Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
Мясцовыя арганізацыі

Віцебская абласная арганізацыя ТБМ

навіны

Адбылася ІХ справаздачна-выбарная канферэнцыя Віцебскай абласной арганізацыі ТБМ

2014.05.13 0

На канферэнцыі прысутнічала 29 дэлегатаў з усіх рэгіёнаў Віцебшчыны, а таксама 5 запрошаных асобаў, сярод якіх і прадстаўнікі дзяржаўнай улады. Са справаздачным дакладам выступіў старшыня Віцебскай абласной рады І.А. Навумчык. Ён спыніўся на асноўных момантах працы арганізацыі за апошнія два гады, акцэнтаваўшы асноўную ўвагу на праблемных момантах у дзейнасці рэгіянальных структур таварыства. У прыватнасці, Іосіф Адамавіч адзначыў, што, не гледзячы на ўсе намаганні кіраўніцтва рады, да гэтага часу няма канкрэтнай інфармацыі ад уладных структур наконт адзначэння 90-гадовага юбілею Васіля Быкава. На свае звароты таварыства атрымлівае фармальныя адпіскі, маўляў, усё будзе зроблена, імпрэзы рыхтуюцца. Але як і што - застаецца загадкай. А часу ўсё менш і менш. Дзяржаўныя органы не спрыяюць пашырэнню беларускай мовы, хоць кіраўніцтва абласной рады рэгулярна сустракаецца з высокімі прадстаўнічымі асобамі вобласці і горада, і на словах нібыта падтрымка і ўсякае садзейнічанне абяцаецца. Але далей за словы справа не ідзе. Больш за тое, не будзе прадоўжаны кантракт з кіраўніком Полацкага Цэнтра рамёстваў Валянцінай Крук, якая восем апошніх гадоў узначальвае Полацкую гарадскую арганізацыю ТБМ. Гэта адна з найбольш актыўных нашых структур, якая ладзіць дзясяткі беларускіх імпрэзаў штогод. Як мяркуюць дасведчаныя людзі, такім чынам Валянціна Іосіфаўна пакарана за шматлікія культурніцкія мерапрыемствы, у тым ліку і за спробу правесці ў Полацку канцэрт Змітра Вайцюшкевіча. Натуральна, фармальная нагода ўказана іншая, але ж усе ўсё разумеюць.

Сп. Навумчык звярнуў таксама ўвагу на праблемы з тапанімікай у вобласці. Напрыклад, назвы чыгуначных станцый паўсюль у рэгіёне цяпер падаюць у рускамоўнай версіі. Беларускія ўласныя найменні пішуцца па-руску, чаго не было яшчэ гады два назад. Гэта прыводзіць часам да суцэльнага абсурду, як, скажам, з назвай прыпыначнага пункта Палевачы, што ў Глыбоцкім раёне. У версіі "расейскамоўных адмыслоўцаў" яна падаецца як Палеваче (??). Цяжка ўявіць што-небудзь больш экзатычнае. Тут дарэчы старшыня рады прывёў выказванне: "Там, дзе няма беларускай мовы, няма сапраўднай Беларусі".

У спрэчках па дакладзе, з паведамленнямі з мясцовых суполак выступілі больш за 20 чалавек (!). Так, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў Георгій Станкевіч наракаў на амаль поўную адсутнасць беларускага слова на старонках Бешанковіцкай раённай газеты "Зара". Людміла Нікіціна - кіраўнік Заронаўскай суполкі - канстатавала непадробнае жаданне школьнікаў, моладзі ўдзельнічаць менавіта ў беларускамоўных імпрэзах, што ладзяцца пры мясцовым музеі. Вядомы пісьменнік, перакладчык, педагог Уладзімір Папковіч звярнуў увагу на немагчымасць выкладання шэрагу прадметаў, у прыватнасці, нямецкай мовы, абапіраючыся на беларуска-моўныя падручнікі, бо такіх у цяперашняй дзяржаве проста няма. А студэнты з куды большым задавальненнем карысталіся б падручнікамі і дапаможнікамі менавіта на роднай мове. Яшчэ адзін вядомы творца - пісьменнік, празаік Франц Сіўко - з болем гаварыў пра адсутнасць усякіх магчымасцяў сустрэцца з чытачамі ў якім-небудзь дзяржаўным будынку. Ёсць жаданне прыхільнікаў літаратурнай творчасці правесці сустрэчу з пісьменнікамі, але дазвол на гэта ўлада не дае.

Сябра Полацкай гарадской арганізацыі Феакціст Фядотаў заклікаў прысутных рабіць усё магчымае, каб "выходзіць з моўнага гета", у якім сёння апынулася нацыянальная інтэлігенцыя. Але каб зрушыць справу ў гэтым кірунку, "мовай павінна пачаць карыстацца ўлада, трэба спыніць асіміляцыю", - такая асноўная тэза з выступлення кіраўніка Гарадоцкай раённай суполкі Леаніда Гаравога.

