Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Ці будзем біць у званы па мове?

2014.07.07 0

Таварыства беларускай мовы з моманту свайго заснавання займаецца абаронай беларускай мовы і пашырэннем яе ўжытку ў розных сферах грамадскага жыцця нашай краіны. На жаль, пакуль дзяржаўнай мовай у Беларусі з’яўляецца яшчэ і руская мова, у нашым грамадстве будзе існаваць відавочны дысбаланс на яе карысць. Гэта асабліва тычыцца сферы адукацыі, якая мае доўгатэрміновы ўплыў на іншыя сферы грамадскага жыцця.

 З улікам асаблівасцяў дзейнага заканадаўства, якое дазваляе выкарыстоўваць толькі адну з дзяржаўных моў у любой галіне дзейнасці, гэты дысбаланс будзе толькі павялічвацца, а намаганні па пашырэнні сферы ўжытку беларускай мовы будуць і надалей прыносіць толькі абмежаваны плён, пакуль адпаведныя захады не будуць прынятыя на дзяржаўным узроўні.

Таму Таварыства беларускай мовы лічыць неабходным, каб палітычныя партыі і іншыя арганізацыі ў Беларусі на першае ці, прынамсі, на адно з першых месцаў у сваёй дзейнасці паставілі пытанне адраджэння беларускай мовы, вяртанне яе да паўнавартаснага, усебаковага функцыянавання.

Мова – гэта тое, на чым грунтуецца нашая самасвядомасць, наша пачуццё супольнасці, уласнай вартасці і разуменне нацыянальных інтарэсаў. Гісторыя паказвае, што тыя, хто выступае супраць беларускай дзяржаўнасці, хочуць, каб беларусы выракліся, у першую чаргу, беларускай мовы. Можна прытрымлівацца розных палітычных поглядаў, аднак імкнуцца да развіцця ў грамадстве салідарнасці і абароны нацыянальных інтарэсаў, грунтам чаму з’яўляецца беларуская мова.

Сітуацыя, якая склалася, можа быць выпраўлена толькі ў тым выпадку, калі клопат пра беларускую мову будзе праяўлены на дзяржаўным узроўні. Гэта магчыма нават ва ўмовах дзейнага заканадаўства, калі будзе прыняты закон, накіраваны на дзяржаўную падтрымку беларускай мовы. Таварыства беларускай мовы распрацавала праект такога закона.

Паколькі найважнейшым прыярытэтам кожнай грамадскай арганізацыі і партыі з’яўляецца кансалідацыя грамадства вакол ідэй духоўнага Адраджэння Беларусі, незалежнасці, дэмакратыі, гістарычнай пераемнасці і адказнасці за нацыянальную гісторыю і культуру, мы заклікаем Вас да ўключэння ў праграму вашай арганізацыі палажэння аб прыярытэце пытання адраджэння беларускай мовы як грунту супольнасці грамадзян Беларусі, а таксама прапануем прадугледзець такі накірунак дзейнасці, як змаганне за прыняцце на дзяржаўным узроўні захадаў па падтрымцы беларускай мовы.

Таварыства беларускай мовы ахвотна дапаможа Вам у згаданых пытаннях – у т.л. дашле праект закона “Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы ў Рэспубліцы Беларусь”.


← вярнуцца ў навіны