Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

“Я хацеў бы, каб беларусы былі падобныя на цмокаў…”

2014.07.08 0

Эдуард Акулін. -- Скажы, калі ласка, Глеб, якая з пералічаных творчых іпастасяў табе найбольш імпануе? Ці не замінае гэта табе ў дасягненні галоўнай жыццёвай мэты?

Глеб Лабадзенка. -- У цяперашні момант мяне найбольш займае арганізацыя публічных курсаў беларускай мовы “Мова нанова”. У Менску штотыдзень на курсы прыходзіць пад 250 чалавек. Апроч таго, курсы пад нашаю назваю адкрыліся ў Бабруйску, Гародні, Берасці, Баранавічах, Нясвіжы, Маладзечне і нават Кракаве. Што да пытання празмернай колькасці актыўнасцяў, то ёсць такі выраз – і швец, і жнец, і на дудзе ігрэц. Зрэшты, не думаю, што гэта некаму шкодзіць. Хоць некаторых, ведаю, раздражняе. Але нічога – хай таксама варушацца.

Э. А. – У якім узросце і на якой мове ты пачаў пісаць?

Г. Л. -- У 13 год пачаў пісаць вершы па-беларуску. Праз гэта пазнаёміўся з Рыгорам Барадуліным – прынёс паказаць яму свае крэмзы.

Э. А. – Хто цябе пазнаёміў з Рыгорам Барадуліным? Які ўплыў на твой творчы лёс аказаў дзядзька Рыгор?

Г. Л. -- Да нас у школу прыйшла выкладаць кабета, якая вучылася разам з Барадуліным ва ўніверсітэце. Я, сямікласнік, быў шакаваны навіной, што нехта з беларускіх пісьменнікаў яшчэ жыве. Беларуская літаратура ў нас у школе выкладалася так, што літаратары для мяне былі толькі партрэтамі-абразамі на сценах кабінета беларускай літаратуры. Без перабольшання скажу, што дзядзька Рыгор – той чалавек, які ў прынцыпе зрабіў у гэтым жыцці на мяне найбольшы ўплыў. 14 гадоў, праведзеных побач з ім, я лічу шчасцем. Бо даволі хутка зразумеў, што гэта чалавек маштабу Купалы, Багдановіча… Робячы нешта, я заўжды распавядаў пра гэта дзядзьку Рыгору, раіўся. І цяпер часта лаўлю сябе на думцы, што ўяўляю, што б ён сказаў на тое ці гэта.

Э. А. – А як гэта -- сябраваць з народным паэтам?.. Я маю на ўвазе не толькі няпросты характар дзядзькі Рыгора, але і велізарную розніцу ва ўзросце паміж вамі? Якія жыццёвыя ўрокі ад Барадуліна ты здалеў засвоіць?

Г. Л. -- Думаю, што да мяне 13-гадовага хлапчука дзядзька Рыгор паставіўся як да ўнука, няхай даруе ён такое нахабнае меркаванне. Мы ні разу не пасварыліся. А розніца ва ўзросце… Дзядзька Рыгор часта казаў пра маладых, што ў стасунках з імі ён і сам маладзее. Я ж стараўся хоць крыху сталець і разумнець побач з ім, цягнуцца да яго, слухаць і чуць яго. Дзякуючы Барадуліну, я не наступіў на многія граблі: ведаючы ад яго, з кім не варта вадзіцца, куды не варта лезці.

Э. А. – У тваім фотаархіве тысячы фотаздымкаў нашых вядомых пісьменнікаў, мастакаў, музыкаў… Скажы колькі словаў пра сваё захапленне фотамастацтвам…

Г. Л. -- Ніякіх амбіцый фатографа ў мяне няма, ды і тэхніка самая простая. Свой архіў, дзе сапраўды здымкі сотняў і сотняў асобаў, цаню найперш з дакументальнага пункту гледжання. Там ёсць здымкі людзей, якія ўжо пакінулі гэты свет. Напрыклад, толькі дзядзькі Рыгора каля 4500 здымкаў. Зробленых у ягонай хаце, на імпрэзах, у Вушачах, падчас нейкіх сумесных вандровак… Можа, яны і не маюць мастацкай вартасці, але на іх зафіксаваная гістарычная асоба, найвялікшы беларускі паэт апошніх дзесяцігоддзяў – таму яны ўнікальныя. Таксама ў архіве шмат здымкаў архітэктуры. Гэта маё вялікае захапленне: аб’ехаў у нашай краіне больш за 1000 населеных пунктаў, дзе захаваліся нейкія архітэктурныя цікавосткі. Зноў жа, можа гэта і невысокай мастацкай вартасці фота… Але, як у нас часам бывае, помнікі архітэктуры руйнуюць – і трэба іх фіксаваць як найболей.