Цікавай таксама бачыцца прапанова дэлегата з Оршы Канстанціна Анташкевіча, звернутая да рэдакцыі "Нашага слова": даваць штотыдзень праграму тэлеканала "Беларусь-3", паколькі амаль палова эфіру названага тэлеканала ідзе па-беларуску, і гэта карыстаецца істотнай папулярнасцю ў шырокага кола гледачоў. А віцебскі актывіст Аляксандр Ткачоў прапануе звярнуцца ў адпаведныя структуры з тым, каб трэці канал зрабіць цалкам беларускамоўным, як, зрэшты, гэта некалі і абяцалася ўладай.

Са сваім бачаннем шляхоў пашырэння сферы выкарыстання беларускай мовы ў грамадстве выступілі таксама Пётр Сырапеня (Віцебск), Ада Райчонак (Германавічы), Уладзімір Яцкевіч (Полацк), Вера Гямбіцкая (Полацк), Вадзім Шышко (Паставы), Валянціна Крук (Полацк), Марыя Баравік (Падсвілле), Валянцін Арлоў (Віцебск). Кіраўнік суполкі ВДУ імя Машэрава Андрэй Шчарбіцкі падзяліўся ўласным станоўчым і вельмі цікавым досведам камунікавання па-беларуску з выкладчыкамі ваеннай кафедры ўніверсітэта.

У шэрагу іншых выступаў дэлегаты выказвалі падтрымку сябрам Полацкай раённай арганізацыі і персанальна яе кіраўніку Валянціне Крук, заклікалі ўлады да аб'ектыўнага стаўлення да дзейнасці прыхільнікаў беларушчыны.

Больш за паўтары гадзіны працягваўся канструктыўны, зацікаўлены абмен думкамі, абмяркоўваліся надзённыя праблемы з жыцця абласной арганізацыі. Са своеасаблівым падсумаваннем агучаных прысутнымі меркаванняў выступілі таксама Іосіф Навумчык, Юрась Бабіч, Алена Сакалова.

Паколькі шмат пытанняў узнікала да органаў улады, на канферэнцыі выказаў афіцыйную пазіцыю адносна ўзаемадзеяння дзяржавы і грамадскіх арганізацый запрошаны прадстаўнік ад дзяржаўных структур - начальнік аддзела культуры галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага гарвыканкама Пётр Падгурскі. Праўда, далёка не ўсё са сказанага Пятром Мікалаевічам успрымалася ўдзельнікамі канферэнцыі. Хацелася б бачыць сапраўды рэальнае супрацоўніцтва з органамі ўлады, як да гэтага і імкнецца таварыства, а не імітацыю такой дзейнасці.

Згодна са статутам, быў абраны новы склад абласной рады і рэвізійнай камісіі, вылучаны дэлегаты на з'езд ТБМ ад раённых і гарадскіх суполак, прыняты план дзейнасці абласной арганізацыі на наступныя два гады. Старшынём Віцебскай абласной рады на чарговы тэрмін абраны Іосіф Адамавіч Навумчык.

Можна без сумневу сцвярджаць, што ў гэты дзень адбылася не проста звычайная статутная падзея, а меў месца сапраўды сур'ёзны, канструктыўны аналіз дзейнасці тэбээмаўцаў Віцебшчыны, намечаны новыя задачы і абмеркаваныя шляхі іх вырашэння.

Юрась Бабіч,

намеснік старшыні Віцебскай абласной

рады ТБМ

 

У нядзелю 30 сакавіка адбылася абласная справаздачная канферэнцыя ТБМ ў Віцебску. Ад нашай, Пастаўскай суполкі, выправілі мяне.

Пачалося паседжанне вельмі прыгожа. Запрасілі нейкі мясцовы ансамбль з маладых дзяўчатак, якія заспявалі нам некалькі старадаўніх беларускіх песень. Як жа яны прыгожа спявалі!

Пасля перайшлі да афіцыйнай часткі. Адкрыў яе старшыня абласнога ТБМ Іосіф Адамавіч Навумчык. Быў абраны прэзідыюм і прадстаўлены ўдзельнікі канферэнцыі. Вельмі ўразіла тое, што да нас на паседжанне прыйшоў начальнік абласнога ўпраўлення культуры Пётр Падгурскі. А для нас, як для грамадскай арганізацыі, наяўнасць дыялогу з прадстаўніком афіцыйнай улады вельмі важная.

