Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Новыя беларускія конкурсы

2014.06.03 0

“ПрайдзіСвет” і Цэнтр “Экумена” запрашае узяць удзел у конкурсе паэтычнага перакладу псалмоў

Перакладніцкі часопіс “ПрайдзіCвет” і Цэнтр “Экумена” абвяшчаюць конкурс паэтычнага перакладу псалмоў на беларускую мову.

Для перакладу прапануюцца наступныя псалмы (нумарацыя Септуагінты, у дужках — масарэцкая):

Пс. 1 (1)

Пс. 8 (8)

Пс. 23 (24)

Пс. 50 (51)

Пс. 62 (63)

Пс. 83 (84)

Пс. 136 (137)

Умовы конкурсу:

Перакладчыкі могуць перакладаць з наступных крыніцаў: з арыгінальнай старажытнагабрэйскай, з арыгінальнай старажытнагрэцкай Септуагінты (пры валоданні, адпаведна, старажытнагабрэйскай і старажытнагрэцкай мовамі), а таксама могуць спампаваць падрыхтаваныя Аргкамітэтам конкурсу тэксты псалмоў па-старажытнагабрэйску з падрадковым перакладам са старонкі часопіса “ПрайдзіСвет”.

Удзельнікі могуць абраць для вершаванага перакладу адзін ці некалькі псалмоў.

Крытэрам ацэнкі журы будзе не толькі дакладнасць перакладу, але і яго мастацкія вартасці.

Свае працы з пазнакай "Пераклад псалмоў" дасылайце на адрас rada@prajdzisvet.org да 10 ліпеня 2014 г. 23 гадзін 45 хвілін па беларускім часе. У лісце пазначце, калі ласка, сваё імя, прозвішча, месца пражывання і прафесію.

Усе пераклады, прадстаўленыя для ацэнкі паважанага і кампетэнтнага журы, будуць зашыфраваныя.

Пераможцы конкурсу атрымаюць прызы, найлепшыя пераклады будуць апублікаваныя.

Рэдакцыя часопіса “ПрайдзіСвет” і Цэнтр “Экумена” 

Абвешчаны конкурс складання шахматных задач "Камянецкаму-100" з грашовымі і іншымі прызамі

Задачы ад беларускіх аматараў прымаюцца да 01.10.2014, суддзя – майстар Мікалай Бельчыкаў з Барысава. Больш падрабязна пра ўмовы конкурсу можна даведацца тут.

Даведка: Якаў Яфімавіч Камянецкі (15.04.1915, Мінск – 09.01.1991, тамсама) – адзін з найбольш вядомых шахматных кампазітараў і арганізатараў даваеннай Беларусі. Першыя публікацыі яго задач датуюцца 1929 г. Не адно дзесяцігоддзе ўзначальваў секцыю кампазіцыі пры федэрацыі шахмат БССР, шмат зрабіў для паспяховых выступленняў беларускай каманды на ўсесаюзных спаборніцтвах. Браў удзел у некалькіх чэмпіянатах Беларусі па вочнай гульні, выйграваў чэмпіянат Мінска. Апрача таго, Я. Камянецкі вылучыўся як ігрок па перапісцы (у 1970-х уваходзіў у дзясятку лепшых у Еўропе) і шахматны журналіст (актыўна супрацоўнічаў з газетамі «Звязда», «Фізкультурнік Беларусі» і інш.). Выпускнік БДУ, у маладосці перакладаў творы сусветнай літаратуры на беларускую. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, узнагароджаны ордэнам.

В. Рубінчык

ПАЛАЖЭННЕ МЕМАРЫЯЛЬНАГА КОНКУРСУ СКЛАДАННЯ ШАХМАТНЫХ ЗАДАЧ «ЯКАВУ КАМЯНЕЦКАМУ – 100»

Кароткія звесткі пра юбіляра

 Якаў Яфімавіч Камянецкі (15.04.1915, Мінск – 09.01.1991, тамсама) – адзін з найбольш вядомых шахматных кампазітараў і арганізатараў даваеннай БССР. Першыя публікацыі яго задач датуюцца 1929 г. Да 1970-х гадоў узначальваў секцыю кампазіцыі пры федэрацыі шахмат БССР, шмат зрабіў для паспяховых выступленняў беларускай каманды на ўсесаюзных спаборніцтвах. Браў удзел у некалькіх чэмпіянатах БССР па вочнай гульні, выйграваў чэмпіянат Мінска. Апрача таго, Я. Камянецкі вылучыўся як ігрок па перапісцы і шахматны журналіст (актыўна супрацоўнічаў з газетамі «Звязда», «Физкультурник Белоруссии» і інш.). Удзельнічаў у Вялікай Айчыннай вайне, быў узнагароджаны ордэнам.

