Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Дапаможам захаваць беларускамоўную школу!

2014.04.30 0

 Выява з сайта nydailynews.com.

Выкладаем ліст былога дырэктара Камароўскай школы, дзе апісваецца ўся гісторыя прыняцця ўладамі такога рашэння.

Ліст Драўніцкага Івана Пятровіча

ТБМ адразу накіравала адпаведныя лісты Міністру адукацыі сп. Маскевічу і старшыні Мінскага аблвыканкама сп. Шапіру. З іх зместам можна азнаёміцца ніжэй.

 

28 красавіка 2014 г.  № 36

Спадару С. А. Маскевічу

Міністру адукацыі РБ

220010 Мінск,

вул. Савецкая, 9

Аб часовым захаванні дзейнасці

Камароўскай школы Мядзельскага р-на

Шаноўны Сяргей Аляксандравіч!

У ТБМ пісьмова звярнуліся нашыя сябры з Мядзельскага раёна са скаргай на нечаканую для іх ліквідацыю беларускамоўнай Камароўскай школы, якая шмат гадоў была адной з найлепшых у раёне.

У сувязі з гэтым просім Вас захаваць беларускамоўную Камароўскую школу як дзейсную на 2014-2015 вучэбны год.

Да восені 2015 года стварыць беларускамоўную паралель у Свірскай рускамоўнай школе і адкрыць там у гэтым навучальным годзе першы клас з беларускай мовай навучання.

Паважаны Сяргей Аляксандравіч, спадзяюся, Вы ўважліва слухалі Пасланне Кіраўніка нашай краіны да беларускага народа і Нацыянальнага сходу 22 красавіка 2014 г.: "Калі мы развучымся гаварыць на беларускай мове, мы перастанем быць нацыяй".

Вучні і бацькі беларускамоўнай Камароўскай школы хочуць быць вартымі прадстаўнікамі беларускай нацыі і мы просім Вас дапамагчы ім у гэтым.

З павагай,

Старшыня ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны"                                          Алег Трусаў

 

28 красавіка 2014 г.  № 35

Спадару С. Б. Шапіру

старшыні Мінскага аблвыканкама

г. Мінск, вул. Энгельса, 4

220030

 Шаноўны Сямён Барысавіч!

Мне было прыемна назіраць па тэлебачанні 22 красавіка 2014 г., як Вы ўважліва і ўдумліва слухалі Пасланне Кіраўніка нашай дзяржавы да беларускага народа і Нацыянальнага сходу. Спадзяюся, што цалкам падзяляеце выказаную ў Пасланні наступную думку: "Калі мы развучымся гаварыць на беларускай мове, мы перастанем быць нацыяй". На жаль, кіраўніцтва Мядзельскага раёна Мінскай вобласці думае інакш.

У лютым 2014 года яны вырашылі зачыніць адну з лепшых у раёне беларускамоўную школу ў в. Камарова, прычым гэтае рашэнне доўгі час трымалі ў сакрэце і не паведамлялі вучням і іх бацькам.

Як толькі гэта стала вядома, бацькі напісалі калектыўную скаргу ўладам, а іх прадстаўнік пісьмова звярнуўся з гэтай нагоды ў ТБМ.

16 красавіка 2014 г. нарэшце прадстаўнікі раённага аддзела адукацыі сустрэліся з бацькамі, абвесцілі пра ліквідацыю Камароўскай школы і прапанавалі ўсіх дзетак, якія вучыліся на роднай мове, перавесці ў рускамоўную Свірскую школу, дзе ім прыйдзецца вучыцца на мове суседняй дзяржавы.

У сувязі з гэтым прашу Вас:

1) захаваць на некалькі год існаванне Камароўскай школы;

2) у гэтым навучальным годзе стварыць у суседняй Свірскай школе беларускамоўную паралель і правесці тут набор дзяцей у гэтым каляндарным годзе ў першы беларускамоўны клас.

Такім чынам, словы Кіраўніка нашай краіны не будуць пустым гукам, а будуць рэальна рэалізаваныя ў Мядзельскім раёне, малой радзіме славутага беларускага паэта Максіма Танка.

З павагай,

Старшыня ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны"                                          Алег Трусаў

 

Таксама заклікаем грамадскасць далучыцца да дзеянняў, накіраваных на захаванне беларускамоўнай школы і накіраваць адпаведны ліст у Адміністрацыю Прэзідэнта.

 

Узор ліста

Кіраўніку Адміністрацыі

Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

Кабякову А. У.

вул. К. Маркса, 38

г. Мінск, 220016

 Аб захаванні Камароўскай

школы Мядзельскага раёна

Паважаны Андрэй Уладзіміравіч!

Да Вас звяртаецца Прозвішча, імя, імя па бацьку цалкам.

16 красавіка 2014 г. я даведаўся/-лася, што мясцовыя ўлады не параіўшыся з жыхарамі в. Камарова вырашылі ў гэтым годзе раптоўна ліквідаваць Камароўскую школу, якая шмат год была адной з лепшых школ у Мядзельскім раёне, а вучняў накіраваць вучыцца ў суседнюю Свірскую рускамоўную школу.

У сувязі з гэтым прашу Вас часова захаваць існаванне Камароўскай сярэдняй школы, а за гэты час стварыць у суседняй Свірскай школе паралель з беларускамоўных класаў, куды потым змогуць трапіць вучні Камароўскай сярэдняй школы.

З павагай

Подпіс, дата, дакладны адрас


← вярнуцца ў навіны