Іосіф Адамавіч распавёў нам пра дзейнасць віцебскай арганізацыі, пра тыя праблемы, якія стаяць перад намі на кожным шляху. Асаблівую ўвагу звярнуў на пытанне тапаніміі. Спыніўся на дзейнасці мясцовых суполак. Як і трэба было чакаць яна даволі сціплая. Такая самая сітуацыя і з падпіскай на нашу газету. Пасля Іосіфа Адамавіча слова ўзяў старшыня віцебскай рэвізійнай камісіі з фінансавай справаздачай. Аб якой увогуле дзейнасці можна казаць, калі гадавы бюджэт абласной арганізацыі ТБМ склаў каля 1,5 мільёна беларускіх рублёў? Зразумела, што ў раёных арганізацыях гэтая лічба яшчэ меншая. Таму няма чаго і дзівіцца, што дзейнасць раённых суполак выглядае так сціпла - на адным толькі энтузіязме далёка не заедзеш.

І яшчэ, мала таго, што ў раённых суполак адсутнічаюць матэрыяльныя сродкі для ажыццяўлення сваіх ідэй, дык часта яшчэ і мясцовыя ўлады самым розным чынам перашкаджаюць гэтай дзейнасці. Колькі горычы і крыўды я пачуў ад дэлегатаў усіх раёнаў нашай вобласці. Як можна зразумець паводзіны тых чыноўнікаў, што так моцна баяцца тых адзінак-энтузіастаў, якія, не маючы амаль ніякіх сродкаў для дзейнасці, абапіраючыся толькі на саміх сябе спрабуць данесці да людзей беларускае слова? Што ў іх такога небяспечнага?

Асобным пунктам выступоўцы спыніліся на  сітуацыі з полацкім дзеячам культуры - Валянцінай Крук, якая вельмі шмат зрабіла для развіцця беларушчыны, а ёй цяпер не працягваюць кантракт. І раз за разам усе гэтыя пытанні задаваліся Пятру Падгурскаму: чаму так адбываецца, што сябры ТБМ спрабуюць захаваць беларускую мову і культуру, а ім не толькі перашкаджаюць, але яшчэ і звальняюць?

У канцы, зразумела, далі слова і самому Пятру Мікалаевічу. Ну, думаем, выслухаў ён нас усіх, зразумеў нашыя праблемы і паспрабуе неяк пайсьці нам насустрач, бо мы ўсё ж такі той самы народ, які, адпаведна нашай Канстытуцыі, з'яўляецца галоўнай крыніцай улады ў краіне. І што ж мы пачулі? Па-першае, тое, што наша мова не знайходзіцца ні ў моўным гета, ні ў рэзервацыі, як пра гэта казаў амаль кожны з выступоўцаў. Тут нават цяжка нешта сказаць у адказ. Ці ён проста нікога з нас не чуў, як мы казалі, што навокал амаль паўсюль пануе толькі расейская мова, ці ён проста ў сваім асабістым жыцці гэтага не бачыць.

Па-другое, Пётр Мікалаевіч неяк не зусім зразумела ахарактарызаваў той факт, што ён сам вучыўся ў беларуска-моўнай школе, маўляў, "я сам скончыў 8 класаў беларуска-моўнай школы і не саромеюся (?!!) гэтага". Дык гэта што атрымоўваецца, што гэтага, аказваецца, яшчэ можна і саромецца, скончыць беларускамоўную школу?.. Цяжка прыдумаць горшую дыскрэдытацыю для беларускай мовы з вуснаў чыноўніка такога даволі высокага рангу.

І трэцяе, чым Пётр Мікалаевіч нас проста ўсіх "забіў", гэта тое, што ён амаль адразу перайшоў на, відаць, звыклы для сябе камандзірскі тон і пачаў нас вучыць (!!!), што мы павінны (!!!) рабіць. Ад нечаканасці мы аж разгубіліся, балазе адзін пісьменнік, які прысутнічаў па канферэнцыі, хутка прывёў Падгурскага ў прытомнасць.

Паважаны Пётр Мікалаевіч, Вы, канешне, не чытаеце такіх газет, але ўсё роўна вельмі хочацца Вам нагадаць, што пакуль што беларуская мова таксама з'яўляецца дзяржаўнай. А гэта значыць, што яе захаваньне з'яўляецца задачай і дзяржслужбоўцаў у тым ліку. За гэта, нагадаю Вам, Вы і грошы атрымліваеце з бюджэту за кошт падаткаплацельшчыкаў. Ну дык, напэўна ж трэба адпрацоўваць свае грошы?

