Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
Мясцовыя арганізацыі

Падсвільская арганізацыя ТБМ (Глыбоцкі раён)

навіны

Ці будзе памяць сапраўднай без мовы?

2014.05.27 4

У Глыбоцкай раённай газеце “Веснік Глыбоччыны” №38 за 14-га траўня паведамляецца пра вечарыну ў 3-й Глыбоцкай школе. Аўтарка слушна кажа, што памяць захоўваюць “найперш – гэта родныя Віталя Гарановіча, педагогі, якія працавалі пад яго кіраўніцтвам, сябры, калегі-творцы, прыхільнікі яго таленту, моладзь, якая чытае на конкурсах яго вершы і спявае песні на яго тэксты. Усе яны ў першую суботу  мая сабраліся ў зале СШ №3 на вечарыну памяці Віталя Гарановіча, якога вось ужо два гады няма з намі. Мерапрыемства “Паэзія жыве ў душы маёй” падрыхтавала настаўніца Даната Сярогіна з дапамогай педагогаў трэцяй гарадской школы”.

         Гэта вельмі пахвальна. І ўсіх, хто беражэ роднае слова паэта-настаўніка ў роднай школе, горадзе, на роднай зямлі, Бог хваліць. Успаміны – ёсць жыццё. Але я пра што? Час жа бяжыць наперад. Хто потым будзе захоўваць памяць? Няўжо толькі дошка на школе, калі яе прыбіць да сцяны? Мовы ж няма. Прапанова пісьменніка Уладзіміра Сауліча – назваць 3-ю школу іменем Віталя Гарановіча – выглядае як здзек з гэтай самай памяці пра яго. Безумоўна, Уладзімір не збіраўся здзеквацца. Але так і хочацца ўсклікнуць: “Валодзя, тут не жартуй! Каб назваць, трэба спачатку вярнуць беларускасць школе, якую дырэктар-настаўнік-паэт некалі з такім выразным клопатам стварыў. Пра такую патрыятычную працу ты сам вельмі прыхільна пісаў у прадмове  да кнігі Гарановіча “Беразвечча”, будучы тады яшчэ сябрам СБП, а не СПБ. І пасля таго, як прагналі з беларускай школы яе мову родную, надаваць ёй (расейскай школе) імя беларускага паэта, чыю працу разбурылі, знішчылі, ці не парадокс?”

         Аўтар называе Уладзіміра сябрам Віталя. Але сяброўства – гэта адказнасць і за слова… Я згодна, што ўсе прыхільнікі памяці стараліся выступаць на вечарыне – згадвалі, чыталі, спявалі… Але ці ёсць гэта – “працяг справы чалавека і грамадзяніна, настаўніка і паэта… які прцягвае жыць сярод нас”.

         Нешта не зладзілася ў гэтым сказе, як і ў абароне 3-яй беларускай школы. Сёння я нагадаю, што за яе беларускасць збіралі подпісы грамадзян Падсвілля, пісалі і мы (сябры Падсвільскай суполкі ТБМ) Прэзідэнту, думаючы, што зверху ідзе ўся шкода. З адміністрацыі тады прыйшоў вялізны пакет з сургучамі. Але ў лісце было што? Паведамленне, што пісьмо наша адаслана на месца, каб, менавіта, тут, у раёне, патрыятычна разгледзілі важнае культурнае пытанне незалежнай Беларусі. Прэзідэнт жа не прыказваў зліквідоўваць беларускасць школы ў Глыбокім. Дык вось дзе, выходзіць, корань знішчэння?.. І нам з бліжэйшых органаў улады, нават, не адказалі. Бо не было чаго казаць. Не хацелася беларускай роднай школы. Я разумею, што сёння на вечарыне  былі не ўплывоўцы, а калегі і вучні, і пабочныя… Ну, што там зробіць старшыня райарганізацыі РГА “Белая Русь” для абароны мовы? Яна тут слухала песні.

         Вечарына прайшла. І жонка Віталя Рыгоравіча – Лілія Анатольеўна – дзячыла ўсіх прысутных, што не забылі паэта, у ягонай жа школе на другі год. Падумаць толькі… Безумоўна боль, смутак кіраваў жанчынай. І далікатнасць. Удумаўшыся, дык гэта ж паэта трэба дзячыць за творчасць – што даў, пакінуў  такое мастацкае слова для працягу жыцця культурнай Бацькаўшчыны. Ён ужо сцвердзіўся для памяці. Без шыльды. Самая найлепшая і непадманная ўдзячнасць – вяртанне беларускай школы. Сумеснымі намаганнямі, якраз калегаў, сяброў і кіраўніцтва асветы раёна (найперш) і вобласці, і вышэй… Тады ўжо можна назваць іменем... Тады, як ёсць беларуская школа – жыве мова. На ёй размаўляюць і чытаюць кнігі. І паэтавы таксама. Менавіта гэта і ёсць жывая памяць, сцвярджэнне беражлівасці спадчыны.

                                                        Марыя Баравік, сябра СБП

Каментары

Госць 2014-12-06 00:00:00

-- выдалена адміністратарам --

Госць 2014-12-08 00:00:00

-- выдалена адміністратарам --

Госць 2014-12-11 00:00:00

-- выдалена адміністратарам --

Госць 2014-12-12 00:00:00

-- выдалена адміністратарам --


← вярнуцца ў навіны