Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
Мясцовыя арганізацыі

Віцебская абласная арганізацыя ТБМ

навіны

Творчасць сяброў ТБМ

2014.06.18 0

  Выява з сайта fb.ru/.

Пераклад

М. Ю. Лермантаў

Ліцвінка

Аповесць

                            1

Чый гэта церам на гары крутой

Зубчастаю красуецца сцяной?

Патомны навакольны свой абшар

Пільнуе ад каго яго ўладар?

Хто шэпт малітваў, весялосці клік

Скляпенням цёмным давяраць прывык?

Яго імя , чытач, я выдам вам:

Арсень! – Так ведамы ён быў сябрам

І ворагам… Імя ён шанаваў

І іншым называцца не жадаў!

Яго правоў аспрэчваць не пасмеў

Пакуль ніхто – ён лепш і не хацеў.

Не ведаў над сабою ён судоў.

Не паважаў суседзяў. Пагатоў

Багаты быў, ды і –  герой вайны!

Як да яго звярталіся яны,

З пагарадай сустракаў такіх гасцей,

Не давяраў іх слову… Найчасцей

Ён нават ласкай госця прыніжаў

І, мусіць, сам таго не заўважаў.

Ці не таму даволі рана ён

Быў над натоўпам і здалёк відзён.

                          2

У ложках насалоды і ў вайне

Гады юнацтва ён правёў свае.

Калі гучаў удар яго мяча,

Рабілася чырвонай епанча,

Ва ўцёках быў татарын і ліцвін:

Ён часам войска замяняў адзін!

У шнарах грудзі, між маршчын чала

Былое раны меціна цвіла;

І, гонар воіна! – Малюй партрэт! –

Ірдзеў рубец – літоўскай шаблі след!

                              3

З вайны прыйшоўшы, жонку абмінаў,

І вуснаў ейных не пацалаваў.

Ён не прывёз ёй дарагіх шаўкоў,

Парчы татарскай, срэбра, жамчугоў.

Як кажуць: адчапіцца б хоць,

Ён слоўца не прамовіў мімаходзь.

Вярнуўшыся дамоў, не запытаў,

Як сын яго без бацькі падрастаў.

Пра подзвігі свае ў чужой старонцы

Не распавёў ні сыну ён, ні жонцы.

І радасці спаткання хоць сцячэ

Пяшчотная сляза з яе вачэй:

Раней сляза журботнаю была,

А ў радасці пяшчотаю сцякла.

А ён ёй здрадзіў! Шлюб нішто такім,

Хто ўцех зямных адшуквае кілім.

Яго дэвіз, праграма на жыццё:

Свабодны сэрца, дух і пачуццё.

                         4

А з жонкай што? Гаротная яна

У пустыні. Старэнькая адна

Рашыла з ёй выгнанне раздзяліць,

Каб Госпада аб міласці маліць.

Цяпер праз доўгі шэраг дзён-начэй

Жыццё іх у малітвах пацячэ.

Для ўсіх яна памерлаю была,

Але душа жанчыны не магла,

Не мела моцы – сіл таго забыць,

Хто колісь радасць з ёй умеў дзяліць.

Ён здрадзіў ёй! Дык што? Тады й таму

Павінна здрадзіць і яна яму?

Ахвяры боль і Вышняга закон –

Усё знядбаў для новай жарсці ён:

Палонніцы, ліцвінкі маладой,

Дзяўчыны з годна ўзнятай галавой.

Ва ўгоду ёй за колькі цёплых слоў

З прытворных вуснаў быў Арсень гатоў

Ахвяраваць душою і сям’ёй,

Радзімаю!.. І ўсё ва ўгоду ёй.

                      5

Заходзіла свяціла за курган

І чырвань пралівала праз туман.

А, разагнаўшы воблакі, прамень

Праводзіў на спачын чарговы дзень

Са слодыччу ціхуткаю. Зямшар,

Нібыта свету пахмурнелы твар,

Спагады варты быў. Прамень

Пакінуў дол, лес апрануў у цень,

Гары вянок і церам азарыў;

Святло сваё апошняе разліў

Па вітражах акон святліцы той,

Дзе так нядаўна ў радасці святой

Чакала мужа жонка ля акна,

Пакуль ішла чарговая вайна;

А сын бацькоўскі меч ледзь падымаў:

Так моцы ён і гарту набываў.

