Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Як ТБМ адзначае 25-годдзе. Частка першая

2014.06.27 0

 Усе здымкі зрабіла спецыяльна для ТБМ Юлія Бажок.

Расповед пра ўручэнне падзяк актыўным сябрам ТБМ будзе ў іншым артыкуле. Зараз падаем апісанне юбілейнага канцэрта.

Святочны канцэрт распачаў бард Эдуард Акулін, выканаўшы песню “Малітва”. Публіка шчыра падтрымлівала выступоўцу апладысментамі і воклічамі “Брава!”. Сімвалічна, што музыка праспяваў таксама песню “Узыйду”, прысвечаную праваабаронцу Алесю Бяляцкаму, які нядаўна выйшаў з-за кратаў. Затым прагучала вядомая кампазіцыя “Янка Купала”, якую зала без лішніх заахвочванняў заспявала разам з артыстам. 

Перад выхадам наступнага выступоўцы вядучы канцэрта Пётр Клюеў падзякаваў ТБМ ад імені ўсёй беларускай моладзі, адзначыўшы, што ён равеснік 25-гадовага Таварыства, і мае за гонар працягваць у сваім пакаленні справу Беларушчыны. Тым часам на сцэне з’явіўся Алесь Камоцкі. Музыка выканаў песню, прысвечаную Рыгору Барадуліну, зазначыўшы, што выканаў апошняе абяцанне, дадзенае народнаму паэту: пабачыла свет кніга дзядзькі Рыгора разам з дыскам, дзе вершы чытае аўтар. “Абяцаў быць лірычным, а якая ж лірыка без рамансу?” – працягваў Алесь Камоцкі. Ён распавёў, што разам з Барадуліным напісаў дзясяткі рамансаў, але ж наймацней за ўсё ў душу запаў адзін – “Княгіня хараства”, які бард і заспяваў.

Пасля лірычнага і спакойнага Камоцкага да мікрафона выйшаў брутальны Зміцер Бартосік, які таксама ўзгадаў сумесную працу з Рыгорам Барадуліным, выканаўшы старыя і ўсім вядомыя песні Булата Акуджавы і Уладзіміра Высоцкага, перакладзеныя паэтам на беларускую мову. “Яны гучаць так, нібы былі напісаныя ў нас, і гучаць па-сучаснаму”, -- справядліва заўважыў Зміцер Бартосік, напрыканцы “ўзарваўшы” залу жартаўліва-сур’ёзнай песняй-“прароцтвам”.

Наступнай павіншаваць Таварыства Беларускай Мовы, расквяціўшы кампанію мужчын з гітарамі, выйшла спявачка і паэтэса Таццяна Беланогая. Яна падарыла Таварыству свой апошні дыск і праспявала некалькі сваіх песень са старых і новага альбомаў, а таксама выканала пяшчотныя светлыя кампазіцыі на вершы Максіма Багдановіча і Яўгеніі Янішчыц. Таццяна Беланогая дадала, што цяпер працуе над запісам новага альбому на вершы слыннай беларускай паэтэсы.

Закрываць святочную праграму выпала гурту “Рэха” на чале з Андрусём Такіндангам. З самай першай песні гурта ў зале няспынна гучалі апладысменты. На месцы ўседзець было немагчыма, і некаторыя ўдзельнікі вечарыны кінуліся ў скокі. Ці варта казаць пра тое, што зала ахвотна спявала разам з выканаўцамі, калі нават супрацоўніцы бара “Ў” збегліся паглядзець на завадны выступ гурта?

Свята юбілею ТБМ атрымалася яркім і пакінула шмат станоўчых уражанняў ва ўсіх, хто на ім прысутнічаў, а галоўнае яшчэ раз паказала: беларуская мова жыве!

Дзіяна Серадзюк

спецыяльна для ТБМ


← вярнуцца ў навіны