Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Рускамоўны суддзя і 7 беларускамоўных падсудных сяброў ТБМ у Лідскім судзе

2014.05.16 0

 Выява з сайта altaynews.kz.

У Лідскім раённым судзе 24, 25, 26 красавіка і 5 траўня адбываўся адміністратыўны працэс над грамадскімі актывістамі з Ліды і Бярозаўкі: Вітольдам Ашуркам, Міхасём Бурачэўскім, Юрыем Дзяшуком, Муратам Мусаевым, Сяргеем Сідарэнкам, Станіславам Суднікам і Сяргеем Трафімчыкам. Усе сямёра - сябры ГА “ТБМ імя Ф. Скарыны” і сябры Партыі БНФ. Вёў працэс старшыня Лідскага раённага суда суддзя Сяргей Піпко.

Сутнасць віны грамадскіх актывістаў у тым, што яны 25 сакавіка адважыліся запаліць знічы на магілах беларускіх патрыётаў, якія змагаліся за ідэалы БНР.

Але нас у гэтым працэсе цікавіць перш за ўсё моўны рэжым, як ілюстрацыя да моўнага рэжыму ў судах Беларусі наогул.

Пачнём з таго, што ўсе абвінавачаныя аказаліся беларускамоўнымі.

У першы дзень на суд прыйшлі пяць чалавек.

Суддзя тутэйшы, у міру беларускай мовы не цураецца, але паседжанне павёў па-руску.

Суддзя ведаў, каго ён судзіць, таму пачаў з тлумачэння, што ён можа па Закону весці паседжанне па-беларуску або па-руску, таму будзе весці па-руску. Ніхто яму не пярэчыў. Пакуль на пытанні “простай” мовай адказвалі Міхась Бурачэўскі і Вітольд Ашурак, усё ішло спакойна, але калі на пытанні на літаратурнай мове пачаў адказваць Станіслаў Суднік, суддзя раптам яшчэ больш заклапаціўся моўным пытаннем.

- Ці разумееце Вы па-руску?

- Яшчэ разумею.

- Ці трэба Вам перакладчык?

- Не трэба.

- Ці вучылі Вы рускую мову ў школе?

- Вучыў.

- Якая адзнака ў атэстаце?

- Чатыры.

У далейшым ходзе паседжання аказалася, што гэтая адзнака ў атэстаце - вельмі важная штука. Бо, калі ты маеш станоўчую адзнаку па рускай мове, то павінен яе разумець, а значыць павінен разумець суддзю без перакладчыка. Праўда, пытанне пра тое, што абвінавачаны павінен і адказваць па-руску, не ўздымалася.

Можна падумаць, што калі б працэс ішоў па-англійску, то нехта з тых, у каго ў атэстаце пяцёрка па англійскай мове, змог бы абысціся без перакладчыка.

Цікава ва ўсім гэтым тое, што моўнае пытанне пастаянна ўздымаў менавіта суддзя, а не абвінавачаныя. Мабыць, імкнуўся строга вытрымаць працэдуру.

На другі дзень у суд з’явіўся шосты абвінавачаны - Сяргей Сідарэнка. На традыцыйнае пытанне, ці разумее ён па-руску, Сідарэнка сказаў, што не разумее. На пытане, ці патрэбны яму перакладчык, Сідарэнка сказаў, што патрэбны. Тады ўсё рушыла сваёй чаргой:

- Ці вучылі Вы рускую мову ў школе?

- Вучыў.

- Якая адзнака ў атэстаце?

На гэтае пытанне Сідарэнка адказаў:

- Кепская.

На тое, што з кепскай адзнакай атэстат не выдаюць, суддзя не зрэагаваў, а прыгразіў адправіць Сідарэнку рабіць копію атэстата. На гэта Сідарэнка сказаў, што без перакладчыка ён не будзе нічога больш гаварыць.

- Маеце права, - сказаў суддзя. І Сідарэнка далей маўчаў. Цікава, як бы гэта ўсё выглядала, каб яго судзілі аднаго. А так, астатнія паказанні давалі, і працэс рухаўся ў двухмоўным варыянце: суддзя па-руску, абвінавачаныя па-беларуску. Што там пісала сакратар і на якой мове, ніхто не ўнікаў, хаця, калі не было перакладчыка, то павінна была пісаць так, як і гаварылі: то па-руску, то па-беларуску.

У апошні дзень усё паўтарылася з сёмым абвінавачаным Юрасём Дзяшуком, які што праўда, пачаў утыкаць у гутарку англійскія тэрміны, на што суддзя спытаў, ці нельга абысціся беларускімі або рускімі.

- Абысціся, пэўна, можна, але я не ведаю як, - прыблізна адказаў Дзяшук.

Справу з англійскімі тэрмінамі замялі і вярнуліся да рэальнага двухмоўя, дзе кожны гаварыў сваё і па-своему.

На жаль, пры сваім застацца не ўдалося. Вітольд Ашурак, Юрась Дзяшук, Мурат Мусаеў, Сяргей Сідарэнка і Сяргей Трафімчык былі аштрафаваны на 750 тысяч кожны. Міхасю Бурачэўскаму і Станіславу Судніку, як пенсіянерам, былі вынесены папярэджанні.

Па выніках працэсу можна сказаць, што сітуацыя ў Лідскім судзе была значна лепшая, чым у грамадстве. У судзе на семярых беларускамоўных абвінавачаных прыходзіўся адзін рускамоўны суддзя. Сакратара не лічым, дзяўчына ўвесь час маўчала. Каб такая суадносіна - сем да аднаго - была ў грамадстве, то можна было б не гараваць. На жаль, у грамадстве не ў кожным горадзе і наадварот знойдзеш - аднаго беларускамоўнага на сем рускамоўных яшчэ пашукаць трэба.

Яраслаў Грынкевіч

 


← вярнуцца ў навіны