект! Я яго рабіў разам з кампазітарам Максімам Іўкіным. "Шырокая папулярнасць"? Дазвольце не паверыць! Так, гэта быў цікавы гурт, з арыгінальнай праграмай, які запісаў усяго дзве песні і зараз ужо практычна не існуе. Прычына неіснавання -- гультайства ды чыста беларуская інертнасць яго ўдзельнікаў.

Э. А. – Атрымаўшы адукацыю культуролага, ты вырашыў звязаць свой лёс з рэжысурай. Што падштурхнула цябе на гэты крок?

В. Д.-М. -- Эгацэнтрызм і страшная няўпэўненасць у сабе. Хацелася кіраваць працэсам, каб цябе аднаго слухаліся ўсе. Зараз я стаўлю ў Маскве малабюджэтныя іранічныя спектаклі. Выключна дзеля заробку і добрага настрою. Вось які я меркантыльны!

Э. А. – Як для цябе адбыўся зварот да творчасці Францішка Аляхновіча? Ці лічыш ты п’есу “Шчаслівы муж” сваёй творчай удачай? Які сённяшні лёс гэтай пастаноўкі?

В. Д.-М. -- Францішка Аляхновіча люблю за яго небеларускі авантурны характар і арыгінальныя вострыя самаіранічныя творы. "Шчаслівы муж" -- мой першы спектакль з прафесійнымі акцёрамі, пастаўлены ў РТБД. Каб не тагачасны кіраўнік тэатра Валерый Анісенка, балетмайстар Марына Філатава, мастачка Вольга Вячорка і кампазітар Максім Іўкін -- ніякага б спектакля не адбылося. Пастаноўка не вызначалася асаблівымі рэжысёрскімі дасягненнямі, але гледачам падабалася (немудрагелістыя жарты, пікантныя сітуацыі, запамінальная музыка) -- поўная зала была заўсёды. Творчай удачай назваць яго нельга. Зараз "Шчаслівы муж" ужо зняты з рэпертуару.

Э.А. – Твой ад’езд з Беларусі – гэта вымушаны крок, творчая эміграцыя ці проста неабходнасць “у розных краях пабываць…”?

В. Д.-М. -- Ды якая эміграцыя? З-за чаго эміграваць? Страх застацца да сівых гадоў на шыі ў бацькоў -- вось галоўная прычына майго ад'езду.

Э. А. – Ці ўдалося табе рэалізавацца ў Маскве як акцёру?

В. Д.-М. -- Вось яна, мая рэалізацыя: я іграю ў дзіцячым тэатры СНАРК, праводжу тэатралізаваныя святы для дзяцей, пішу сцэнары і п’ескі, часам іграю ў малабюджэтных серыялах і тэлепраграмах, выкладаю дзеткам ад 2 да 8 год акцёрскае майстэрства. Зараз ізноў пачаў ставіць. Адным словам, змагаюся з уласным гультайствам.

Э. А. – Чаго, на твой погляд, не хапае беларусам як нацыі?

В. Д.-М. -- Калі казаць пра "нацыянальна свядомую" частку, то -- упэўненасці, любові да той справы, якую яны робяць. Калі навучымся любіць адно аднаго і тое, што робім (а не толькі выключна саміх сябе), калі палюбім сваю культуру і будзем усяляк адно аднаго падтрымліваць -- станем нацыяй. Але ў гэта верыцца з цяжкасцю.

Э. А. – Распавядзі, калі ласка, пра свой удзел у праекце “Мова ці Кава”. Што дае гэты праект для маскоўскіх беларусаў?

В. Д.-М. -- Гэты праект узнік дзякуючы журналістцы канала ОРТ Кацярыне Кібальчыч. Яна мяне запрасіла выкладчыкам. Мая задача была -- зрабіць займальныя, вясёлыя, тэатралізавана-арыгінальныя заняткі. Дзякуючы гэтаму праекту беларусы гуртуюцца, абменьваюцца навінамі, знаёмяцца, і, што самае галоўнае -- размаўляюць па-беларуску.

Э. А. – У тваім аўтарскім спісе некалькі тэатральных п’есаў… Ведаю, што адна з апошніх тваіх п’ес прысвечана Уладзіміру Мулявіну. Які сцэнаграфічны лёс гэтага твора?

В. Д.-М. -- Пра гэта лепей запытаць у рэжысёра спекткаля Валянціны Ераньковай. Калі ўсё складзецца добра, то ў кастрычніку на сцэне Нацыянальнага дзяржаўнага рускага тэатра павінна абдыцца прэм’ера "Песняра".

Э. А. – Хто з’яўляецца тваім творчым дарадчыкам?

В. Д.-М. -- Людзей, якія натхняюць і могуць творча на мяне паўплываць, даволі многа. У Маскве гэта -- саксафаніст Міця Шамшын, прадавец курэй-грыль Шах, мастачка Валянціна Паўлава. У Мінску -- арганісты Юры Габрусь, дворнік Валянцін Якаўлевіч, масажыст Аляксандр, кампазітарка Вольга Падгайская. 

Э. А. – Што акрыляе цябе ў жыцці і творчасці?

В. Д.-М. -- Беларуская літаратура і творчасць піцерскага гурта НОМ.

Э. А. – Ці марыш ты калі-небудзь вярнуцца назад у Беларусь? Што для гэтага неабходна?

В. Д.-М. -- Мару. Калі будзе магчымасць займацца любімай працай на беларускай мове і пры тым добра зарабляць -- вярнуся абавязкова.

Э. А. -- Дзе лягчэй пачувацца беларусам у Мінску ці ў Маскве?

В. Д.-М. -- Каму як. Асабіста мне, лепей працаваць у Маскве, а ў Мінску бываць некалькі разоў у год па два тыдні.

Э. А. – Што табе больш падабаецца: пісаць п’есы ці іграць у іх?

В. Д.-М. -- І тое, і другое. Гэта два розныя творчыя "шчасці".

Эдуард Акулін
спецыяльна для Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны

Партрэт Насты, 2013 г. Настрой Сцэна са спектакля
“Мова ці кава” ў Маскве Васіль Дранько-Майсюк (фота Аляксандра Жарнасека) Сцэна са спектакля

← вярнуцца ў навіны