Падчас заняткаў на курсах “Мова нанова”

Э. А. – Чым для цябе стала журналістыка? Ці лічыш ты гэты этап у сваім жыцці пройдзеным?

Г. Л. -- Журналістыка – мая прафесія, якая давала і дае мне хлеб. Таму пройдзеным этапам яна быць не можа, бо я пакуль жыць без хлеба не навучыўся. Прафесія вельмі цікавая! Пра журналістаў кажуць: людзі, якія нічога не ведаюць добра, але ўсяго ведаюць патроху. Тысячы і тысячы кантактаў, набытых у працоўных стасунках, прыдаюцца і ва ўсіх іншых актыўнасцях, пералічаных вамі вышэй.

Э. А. – Пасля выхаду твайго першага паэтычнага зборніка “Пагер-вершы” прайшло некалькі гадоў… Чаму такая затрымка з новай кнігай? Нестае натхнення, жадання ці часу на новую кнігу?

Г. Л. -- Няма такой мэты. У нас жа паэтаў – ё-маё! Ці магу я нешта дадаць да гэтай пляяды галасоў?.. Да таго ж, літаратура добра ўдаецца тым, хто займаецца толькі літаратурай. У мяне такой магчымасці няма. А быць шэраговым паэтам, каб у пераліку тваіх “рэгаліяў” дадалося яшчэ адно слова?.. Сумнеўнае жаданне.

Э. А. – Твая “Дзіцячая заМова” зрабіла сапраўдны фурор у айчынным кнігавыдавецтве. Хто падказаў табе ідэю жывых малюнкаў – відэаскрайбінга для ажыццяўлення мастацкай задумы кнігі? Ці ёсць надзея на яе працяг?

Г. Л. -- Вось, спадар Эдуард, дзякуючы вам даведаўся новае слова – відэаскрайбінг!.. Ідэя з’явілася выпадкова – намаляваў для жонкі схему з розніцай між “цяпер” і “зараз”. Падумаў, што схема можа быць карысная і іншым – вывесіў у блог. Людзі пачалі пытаць: а гэта як адрозніць, а тое як запомніць?.. Так і пайшлі малюнкі. У кнігу ўвайшло 112. І яна за год прадалася амаль цалкам – а гэта 2000 асобнікаў. Цяпер ужо гатовыя новыя 70 малюнкаў – два разы на тыдзень яны з’яўляюцца на сайце кампаніі “Будзьма беларусамі!” Дзякуй “Будзьме” за такую прапанову – бо сам бы я, пэўна, ленаваўся рабіць гэта з такой рэгулярнасцю. Як назбіраецца сотня ці больш – хачу зрабіць другую частку “Дзіцячай заМовы”, раз ужо яна прыйшлася даспадобы чытачам!

З маленькай чытачкай  “Дзіцячай заМовы”

