Працуюць
76Структуры ТБМ працуюць ў 76 населеных пунктах Беларусі, а таксама ў Маскве, Іркуцку, Вільні, Пецярбурзе, Рызе.
2014.05.10 0
Выява з сайта zbsb.org.
Музейны “Кірмаш” адбудзецца 15 траўня і будзе прысвечаны новым, актуальным спосабам пашырэння аўдыторыі музеяў, сучасным мадэлям працы з наведнікамі. Асаблівую цікавасць уяўляюць праекты, якія не толькі стымулююць навуковую і выхаваўчую дзейнасць музея, але і ўлічваюць патрэбы сённяшняга беларускага грамадства.
Якія праекты збіраюцца?
- новыя падыходы да супрацы музеяў і грамадства,
- праекты, што разбураюць стэрэатыпы пра “закансерваваны нецікавы музей”: раскрываюць магчымасці музея далучаць, цікавіць, здзіўляць людзей, задаваць пытанні і/або даваць на іх адказы.
Тэматычныя кірункі прэзентацый/праектаў:
- развiццё лакальных супольнасцяў праз музей (клубы, аб'яднаннi навакольных жыхароў, таварыствы сяброў музея);
- правядзенне музейных pop-up праектаў (кароткачасовых мерапрыемстваў, падчас якіх месцічы прыносяць у музей уласныя тэматычныя "экспанаты" i самі ж расказваюць гісторыі гэтых рэчаў);
- стварэнне і раскрутка віртуальных музейных пляцовак праз сацыяльныя сеткі, сацыяльныя праекты ў сеціве;
- iнавацыйныя праекты, накіраваныя на фармаванне грамадскай думкі вакол гістарычнай спадчыны;
- музей па-за сценамi музея (выязныя праекты, накiраваныя на актуалiзацыю ў горадзе музейнай дзейнасцi);
- ідэі па прасоўванні дзейнасці музеяў або іх асобных мерапрыемстваў.
Да ўдзелу запрашаюцца як прафесіяналы, так і ўсе неабыякавыя аматары беларускіх музеяў!
Экспертамі выступяць аўтарытэтныя адмыслоўцы ў музейнай справе.
“Кірмаш праектаў” ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” – гэта прэзентацыя культурніцкіх ідэй, на якой кожны ахвочы, незалежна ад прафесійнага досведу, можа прадставіць сваю задуму шырокай публіцы. Навошта? Каб знайсці новыя погляды на звыклыя прафесійныя функцыі і падыходы, знайсці партнёраў для ажыццяўлення сваёй ідэі, сустрэць патрэбных людзей, натхніць іх і натхніцца самім, атрымаць прафесійныя кансультацыі і парады дый проста “выпрабаваць” сваю ідэю на публіцы.
Дата правядзення: 15 траўня 2014 г.
Месца: Крэатыўная прастора “ЦЭХ”, прасп. Незалежнасці, 58, к.6 (праход праз вул. П.Броўкі), дальні пад’езд, 2 паверх.
Пачатак: 19:00.
Зробім разам жыццё музеяў разнастайнейшым і цікавейшым!