Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
Мясцовыя арганізацыі

Падсвільская арганізацыя ТБМ (Глыбоцкі раён)

навіны

Справаздача Падсвільскай суполкі ТБМ за 2009-2014 гады

2014.04.28 0

Справаздача 

Мова – сяброўства

У справаздачны перыяд, на сцвярджэнне, што жыве Беларусь, працавала і Падсвільская суполка ТБМ. І не толькі ў Падсвіллі. Сябра Марыя (Маша) Новікава працуе ў школе Мінскага раёна, у Самахвалавічах. У прысталіччы пануе рускасць. Але там родная мова гучала са сцэны школьнай залы, ладзіліся мерапрыемствы (асабліва цікавыя такія, як фестываль дзіцячай творчасці “Гавары са мной па-беларуску”) на роднай мове. І натуральнасць беларускай гаворкі, настаўніцы, яе ўсмешлівы, гумарыстычны тон пры адкрытасці да людзей, не выклікалі пярэчанняў.

У Падсвіллі – сем чалавек чальцоў суполкі, якія пацвярджвюць сваё сяброўства грашовымі скадкамі, ахвяраваннямі, удзелам у розных таварыскіх мерапрыемствах. Ёсць сябры сяброў, як, напрыклад, сям’я Карчэўскіх -- Люба Ягораўна выпісала “Наша слова” і задаволена яго зместам.

Мікалай Сауліч – душой беларус, настаўнік баяна ў музычнай школе. Даніла Курылёнак – проста патрыёт, вярнуўся ў Беларусь з Варонежа. У маладыя гады чытаў напамяць “Новую зямлю”. Аляксандра Місевіч – аматарка спяваць лірычныя беларускія песні. Людміла Баброўская спрабуе сябе ў мастацкім слове – піша замалёўкі, абразкі. Выдала кніжку “Святло маёй душы”. Людміла Марговіч – дырэктар цэнтра  дзіцячага і юнацкага турызму і экскурсій – фармуе ў гурткоўцаў зацікаўленасць Радзімай праз экскурсійныя дзеянні. Яна паспрыяла настаўніцы Алене Арцімёнак і яе вучням ў выбары тэмы для ўдзелу ў навукова-практычнай канферэнцыі паміж дзецьмі пачатковых класаў раёна. Вынік іх працы (праект кніжкі для дзяцей) сшыла для карыстання на турбазе. Марыя Баравік – сябра СБП, БАЖ, сябра рэспубліканскай рады ТБМ і кіраўнік Падсвільскай суполкі. Мар’ян Місевіч – былы настаўнік матэматыкі. Ён адметны тым, што сёння Перадолы ведаюць мастакі, барды, журналісты. Тут як бы месца сустрэчы беларусаў з кампаніі “Будзьма!”. Сядзіба яго ў нацыянальнай сімволіцы. Мар’ян дае прытулак і мастакам, і спевакам, калі толькі яны пажадаюць спыніцца для мастацкай творчасці ці ў святы -- Дні Памяці знакамітага земляка  - Язэпа Драздовіча.

Зазначу, што тут само сабой адбылося нібы ўз’яднанне сяброў ТБМ Падсвілля, Мінска, Шаркаўшчыны, Глыбокага. У часы пленэраў. Бо спадарыня Ада Райчонак не марудзіла, калі я дала ёй адрас Мар’яна. У хуткасці і трапілі на сядзібу мастакі суполкі “Пагоня”, затым барды “Свабоды”. Узнікла яскравая плынь слова і музыкі.

Сёлета пленэр адбыўся ў ліпені – да 125-годдзя  Язэпа Драздовіча. І сустрэча ў моўнай аўры. Мастак, прафесар Часлаў Шамшур сказаў, што  ў гэтым асяроддзі галоўная незвычайнасць – мова, якая лучыць душы. Мастак Алесь Мара (Марачкін) прэзентаваў тут сваю кнігу “Калодзеж у жыце”. Глыбачанін Зміцер Лупач прывёз “Голас з рэзервацыі” Люцыяна Шчаснага, сваёй вёрсткі. Я пачула пахвалу кніжкі з вуснаў Ады Райчонак.

Пазней, у кастрычніку, сюды зноў наведаліся госці – адзначыць Дзень Юбілея знакамітага мастака, пабыць у духоўным паветры роднасці, прагледзець фільм пра шукальнікаў і адкрывальнікаў творчай памяці Язэпа. 

Сродкамі мастацкасці 

                         Ты, братка, не глядзі сурова

                         На мой прапагандысцкі ход!

                         Як не народ  за нашым словам,

                         То  наша слова -- у народ!

                                                   Марыя Новікава       

Ідэю “Мове – жыць” мы рухалі,  як толькі маглі ў нашых умовах: мастацкасцю, пісьмовымі (у друку) і прамоўнымі выступамі. Напрыклад, я скарыстоўвала дадзеныя мне хвіліны перад адкрыццём агляду самадзейных драмкалектываў у мясцовым ДК. У Гатаўшчынскай школе прамаўляла на тэму “Радзіма – мова”. І так заўсёды, дзе былі якія сустрэчы. На мой погляд найбольшае ўражанне пакідалі вечарыны вершаў і музыкі пры ўдзеле Марыі Новікавай.  Яшчэ яе асабістыя выступленні. Тут варта згадаць і Зміцера Бартосіка. Ягоны пошук маладых бардаў і знаходка Марыйкі (Машы), якую і запрасіў удзельнічаць у конкурсе радыё “Свабода”, звёў і яго самога з сябрамі нашай суполкі. Маша, дзякуючы такой дзеі Зміцера, перамагла ў конкурсе, у намінацыі “Свабода на барыкадах”.

