Працуюць
76Структуры ТБМ працуюць ў 76 населеных пунктах Беларусі, а таксама ў Маскве, Іркуцку, Вільні, Пецярбурзе, Рызе.
2014.06.24 0
Выява з сайта sendflowers.by.
У Ліду штодзённа едуць экскурсіі з Беларусі і з-за мяжы. Прымаюць гасцей і вядуць экскурсіі па замку і па горадзе ў асноўным дзве структуры: Лідскі гістарычна-мастацкі музей і прыватная турыстычная фірма “Адрас лета” (былы “Святавіт”).
Экскурсіі ў Лідзе вядуцца на розных мовах. Часцей за ўсё гэта руская мова, але...
У Лідскім гістарычна-мастацкім музеі экскурсіі вядуць 11 чалавек, з іх:
- толькі па-беларуску экскурсіі вядзе 1 чалавек - Алесь Хітрун;
- па-беларуску і па-руску (у адпаведнасці з заяўкай) вядуць экскурсіі 7 чалавек з улікам дырэктара музея Ганны Драб, якая вядзе экскурсіі толькі для асабліва важных дэлегацый;
- толькі па-руску вядуць экскурсіі 3 чалавекі;
- 1 чалавек можа весці экскурсіі па-польску;
- 1 чалавек можа весці экскурсіі па-англійску.
У турыстычнай фірме “Адрас лета” экскурсіі вядуць 9 чалавек:
- па-беларуску і па-руску вядзе экскурсіі 1 чалавек;
- яшчэ два чалавекі могуць весці экскурсіі па-беларуску, але робяць гэта вельмі рэдка;
- 1 чалавек можа весці экскурсіі па-польску;
- 1 чалавек можа весці экскурсіі па-літоўску;
- 1 чалавек можа весці экскурсіі па-англійску;
Асноўная маса экскурсій гэтай фірмай праводзіцца па-руску, але ў якасці кампенсацыі анімацыйнае прадстаўленне “Вяселле Ягайлы”, якім фірма забаўляе турыстаў, ідзе толькі па-беларуску, не гледзячы ні на што, не зважаючы, адкуль дэлегацыя.
Вельмі часта ў турыстычных заяўках мова экскурсій не абгаварваецца, і тут важная пазіцыя экскурсавода. Так Алесь Хітрун заявіў літоўскай групе, што ён вядзе экскурсіі толькі па-беларуску, калі іх гэта не задаволіць, то экскурсавода можна замяніць. На гэта літоўцы адказалі зусім нечакана:
- Вядзіце па-беларуску. Гэта і нашая мова таксама. Калі што не зразумеем - перапытаем.
А адна жанчына на літаратурнай беларускай мове дадала:
- Чуць што, перакладу.
Так жа ахвотна згаджаюцца на беларускую мову палякі.
Такім чынам з 20 лідскіх экскурсаводаў мы маем 11 здольных працаваць па-беларуску і 9, якія гэта рэгулярна робяць.
На жаль, пакуль параўнаць няма з кім, але няхай гэты артыкул будзе першым, а іншыя гарады параўнаюць сваю сітуацыю з лідскай.
Станіслаў Суднік