Дзе маці з сынам? Дзе? На месцы іх

Ліцвіначка – дзіця краёў чужых!

Бязмоўная сяброўка дзён былых

Ёй лютня міла не лагодзіць слых;

Апошнім бляскам ледзве - ледзь гарыць

На рванае струне струмень зары.

Смуткуе Клара,знік дзявочы спрыт,

Прытух вачэй гарэзлівых блакіт;

На захад позірк адсылаюць мроі,

Ды не зары прываблівлі строі:

Радзіма там! Спявак і воін там

Схіляліся не раз к яе нагам.

Там дзевы вольныя! Ніхто бы ёй

Там не сказаў: “Хачу любві тваёй!”                

                           6

Павінна дзеўка мяккай быць? Нямой?

Кахаць таго, хто грознаю вайной

Спустошыў родны край яе бацькоў?

Павінна прывячаць?.. Пяшчотай слоў

Сваю нянавісць прыкрываць?.. Тугу

Вучыць штодня кахання языку

І сэрца трапятацца прымушаць,

І жарсцю небывалай абмаўляць

Нязначны ўздых ці выпадковы сказ

Яна павінна?.. Помсты прыйдзе час! 

                           7

Вячэрні пір! Сталы, рабы: парад!

Святло ліецца з безлічы лампад.

У срэбных кубках пеніцца віно:

Да водару спадар прывык даўно!

Ён п’е і п’е бурштынную брую –

Распусту мкнецца патапіць сваю.

–  Вяселлю быць! –  i Клара ў жаху тут

Убачыла ў яго вачах прысуд.

Усмешак фальш, смех гулкi, "Браво!" – клiк,

Апроч яе, падманваў iх усiх.

Ухмылку Клары не злавіўшы, ён

Абняў сваю нявольнiцу – патрон!

Ядвабнасцьзалацiстых валасоў

Спадаючай шырокай паласой

Рассыпалася пад яго рукой

На грубы твар, памечаны вайной.

Самотны выгляд набывае Клара

І кажа, быццам крыўды і не знала:

– Кахаеш ты мяне? – “ Какой вопрос?

Усклiкнуў ён. – Кто ж больше перенёс

И для тебя так много погубил,

Как я? И твой Арсений не любил?

И, –  человек, –  я б мог обнять тебя

Не трепеща душою, не любя?

О, шутками меня не искушай!

Мой ад среди забот людских –  мой рай

У ног твоих! – и если я не тут,

 И если рук моих твои не жмут,

Дворец и плаха для меня равны,

Досадой дни мои отравлены!

Я непорочен у груди твоей:

Суров и дик среди других людей!

В твои колени голову склонив,

Я, как дитя, беспечен и счастлив.

И тёплое дыханье уст твоих

Приятней мне курений дорогих!

Ты рождена, чтоб мной повелевать.

Моя любовь то может доказать.

Пусть я твой раб! –  Но я не раб судьбы!

Достойны ли тебя её рабы?

Поверь. Когда б меня не создал Бог,

Он ниспослать бы в мир тебя не смог”.                      

                          8

–  Калi б меня кахаў ты сапраўды, –

Сказала Клара роспачна, – тады

Я не жыла б у цераме тваiм.

"Ён мой!" – ты кажаш. –  Толькi што мне ў iм?

Багацця поўны церам, вiтражы:

Вачам прыемна, сэрцу ён чужы.

У пушчы воды чыстыя цякуць,

Але раку не Вiлiяй завуць.

I вецер, што люляе тут траву,

Мне не прыносiць песнi пра Лiтву.

Не, рускi! Не! Любоў твая –  удар!

Да волi дзверы зачынiў твой дар.

I Клара адвярнулася. Дакор

З яе вачэй няўхiльна бiў ва ўпор.

Ён дараваў ёй колкіх слоў асцё

І, апроч волі, ёй аддаў бы ўсё,

Каб атрымаць хоць бы адзiн пагляд

З тых, што атруты шчасцем – брат. 

                          9

Ды што за госць начны парой лiхой

Бразгоча ў браму моцнаю рукой?

Ад сну прадзёршы вочы, вартаўнiк

Крычыць:  "Хто там? Ах, хто там, каб ты знiк!

