Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Беларуская мова на ЦТ у Беларусі і на Лідчыне

2014.07.06 0

 Выява з сайта generation.by.

Скончылася рэгістрацыя на цэнтралізаванае тэставанне яшчэ 1 чэрвеня. Колькасць абітурыентаў значна паменшылася ў параўнанні з папярэднім годам. Калі ў 2013 на тэсты зарэгістравалася 117 тысяч чалавек, то ў 2014 Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў налічыў 105,6 тысяч абітурыентаў.

Несуцяшальнай ёсць статыстыка па мове тэстаў, якую выбралі абітурыенты. Беларуская мова, як і раней, значна саступае па папулярнасці расійскай і працягвае губляць прыхільнікаў.

Так, беларускую мову для абявязковага моўнага іспыта выбралі толькі 25% абітурыентаў: 26 тысяч супраць 78 тысяч чалавек, якія будуць здаваць расійскую мову. Гэта на 3% менш за 2013 год. У 2012 годзе беларускую мову здавалі 45 тысяч чалавек - 32% ад агульнай колькасці зарэгістраваных.

Колькасць тых, хто хоча здаваць профільныя прадметы па-беларуску, таксама падае. У гэтым годзе беларускамоўныя бланкі тэстаў па гісторыі Беларусі атрымаюць усяго 14,25% абітурыентаў. У 2013 годзе гісторыю Беларусі па-беларуску здавалі 18,8%, а ў 2012 - 23,5% абітурыентаў. У 2011 годзе гэты паказчык быў роўны 33%.

Другое месца трымае сусветная гісторыя. Па-беларуску яе збіраюцца здаваць 6,5% абітурыентаў.

Беларускамоўныя тэсты па біялогіі замовілі 5,5% абітурыентаў, геаграфіі - 5, 18%, па матэматыцы і хіміі - 5%, па фізіцы - 4,8%.

Самая "небеларускамоўная" дысцыпліна ЦТ - грамадазнаўства. Толькі 2% абітурыентаў будуць здаваць гэты іспыт па-беларуску.

Колькасць вучняў беларускамоўных школ у краіне ў 2013-2014 складала 15% ад агульнай колькасці (142 тысячы дзяцей, гэта кожны сёмы вучань).

Паводле Кірылы Хілько

(сайт “Нашай Нівы”)

У Лідзе сёлета на ЦТ па беларускай мове зарэгістраваліся 1070 чалавек, на ЦТ па рускай мове - 1220 чалавек. Такім чынам у Лідскім рэгіёне беларускую мову выбралі для ЦТ 46,72%, што без малога ў два разы больш чым па краіне., але значна горш, чым летась. У 2013 г. у Лідзе на беларускую мову зарэгістраваліся 1268 чалавек, а на рускую - 1100 чалавек. Гэта значыць, што на беларускую мову зарэгістравалася 53,55%. Пазалетась на тэставанне па беларускай мове ў Лідзе прыйшло 59% удзельнікаў. Тэндэнцыя відавочная. Падзенне на 5-7% штогод.

У Лідзе тэставанне праходзяць дзеці з Лідскага і прылеглых раёнаў (Воранаўскага, Івейскага, часткова Дзятлаўскага і Шчучынскага). Найбольш слабое звяно ў плане беларускасці - безумоўна 100-тысячная Ліда, дзе ўсе 16 школ рускамоўныя ды плюс горад Бярозаўка. Выдзеліць з дадзеных тэставання Лідскі раён праблематычна, але ёсць звесткі пра здачу выпускных экзаменаў.

Усяго выпускнікоў у Лідскім раёне сёлета 831 чалавек. З іх беларускую мову ў якасці асноўнага экзамена выбралі 256 чалавек, што склала 30,80%. Рускую мову ў якасці асноўнага экзамена выбралі 554 чалавекі. Аднак яшчэ 273 чалавекі выбралі беларускую мову ў якасці экзамену па выбары. Такім чынам, усяго беларускую мову здавалі 529 чалавек, што складае 63,66% ад колькасці выпускнікоў. Да слова ў якасці экзамену па выбары рускую мову абраў толькі 61 чалавек. Усяго рускую мову на Лідчыне здавала на 86 чалавек больш, чым беларускую.

Летась выпускнікоў у Лідскім раёне было 838 чалавек. З іх беларускую мову ў якасці асноўнага экзамена выбралі 395 чалавек, што склала 47,14%. Яшчэ 195 чалавек выбралі беларускую мову ў якасці экзамена па выбары. Такім чынам, усяго беларускую мову здавалі 590 чалавек, што склала 70,41%. Да слова ў якасці экзамена па выбары рускую мову абралі толькі 98 чалавек. Усяго летась рускую мову на Лідчыне здавала на 49 чалавек менш, чым беларускую.

Відавочна, што сітуацыя і на экзаменах, як і на ЦТ, пагоршылася на тыя ж 7%.

Тым не менш, беларускую мову на выпускных школьных экзаменах у Лідскім раёне сёлета здавалі яшчэ 63,66% дзяцей. Гэта амаль 2/3 ад агульнай колькасці. 32,85% лідскіх выпускнікоў здавалі беларускую мову па ўласным  выбары.

Лідчына здае пазіцыі беларушчыны разам з усёй краінай, але выправіць сітуацыю тут не так цяжка. Была б воля.

                                                                                                                        Станіслаў Суднік


← вярнуцца ў навіны