Мэты конкурсу

 - дадатковае раскрыццё патэнцыялу шахматна-кампазітарскай супольнасці краіны;

- выяўленне новых здольных праблемістаў у Беларусі;

- папулярызацыя ведаў пра творчую спадчыну Я. Камянецкага і шахматную гісторыю ХХ ст.

Умовы конкурсу

1. Да спаборніцтва запрашаюцца ўсе аматары шахматнай кампазіцыі – жыхары Беларусі. Аматарамі ў гэтым выпадку лічацца асобы, якія пасля 01.01.2010 не атрымлівалі прызоў за шахматныя задачы ў міжнародных конкурсах. Жыхарамі Беларусі лічацца грамадзяне Рэспублікі Беларусь, незалежна ад месца іх знаходжання, і асобы з відам на жыхарства ў РБ. Астатнія катэгорыі складальнікаў маюць права выступіць па-за конкурсам.

2. На конкурс прымаюцца раней не публікаваныя творы з заданнем «мат за два хады». Кожны ўдзельнік прадстаўляе максімум тры задачы. У кожнай задачы павінна быць не больш за 16 фігур.

3. Задачы дасылаюцца на дыяграмах з аўтарскім рашэннем праз звычайную пошту на адрас суддзі (гл. ніжэй) або праз электронную пошту на адрас сакратара (гл. ніжэй). У пісьме неабходна пазначыць імя, імя па бацьку і прозвішча аўтара; дату нараджэння; поўны адрас і, калі ёсць, шахматны разрад/званне аўтара, а таксама кантактны тэлефон/e-mail.

4. Апошняя дата адпраўкі задач – 01.10.2014. Вынікі конкурсу будуць падведзены да 01.11.2014 і ў першай палове лістапада 2014 г. апублікаваны на сайце brestchess.ucoz.ru. Пасля публікацыі зацікаўленым асобам даецца 30 дзён, каб аспрэчыць рашэнне суддзі. Спрэчныя моманты разбіраюцца цягам 15 дзён, і праз 45 дзён пасля публікацыі (у выпадку адсутнасці прэтэнзій – праз 30 дзён) вынікі ўступаюць у сілу.

Узнагароджанне ўдзельнікаў

 1. Пасля ўступлення ў сілу вынікаў конкурсу (снежань 2014 г.) пераможцам неадкладна выдаюцца прызы. І прыз складзе 50$, II прыз – 40$, IIІ прыз – 30$. Спецыяльныя прызы: за лепшую задачу прадстаўніцы жаночага полу – 20$; за лепшую задачу ўдзельніка, якому на момант абвяшчэння конкурсу не споўнілася 16 гадоў, – 20$; за лепшую скахаграфічную задачу або задачу-жарт – 10$. Грошы высылаюцца паштовым пераводам у беларускіх рублях, паводле курсу Нацбанка РБ на дзень уступлення вынікаў у сілу. Прызы могуць суміравацца. Прадугледжаны таксама адзнакі – ганаровыя і пахвальныя водгукі (дыпломы).

2. Усе ўдзельнікі, якія прышлюць карэктныя задачы, у тым ліку і тыя, хто выступіць па-за конкурсам, атрымаюць сувенір: брашуру з выбранымі творамі Я. Камянецкага і вынікамі гэтага мемарыяльнага конкурсу. Выхад брашуры адбудзецца ў І кв. 2015 г. 

Суддзя – майстар спорту СССР па шахматнай кампазіцыі, нацыянальны арбітр

Мікалай Іванавіч Бельчыкаў (адрас: г. Барысаў-8, а/c 187, 222518, Мінская вобласць).

Сакратар – Вольф Рубінчык (rubinczyk@yahoo.com).

 

Cпонсары конкурсу Аляксандр Булаўка (Беларусь), Марк Рубінчык (Ізраіль)

Інфармацыйны партнёр – сайт «Брэсцкія шахматы».


← вярнуцца ў навіны