– Хто там?” – перапытаў. "Пусцi, браток!

Адзiны на шляху ў нас ваш куток.

У полi, чуеш, непагадзi роў;

У нашых жылах зледзянела кроў.

Пусцiце, людцы, абагрэцца нас,

А заўтра ранкам мы пакiнем вас

I потым у малiтвах у сваiх

Гасцiнны гэты двор краёў чужых

Мы не забудзем." Вартаўнiк маўчаў,

Але ў замку ключ звякнуў, завiшчаў,

Аб дошкі важкi загрымеў затвор,

Вароты расчынілiся... На двор

Два вершнiкi праехалi. У дом

Iм ходнiк падсвяцiлi ліхтаром.

Як павядзе з iх рэзка хто плячом,

Штось заблішчыць і дзынкне пад плашчом.

                      10

Да столу запрасiў iх гаспадар

I рэй завёў... Яго свяцiўся твар.

А госцi - рады ён iх прывячаць -

Амаль не п'юць і збольшага маўчаць.

Адзiн прывабны, жвавы, малады;

Другi сiвы, пахiлы i худы,

Гучыць незвыкла ў говары яго

Нярускае маўленне: "Дзе?", "Чаго?"

Малодшы быў смялейшым, позiрк свой

Не зводзiў з паланянкі маладой;

Таемна, каб спадар не распазнаў

Гасцей намер, яго ён абмiнаў.

Ды, бачна, быў знаёмы ён калiсь:

Адкрыты твар, пагляд iрвецца ўвысь!

I штосьці блiзкае аб даўнiх днях

Напомнiў ёй. О! Не жаночы жах

Прымусiў здрыгануцца, уздыхнуць

I галаву паспешна адвярнуць.

Хусцiнкаю наўпрост прыкрыла зрок,

Не выдалi каб слёзы незнарок.

                           11

“Ты побледнела, Клара? Что с тобой?”

– Мне кепска штось. У свой пайду пакой.

Акно раскрыла, села перад iм,

Каб водарам надыхацца начным.

У цёмным полi скрозь туман здалёк

Блiшчэў забыты кімсьці касцярок.

А парушальнiк цiшы - вецярок

Па шатах дрэваў – гуля – абібок,

Сабачы брэх i цэркваў перазвон

З палёў прыносiў да яе акон.

У смутку Клара. У палоне дум.

У голаў тне ўспамінаў калатун.

Калi б хто-небудзь усвядомiць мог

Хоць бы палову ўсiх яе трывог,

Ён, на сабе не стаўшы прымяраць,

Іх даўкую вагу рашыў прыняць,

Каб светлае яе чало наноў

Пазнала радасць волi i любоў;

На шчоках каб румянак заiграў,

Нiбы вясёлка над суквеццем траў.

А што змагло так Клару ўсхваляваць?

Вандроўнiкi? Як тайну разгадаць?

Чым для душы пакуты наймацней,

Тым след iх вечны тоне ў ёй глыбей,

Пакуль усё, што дадзена ёй небам,

Адной пакутаю не стане  –  трэбай. 

                    12

Рассунуў срэбны месяц хмарастой,

Як херувiм варожых духаў рой;

Як спадзявання радасцi прывет

Ад сэрца гонiць памяць даўнiх бед.

А раўнадушны сведка тайных спраў,

Якiх бы дзень i ведаць не жадаў,

А ноч схаваць...Блукае ён адзiн –

Спадар нябесных стэпавых раўнiн.

Абмаляваў лiцвiнкi юны лiк

Ды й у святлiцу дзеўчыны пранiк.

Уладкаваўся без турбот на дол,

Няўвагаю чамусь пакрыўдзiў стол;

А вось персiдскi высвятлiў дыван –

Адзiны, так бы мовіць, сценапан.

Ды што за гук раздаўся за сцяной?

Працяглы стогн, трывога, непакой…

Падобны гуку песнi... Ах, каб быў

Тым спеваком падоўжаны матыў!

Ага! Узноў... адзiн, другі куплет...

Пазнала Клара! –  Пахiснуўся свет.

(Пагляд туманны пад крутым iлбом

Цябе ўстрывожыў за пiтным сталом)

Нязбытных мрояў стос душу пячэ:

Рака ўспамiнаў чуйная цячэ –

Так соладка ў адной Лiтве пяюць!