Гэта мы, удзельнікі ТБМ, працуем хто дзе, а ТБМ з'яўляецца нашай пазапрацоўнай дзейнасцю. Мы займаемся тым, чым павінны займацца вы, дзяржаўныя чыноўнікі - захаваннем і распаўсюджваннем беларускай мовы. Прычым нам за гэта грошы ніхто не плаціць. Больш за тое, мы самі выдаткоўваем на гэта свае асабістыя грошы і вольны час. І пры гэтым нам яшчэ часта даводзіцца сустракацца з ціхім супрацьстаяннем мясцовых уладаў. І пасля ўсяго гэтага, Пётр Мікалаевіч, Вы яшчэ спрабуеце нам указаць як мы павінны нешта рабіць. Ці не здаецца Вам, што гэта крыху не ў тым месцы і не з тымі людзьмі? Можа ўсё ж такі з Вашага боку было б лепш хаця бы проста падзякаваць нам за тое, што мы, не гледзячы ні на што, дапамагаем Вам рабіць тое, што ў вас, мяркуючы па моўнай сітуацыі ў краіне, атрымліваецца зусім не лепшым чынам?

Але бог з імі, з гэтым чынавенствам, хаця б проста не перашкаджалі, бо на падзяку тут чакаць не даводзіцца. Важней усё ж такі сама канферэнцыя. Трохі мяне збянтэжыла сама форма мерапрыемства. Пасля выступлення Пятра Падгурскага мы хуценька нанова выбралі нашых абласных кіраўнікоў ТБМ, падпісалі агульны ліст да абласнога кіраўніцтва, каб не звальнялі Валянціну Крук і на гэтым усё рэзка скончылася. Яшчэ літаральна пяць хвілін пагаманілі паміж сабой за кубкам кавы і ўмомант усе разбегліся. Я так і не зразумеў, навошта тады мы ўвогуле збіраліся? Толькі, каб зноў выбраць кіраўнікамі тых жа самых людзей, паплакацца адзін аднаму ў камізэльку, як нам усім цяжка, і ўсё? І варта мне было дзеля гэтага трэсціся дзве ночы ў цягніку? Ну, толькі што на тых цудоўных дзяўчынак з ансамбля паглядзець.

Шчыра кажучы, я чакаў ад сустрэчы зусім іншага. Віцебская вобласць даволі расцягнутая. І дабрацца ад аднаго да другога даволі складана. Нават іншых кантактаў бракуе. І тут атрымалася зручная нагода сабрацца ўсім разам. Гэта ж выдатная магчымасць, каб пазнаёміцца адзін з адным, пагаварыць, падзяліцца нейкім досведам. Таму што добра бачна, як людзям цяжка адным у сваім раёне цягнуць на сабе такі цяжар. Проста паплакацца, як цяжка, не мае сэнсу, бо гэта нічым не дапаможа. І спадзявацца на нашае віцебскае кіраўніцтва ТБМ таксама няма асабліва чаго, бо яны прыкладна ў такім жа стане як і мы. Спадзявацца можна толькі на свае сілы. А сваіх сіл мала. Значыць, трэба неяк аб'ядноўвацца паміж сабой. Дапамагаць адзін аднаму хаця б чым-небудзь. А замест гэтага чыста афіцыйна хуценька правялі паседжанне і разбегліся. Засталося прыкрае адчуванне, што ўсё, што адбывалася, як і ў савецкія гады - проста каб паставіць гачык у справаздачы, што зроблена. Навошта тады гэта ўсё ўвогуле патрэбна?

Я згодны, што такія справаздачна-выбарчыя канферэнцыі таксама патрэбныя, але быў бы сэнс зрабіць іх больш плённымі. Як я ўжо казаў на канферэнцыі, быў бы сэнс больш цесна супрацоўнічаць рэгіянальным суполкам з суседніх раёнаў. І на гэтай канферэнцыі гэта можна было б выдатна зрабіць. Было б вельмі цікава і карысна проста пазнаёміцца з прадстаўнікамі суполак іншых, нават далёкіх раёнаў, хаця бы для таго, каб ведаць, хто чым дыхае. А то я як прыехаў, нікога не ведаў, так і паехаў, пазнаёміўшыся літаральна з адным-двума. От мне шмат карысці з гэтага. Ды хаця б проста кантактамі абмяняцца, ужо было б вельмі файна. Навошта ўвогуле прыдумалі інтэрнэт, сацыяльныя сеткі? Гэта ж найцудоўнейшая магчымасць каб пастаянна знаходзіцца на сувязі адзін з адным. Так, сярод удзельнікаў было шмат людзей сталага веку, якія не надта сябруюць з інтэрнэтам. Ну дык прыцягвайце моладзь. Даражэнькія мае, на двары ўжо трэцяе тысячагоддзе, на змену вам прыйдзе моладзь, якая жыве ў сеціве, значыць, трэба актыўна засвойваць гэтую вобласць, пакуль не позна.

Адным словам, я чакаў крыху больш ад такой падзеі. Але хай сабе. Бо галоўная задача нашай суполкі - хоць што-небудзь зрабіць у сваім раёне. А астатнія хай самі адказваюць за дзейнасць на сваёй тэрыторыі.

Вадзім Шышко


← вярнуцца ў навіны