Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Спачуванні сям'і Івана Казлоўскага

2014.05.11 2

Сёмага мая 2014 года пасля цяжкай працяглай хваробы не стала Івана Іванавіча Казлоўскага, выдатнага педагога-наватара, выкладчыка беларускай мовы і літаратуры лінгвагуманітарнага каледжа УА МДЛУ.

Казлоўскі І.І. нарадзіўся 13 ліпеня 1955 года ў в.Вішнявец Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і. З 1962 па 1970 год вучыўся ў Вішнявецкай васьмігодцы, з 1970 па 1972 – у СШ №1 г.Стоўбцы. Любоў да роднага слова прывяла яго на беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта Мінскага педагагічнага інстытута ім.Максіма Горкага, дзе Іван спасцігаў педагагічную навуку ў такіх выдатных метадыстаў і навукоўцаў, як Ф.М.Янкоўскі, М.С.Яўневіч, Н.В.Гаўрош, А.А.Каляда і многіх іншых. З 1976 года, пасля заканчэння інстытута, восем гадоў  Іван Іванавіч працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры Кіраўскай васьмігадовай школы Слуцкага раёна. Практычная работа канчаткова пераканала яго ў правільным выбары прафесіі, ён становіцца адным з лепшых настаўнікам Случчыны. З 30 жніўня 1984 года і да канца жыцця яго жыццёвы і педагагічны лёс быў непарыўна звязаны з Мінскім педагагічным каледжам №1 (з 2006 года – лінгвагуманітарны каледж). У гэтай установе ва ўсёй паўнаце разгарнуўся творчы педагагічны патэнцыял Івана Іванавіча Казлоўскага.

Зарэкамендаваў сябе працалюбівым, добрасумленным, творчым выкладчыкам. Характэрнай рысай яго педагагічнай дзейнасці былі пастаянны пошук, жаданне творча засвоіць усё новае і перадавое, выкарыстанне на ўроках апошніх дасягненняў перадавой педагагічнай навукі, вопыту лепшых настаўнікаў краіны. На яго ўроках заўсёды было цікава, там панавала атмасфера творчасці, дабрыні, любові да роднай мовы, літаратуры, гісторыі. Вопытам свёй работы ён шчыра дзяліўся з калегамі, часта праводзіў адкрытыя ўрокі для выкладчыкаў каледжа і слухачоў факультэта павышэння кваліфікацыі - выкладчыкаў сэрэдніх спецыяльных навучальных устаноў пры БДУ. Яго публікацыі з вопыту работы неаднойчы друкаваліся на старонках “Настаўніцкай газеты”, часопісаў “Народная асвета”, “Беларуская мова і літаратура ў школе” і інш. У 1989 годзе загадам начальніка Галоўнага ўпраўлення сярэдняй прафесійная адукацыі яму было прысвоена званне “Настаўнік-метадыст”. За сваю самаадданую працу неаднойчы заахвочваўся ганаровымі граматамі, падзякамі, прэміямі (у 1987 годзе – Грамата МНА БССР). Доўгі час з’яўляўся старшынёй ПЦК выкладчыкаў беларускай мовы і літаратуры каледжа і кіраўніком Мінскага гарадскога аб’яднання выкладчыкаў беларускай мовы і літаратуры сярэдніх спецыяльных устаноў.

Іван Іванавіч быў прыкладным сем’янінам: добрым сынам для бацькоў, спагадлівым братам, любячым мужам для Раісы Валяр’янаўны, бацькам для цудоўных дачок Жаны і Алены, дзядулем для трох унукаў.

 На хвалі нацыянальнага Адраджэння 80-90гг. мінулага стагоддзя Іван Іванавіч актыўна далучаецца да грамадска-культурнага і палітычнага жыцця Беларусі. З першага дня існавання ТБМ імя Францішка Скарыны, ён адзін з адданых яго сяброў. Прымаў удзел у многіх акцыях гэтай арганізацыі.

Развітацца з Іванам Іванавічам, правесці яго ў апошні шлях прыйшлі шматлікія родныя, калегі, навучэнцы каледжа. Грамадзянская паніхіда прайшла ў рытуальнай зале па вуліцы Альшэўскага,12. Восьмага мая 2014 года адбылося адпяванне ў царкве вёскі Вішнявец, там жа на радзіме яго і пахавалі.

Няхай родная зямля будзе яму пухам, а душы лёгка ў нябёсах Бацькаўшчыны!

Алесь Чэчат

 

Каментары

Госць 2016-10-19 23:04:33

Сёння толькi даведалася пра гэта:((( Як шкада! Помню, люблю... Вы былi цудоуным настаунiкам... Дзякуй Вам!

Госць 2018-10-29 19:39:40

Вялікі жаль. Шукаў тэлефон Настаўніка, а знайшоў гэты скрушны некралог. Хай будзе Вам пухам родная беларуская зямля, Ян Янавіч.


← вярнуцца ў навіны