Туды, туды яны яе завуць.

І адгукнуўся ў сэрцы, як званок,

Знаёмы спеў – шчаслiвых дзён зарок.                       

                          13

Мiнулым песня дыхала, жыла.

Як вольнасць –  вольнай, простаю была.

Але, найперш, Радзiмаю бацькоў!

У сэрцы Клары заіграла кроў.

Ды ў асалодзе песнi быў папрок,

І гонару палонніцы ён мог

Надаць бязчэсце... Перад ёй паўстала

Знявага помстлiвая. Клара

Схапiла лютню i струна

Звiнiць, звiнiць... прачнулася сама!

Яскраваю надзеяй у адказ

Спеў загучаў... ды песня знiкла ўраз:

Iмгненнем усяго адным была,

Дзе нарадзiлася ды там i знемагла.

А той, хто слухаў, добра разумеў,

Гаротны, сумны дзеўчыны напеў.

Ды вельмi прызямлiў нас мудры Бог,

Каб тую песню хто запомнiць мог. 

                       14

За лесам дагарэла ўжо зара:

Начная верхаводзiла пара.

Дзе вартаўнiк? –  Сiгнал не падае:

У дошку масянжовую не б'е

I церам не абходзiць ён кругом.

Няздара спiць? Але! Ды вечным сном.

Да долу важкi скiнуты засоў,

А побач з iм стары. У кроў

Запэцкана сiвая барада,

I вусны сцяты й вейкi...Ой, бяда!

Набегла купка палахлiвых слуг:

Разгубленасць, сумяцiца... Наўкруг

Таўпiлiся да ранку на двары,

Галовы пасхiляўшы над старым

У шчырым спачуваннi да яго,

Не ведаючы, пачынаць з чаго.

А дзе забойца? Дзе? Чыя рука

Ўзнялася над чалом вартаўнiка?

Хто расчынiў высокае акно

I вузкае да долу палатно

Адтуль спусцiў…а чый гэта ў пясок

Малножкай утаптаны паясок?

А госцi дзе?.. За браму след вядзе...

I Клары-паланянкi – а-нi-дзе.

                        15

Арсень снiў сны. Благую навiну

Баялiся паведамiць яму.

Рашылiся. Ён выслухаў. Парыў

Быў усхапiцца,  ды не змог – застыў,

Як iдал мармуровы, як навец

З вачмi навыкат стрэўшы свой канец.

Пагляд халодны з бляскам, нiбы лёд,

Ён уталопiў слепа на народ.

Ускiнуў рэзка над сабой кулак,

Прамова з сiніх губ сышла як знак,

Цi як праклён, цi клятва, цi зварот –

Нiхто не зразумеў той абарот.

(На русском говорил он, на родном)

Ды рэй быў цiхi, як далёкi гром. 

                       16

Мiнулi днi. Арсень стаў зноў умець,

Як і раней: чуць, бачыць, разумець;

А раненае сэрца замiнала дых:

Было померлым у грудзях жывых.

Ён выгнаць змог з яго сваю любоў!

Мiнулае нябыўшым хто гатоў

З землянаў здзейснiць? А лятункам хто

Завершыць запаветны круг? Нiхто!

А ад душы якая ўлада можа

Адсекчы частку, што пакуты множыць?

I плёну не прынёс Арсеню час,

Бо лекуе ён не заўсёды нас.

Нудзiў нутро і грыз штодня разлад,

Але спакойным знешне быў пагляд:

Стрываў удар! Не стаў свой лёс гнявiць,

Не ведаючы, гора  як знябыць.

А паказаць нiкому не хацеў,

Што захварэў ізноўку, як умеў,

Душы хваробай. І ўначы, i днём

Яна палiла лютасцi агнём.

Як колiсь ненавiдзiў ён людзей:

Бязглуздым быў – зрабiўся лiхадзей!

Ды i не мог зрабiцца iншым ён

З гарачым сэрцам – гэта вырак, плён.                        

                         17

Ёсць прыцемкi душы – сляды нягод,

Калi ў ёй на святло і цьму няўрод.

Яна ў сябе баiцца паглядзець:

Жыццё не любiць, ненавiдзіць смерць!