Э. А. – Як актыўны ўдзельнік культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” ты аб’ехаў велізарную колькасць беларускіх гарадоў, мястэчкаў і вёсак… І калі напачатку аб’ектам тваіх вандровак-выступаў была літаратура, то апошнім часам ты ўсклаў на сябе місію айчыннага цмоказнаўцы… Гэта для цябе звычайная літаратурная авантура, ці нешта большае?
Г. Л. -- Калі мы з калегамі з “Будзьмы” абмяркоўвалі канцэпцыю кампаніі “У пошуках Цмока”, то прыйшлі да высновы, што няважна, “пад якім соўсам” людзі паедуць вандраваць па Беларусі – абы паехалі. А край наш бязмежны! Дзе ўжо я люблю вандраваць па радзіме, але і тое пабыў у дзясятках найцікавейшых месцах, дзе не бываў раней. Скажам, адзіная ў Беларусі пячора пад Празарокамі... Сапраўдная пячора, са сталактытамі і сталагмітамі, хоць і з пясчаніка!.. Або адзін з самых вялікіх у Беларусі валуноў – Змееў камень – пад Чашнікамі. Ці 5000-гадовыя крамянёвыя шахты пад Ваўкавыскам… Дарэчы, шукаць Цмока нескладана. Нас даслоўна пераследавалі рознага кшталту цмокі на нашым шляху. У Гомелі за палацам Румянцавых і Паскевічаў стаіць фігура першага гамельчука – на чаўне з рыссю. У яго на шыі – амулет з Цмокам! У Ветцы знайшлі выяву Цмока ў рукапісным Евангеллі XVII стагоддзя. У Браславе фігура Цмока стаіць проста перад мясцовым пунктам аховы правапарадку. У Жыткавічах Цмок пазірае са стэлы каля вядомай кавярні-карабля. У Міры нам распавялі легенду, што некалі тут забілі Цмока – а каб не вылез з магілы, на гэтым месцы паставілі замак… Увогуле ж, Цмок – гэта для мяне сімвал звышбеларуса. Дарэчы, збольшага станоўчы персанаж! Калі ўсё спакойна – то і ён нікога не чапае. А як надарыцца небяспека – абернецца цераз сябе, здабудзе крылы і гатовы агнём паліць ворагаў. Я хацеў бы, каб беларусы былі падобнымі на цмокаў…

“У кожную руку – па цмоку-себруку…”

Э. А. – Нядаўна ты спрычыніўся да выхаду ў свет унікальнай рукапіснай кнігі Рыгора Барадуліна “Лепей”, якой паэт паспеў парадвацца яшчэ пры жыцці… Ці плануеш ты надалей працаваць з архівам народнага паэта?
Г. Л. -- Я чалавек несістэмнага, ненавуковага складу. Таму ў працы з архівамі дзядзькі Рыгора ўвесь спадзеў на ягонага сябра і даследчыка ягонай творчасці Сяргея Шапрана. Ужо да саракавін Сяргей падрыхтаваў зборнік апошніх вершаў “У неба пехатою”. Усім раю займець! Там проста касмічныя вершы, паэт размаўляе з Богам… І ўзнікае жывое адчуванне, што Бог добра разумее па-беларуску.

Музы і паэты

Э. А. – Распавядзі пра свой удзел у праекце “Мова нанова”. Што, на тваю думку, дае людзям гэты праект?

Г. Л. -- Самае неверагоднае і каштоўнае: калі на першыя заняткі прыйшло пад 300 чалавек – я практычна нікога з іх не ведаў! Нават у твар! Бо ведаеце, як гэта бывае: прыходзіш на канцэрт ці вечарыну – і прынамсі ў твар большасць ведаеш… А гэта – новыя, незаангажаваныя раней у беларускую справу людзі. Для якіх мова – гэта не “палітыка” і “апазіцыя”, а пункт уваходу ў грамадскую актыўнасць. Як прыемна прыходзіць у філармонію, у мастацкі музей, на іншыя беларускія імпрэзы – і сустракаць там слухачоў нашых курсах. “Вучняў” язык не паварочваецца сказаць, бо палова людзей за мяне старэйшая. Гэта яшчэ адзін цікавы момант – навошта на курсы ходзяць людзі сярэдняга і нават старэйшага веку? Я распытваў – і выявілася, што яны даўна хацелі неяк увайсці ў гэтую беларускую плынь, але не ведалі як. А курсы – безбалючы спосаб. Галоўнае – прыйсці. Да таго ж, ніхто з іх тут не белая варона. Ніхто не смяецца за трасянку, не паказвае пальцам за памылкі. Атмасфера дабразычлівая і нават сямейная. Таму колькі людзям будуць патрэбныя такія курсы – мы з калегай Алесяй Літвіноўскай будзем іх ладзіць.

Э. А. – Ці ёсць перспектывы ў дадзенага праекту? Якім табе бачыцца ягонае развіццё?

Г. Л. -- Перспектывы бачу ў тым, каб не спыняцца, развівацца. Тое, што курсы папулярныя – нагода не сядзець і цешыцца, а думаць, як зрабіць іх яшчэ лепшымі. Важным лічым далейшае развіццё курсаў у рэгіёнах. Цяпер, апроч Менска, ахоплена шэсць гарадоў, але ж у нас райцэнтраў больш за 100!..

“Мала -- мову толькі любіць, мову патрэбна яшчэ й бараніць…”

Э. А. – Што галоўнае для цябе ў жанчыне?

Г. Л. -- Здольнасць разумець. Мужчына – ён жа па сваёй натуры каўбой, воін. Хай і ў драбязе. Мудрая жанчына павінна адчуваць гэта і даваць мужчыну рэалізавацца – бо іначай ён будзе анучаю ці ўвогуле сап’ецца. Канешне, я кажу няправільныя рэчы з пункту гледжання гендэрнай роўнасці… Але сваёй жонцы часта стаўлю ў прыклад Валянціну Міхайлаўну Барадуліну. Дзядзька Рыгор за ўсё жыццё не забіў дома ніводнага цвіка, нават паліцу павесіць яна клікала суседа. Мне жонка на гэта адказвае, што я не Барадулін. Але каб Валянціна Міхайлаўна кіравалася такой логікай, уявіце: мы б не мелі сёння Рыгора Барадуліна! Я не хачу сказаць, што мужчына не павінен забіваць цвікі і вешаць паліцы – сам я ўсё па хаце і на лецішчы раблю сваімі рукамі. Але разумная жанчына павінна памятаць, што доля мужчыны – не толькі забіваць цвікі…

Э. А. – Не сакрэт, што жонкі многіх беларускіх літаратараў у сям’і нярэдка размаўляюць па-руску… Як ты да гэтага ставішся? На якой мове ты размаўляеш са сваёй жонкай і сынам?

Г. Л. -- Не хачу судзіць іншых. Мне пашанцавала – сваю жонку я ўзяў ужо беларускамоўнай. Не тое, каб гэта стала вырашальным чыннікам… Але ці змог бы я дарэшты даверыцца чалавеку з чужой моваю? Таму выбару, на якой мове размаўляць у сям’і, паўстаць не магло. І сына мы гадуем выключна па-беларуску.

Э. А. – Якія сямейныя святы вы адзначаеце? Хто ў хаце гаспадар? Ці любіш ты кухарыць?

Г. Л. -- Шчыра скажу, увогуле не люблю святы. Нават свой дзень нараджэння не адзначаю. З фармальнага пункту гледжання свята: вось вам нейкі дзень – і мусіце весяліцца. А калі настрой кепскі? А калі зуб баліць? Найбольшае сямейнае свята для мяне – нараджэнне сына. Кожны месяц кажам: вось яму столькі, а вось яму ўжо на месяц больш. А іншыя фармальныя даты абмінаю. Лепш прынясу кветкі жонцы ў звычайны дзень, чым на якое свята. У хаце гаспадар раней быў кот, а цяпер, натуральна, Стэфан Глебавіч – усё падпарадкавана яму, усё круціцца вакол яго. А наконт кухарыць, маем у сям’і такую завядзёнку, што дранікі раблю выключна я. І жонка нават кажа, што ёй падабаюцца!

Э. А. – Як адпачывае Глеб Лабадзенка?

Г. Л. -- Вандроўкі па Беларусі, майстраванне нечага на лецішчы. Увогуле, не магу легчы і ляжаць – даволі хутка пачынаю дурэць. Люблю пасядзець пры вогнішчы з сябрамі – у такіх гутарках нараджаюцца планы, з’яўляюцца адказы на пытанні, тлумачэнні многіх рэчаў.

Э. А. – Каго ты любіш з айчынных і замежных музыкаў?

Г. Л. -- З нашых музыкаў дужа люблю Лявона Вольскага, Змітра Вайцюшкевіча, гурты HandmadE, “Босае сонца”, “Троіцу”… Мая любімая музыка – гэта нашыя народныя спевы, а таксама класіка – Шапэн, Агінскі, Манюшка… Пад гэта магу і працаваць, і адпачывааць, і асабліва думаць у доўгіх дарогах за стырном.

Э. А. – Якая твая запаветная мара…

Г. Л. -- Каб мары паспяхова пераходзілі ў разрад задач, а затым увасабляліся!

                                                                                   Эдуард Акулін

спецыяльна для Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны


← вярнуцца ў навіны