I нельга звiнавацiць небадол,

Што, як налiха, весела наўкол.

Цудоўны свет! –  Ахвяра тайных мук

У iм, як у сугуччы хiбны гук.

Душа вiтае бляск прыроды ўсей,

Як стрэў бы ўсмешку ката лiхадзей,

Асуджаны да кары... I назад

Яна свой накiроўвае пагляд,

Ды хваляў след расплыўся па вадзе,

I квет засохлы зноў не расцвiце!

Ёсць разбуральнiк - бес даброт зямных:

Даруе радасць на кароткі мiг,

Каб лёсу ўдар нас загубiў хутчэй;

Ён вораг iсцiны, i неба, i людзей.

Наш слабы дух ламае, хiбiць ён,

Пакуль пакуты не знясуць, як сон,

Усё, што мы ацэнiм хоць бы раз,

Усё, што сквапна тне яго на нас.                     

                         18

Вялiкi князь пайшоў Лiтвы супроць,

Зацяты злосцю, помстаю шматкроць;

Гразiць палям i пушчам стараны,

Дзе разгарыцца полымя вайны.

Але, на волю маючы правы,

Паўстала шляхта гордая Лiтвы.

Ды глюгi  хiжых птушак, зуб ваўкоў

Склыгочуць па касцях яе сыноў. 

                        19

Нягожым шэрым днём у рускi стан

Прыйшоў без слуг, нібыта басурман,

Вядомы мужнасцю сваёй баец;

I кпiнаў нахапаўся, як хлапец.

Даўно свой ржавы меч не падымаў,

Пакою нiчыйму не замiнаў...

Чаму з'явiуся ён? Не родны край

Абараніць i не прадацца ў рай

Варожы, а (было хоць не вiдно)

Нацэлiўся на сэрца ён адно. 

                       20

Усцяж ракi над хвалiстай вадой

Разносiць вецер бiтвы грамабой:

У полi квет і моц сваiх дружын,

Звялi iзноўку рускi i лiцвiн.

Барвовай рысай шэры небасхiл

Лiцвiнаў край надвое  падзялiў.

У шэрань вецер неба абвалок,

У вочы гонiць трупны пах, пясок;

А бой iдзе! I гнецца рускi строй –

Яшчэ напор! –  і скончыцца разбой!

Наўспяткi князь. Ды голас прыпынiў

Такi знаёмы –  сэрца апалiў.

Ваяка стаў! Чырвоны плашч на iм,

Каб кроў не ўбачылi. Перадусiм

Узброены сякiрай баявой

І ворагi вакол ляжаць гарой.

Са свежаю крывёю на губах

Сканаў яшчэ адзiн…Апутаў жах

Сыноў Лiтвы... I конi, конi iх

Не слухаюцца цугляў баявых

Як утрымаць лiцвiнам рубяжы?

Iх гоняць, б'юць і войска ўжо бяжыць.

Але i, павярнуўшыся назад,

Удараў на русiнаў сыпле град. 

                        21

Арсень быў воінам, што трэба!

Славуты! Ды душы ганебу –

Агонь любвi – рашыў крывёй залiць.

Ён знелюбiў бы свет, каб не любiць

Адно стварэнне. Многа мерцвякоў

Ужо ляжала ля яго вакол;

І радасцю гарэў калючы зрок,

А помсты звер на бой яго валок.

Iшоў Арсень, мiнаючы сваiх,

Як метэор сярод свяцiл начных;

I не заўважыў, як зусiм адзiн,

Урэзаўся ў лiцвiнскi гурт дружын.

Апамятаўся позна. "Час настаў!" –

Падумаў ён, а меч яго шукаў

Апошнюю ахвяру... "Гэта ён!" –

За спiнаю раздаўся ўскрык-праклён.

Ён азiрнуўся рэзка i хацеў

Тым самым адказаць i... анямеў:

Анёлак бiтвы ў позе для ўдару

З узнятай шабляю стаяла Клара!

I маладыя воiны вакол,

I дзiдаў унушальны частакол;

Яна ж, кiруючы кагортай юнакоў,

Была сапраўдным iхнiм важаком.

Арсеня напаткаўшы, нi на мiг

Не разгубiлася. Не знiк

У голасе жанчыны маладой

Крамень. Махнула белаю рукой,

Усклiкнула: "Наперад! Бой iдзе!

Няма надзеi, покуль не ўпадзе

Надзьманны гэты рускi. Перад iм,

Я вам клянуся, мы не пабяжым!

Хто першы мне яго пакажа кроў,

Таму мая рука, мая любоў." 

                       22

Арсень пыхлiвы твар свой адвярнуў,

Прысуд пачуўшы, як бы казырнуў.

– И ты против меня?! – усклiкнуў ён;

Ды гэта быў хутчэй адчаю плён,

Нiбыта сэрца лепшая струна

Апошнiм гукам дзынкнула сама.

З пагардай меч адкiнуў, зняў шалом,

Павольна ахiнуўшыся плашчом,

Каб аніхто пабачыць не пасмеў,

Як ён падчас канчыны пабялеў.

Тры дзiды ўраз яго праткнулi грудзi,

А грудзi адпачыць хацелi. Людзi

Адвечны бой вядуць дабра са злом.

А князя зло – яго й перамагло.

Як цар дубровы, горда ён упаў:

Не здрыгануўся i не застагнаў;

Хаця б малiтву цi жыццю папрок

Прамоувiў. Не! Быў у яго зарок

Ад тых пачуццяў. Век шчаслiвы свой

Ён абагнаў, не верачы душой.

Жыццё закончыў з думкай: "Жыў – не жыў,"

Шкадуючы зямлю, якой служыў.

Свой рай i пекла тут пабудаваў,

А iншых земляў ён не прызнаваў. 

                     23

Заснула цiша ў цераме пустым.

Прытулак анiхто не знойдзе ў iм.

Падвор'е пустазеллем зарасло,

I пыл пакрыў былое хараство:

Святыя абразы, дыван i стол...

I сходнi, што выводзiлi на дол,

Не зарыпяць пад лёгкаю хадой

Незломнай прыгажунi маладой.

Нi гостры меч у похве залатой,

Нi шлем, нi лук з тугою цецівой

Сцен не аздобяць, бо – на полi тым,

Дзе ён загiнуў... А ў кутку адным

Усё як колiсь: лютня ля акна

I абарваная вакол яе струна;

На мяккiм ложку з даўняе пары

Прынады Клары, нiбы днi два-тры

Таму назад дзiця краёў чужых

Сюды нядбайна паскiдала іх.

I полаг раздзiмаючы парчовы,

Гуляе вецер – шэльма бесталковы;

Ды праз фiранку тонкую акна

Цiкуе поўня – сораму няма. 

                      24

Ёсць манастыр. На тыднi раз у iм

Мы чуем за ўпакой малiтву-гiмн;

I праваслаўны хрэсцiцца народ,

Калi Арсеня памiнае поп.

У крыптах продкаў труны ў храме

Пад радаводнымі гербамi.

Нiколi ў iхні рад не ляжа той,

Хто ў бiтве скончыў род славуты свой.

Нi з дзёрну груд, нi пышны маўзалей

Ягоных не захоўваюць касцей;

Нiхто па iм не галасiў...адна

Манахiня. Бог знае, хто яна?

Што ў бедны голаў ёй зайсцi змагло?

Хто жалю да яе не меў, таго,

Хто растаптаў каханне – ёй шкада.

Ён нават быць каханым не жадаў.

З табой адной ён жорсткiм быў, як пёс;

I цi не так з iм расквiтаўся лёс.

А як не плакаць вечна ёй аб тым,

Хто знаў ашуку з розумам такiм?

У сэрца, схопленае болем, жарсць

Вялікую прынуку можа ўкласць.

У шчылiне будынiны былой

Лёс даў жытло бярозцы маладой;

I цешыць зеленню яна пагляд.

Убачыўшы красуню, путнiк рад

Прысесцi побач, з мiрам адпачыць,

А потым сумаваць, як доўга жыць

Ёй засталося ў асяродку гэтым:

Дажджамi i вятрамi перапетым.

Усё ж... натуга ветраў i дажджоў

Не могуць агалiць ёй каранёў;

I пыльны лiст на дрэўцы маладым

Трапечацца, бо хоча быць жывым.

 

 Пераклад з расiйскай мовы

Змiтрака Кунiцкага

 


← вярнуцца ў навіны