Параіўшыся з  сябрам суполкі Мікалаем Саулічам, мы запрасілі Бартосіка ў вучнёўска-настаўніцкую аўдыторыю нашай музычнай школы. Зміцер даў юным слухачам своеасаблівы тлумачальны, спеўны бардаўскі ўрок. Ён незвычайна выразна, эмацыянальна, акцэнтуючы сэнс мелодыяй і сакавітым вымаўленнем беларускага слова, наблізіўся думкай да слухачоў. А Зміцер жа “рускамоўнік”, па нараджэнню адэсіт; пра Адэсу цёпла, годна, з адценнем пяшчоты, пацвердзіў на завяршэнне, што “ёсць горад… ля Чорнага мора” (тэкст перакладзены Рыгорам Барадуліным). Зміцера 4-га сакавіка 2009 года праслухала каля 90 чалавек (у асноўным падсвільцаў ды і галубічан, абрубцаў ластавіцкіх), бо мы яшчэ былі і ў Галубіцкім ДК. Пра ўсмешлівую сустрэчу ў школе можна было гаварыць не інакш, як вершам:

Глядзі: ніхто з малечы не дурэе.

(На першым радзе ўсё навідавок),

Бо іх цікаўнасць спрытна Зміцер грэе,

І ля яго слухач – не абібок.

 

А ў гэты час Ігнатавіч паскорыў

З-пад Свілы крок… слізгаецца, бяжыць

На песні, каб апошнюю – “Ёсць горад…”

Пачуць і найдаўжэй яшчэ пажыць.

 

Ды й Зміцер (паглядзі, што адбылося)

Раскрыўся, як цюльпан увесь з душы,

Аж не паспеў сказаць, што ён – Бартосік,

І цішыню да голасу прышыў.

 

Вачэй зярняты атуліў прыжмурам,

І думка заіскрылася з душы.

Глядзі, як Зміцер вольна завіхурыў –

Як Бард Свабоды песняю зажыў!

 

Кажу Яму: “Не ўсё, браток, шарэе!

Зярняты-зрэнкі – у Твой бок растуць…

Аўтографы (Ты стаў душою рэю)

Давай хутчэй вясёламу хвасту!”

У 2009-ым годзе была і сустрэча з бардамі на сядзібе Мар’яна. І двойчы (у Падсвільскай бібліятэцы і ў касцёле) выступала Марыйка з праграмай “Паверу ў цуды”. “Душа прыйшлася да душы” – так яна сказала потым у вершы. Дык жа толькі праз родную мову і можа адбыцца ўнутранае духоўнае здзяйсненне. І ў пазнейшыя гады прэзентаваліся кнігі (вершы і песні). Яны прыйшлі ў аўдыторыі і дарослых, і дзяцей. 10-13 гады пазначыліся выпускам у свет паэтычных кніг Марыі Баравік прыватным выдаўцом Яраславам Берніковічам і вярстальшчыкам Зміцерам Лупачом. І гэта паспрыяла мастацкай працы суполкі, выхаду аўтара да чытача, гледача. Адбыліся цікавыя дыялогі і асабліва ў дзіцячым асяроддзі (праз кніжку “Ціт” у Падсвільскай школе. У шырокім крузе дарослай аўдыторыі прэзентавалася кніга “Святло маёй душы” Людмілы Баброўскай.

Ахвяравальнасць

Ахвяраванне – гэта ж не толькі матэрыяльныя  сродкі. Гэта духоўная праца. Бо што, напрыклад, ўяўляе праца  пяром? Па-першае, гэта не рыхленне глебы цяпкай. Калі там вырасце цыбуля, бульба, гуркі, то гаспадар накорміцца. Па-другое, гэта расход каштоўнага чалавечага часу, думнай энергіі пры ўсякім стане здароўя (сябры суполак большай часткай – не моладзь). І ўся карысць – вера, надзея, што мова родная будзе жыць і зойме ганаровае месца ў Беларускай Рэспубліцы – нашай Айчыне.

Але так стаіць праблема, што, каб запусціць ўсё духоўнае ў барацьбу за мову, за Беларусь, трэба грошы. Вось у гэтым накірунку мае козыр ў суполцы – Мар’ян. Ён ужо ў пачатку бягучага года ахвяраваў для дзейнасці цэнтра ТБМ імя Ф. Скарыны 600000 рублёў, чаго, напрыклад, не магу зрабіць я (пісьменніца і журналіст – Марыя Баравік). Бо за ўвесь справаздачны перыяд за  сваю пісьмовую працу не атрымала ганарараў ні з якіх газет, нават, з раённай дзяржаўнай газеты за артыкул на замову. А напісана шмат абараняльна-моўных артыкулаў і па асвятленню нашай дзейнасці, і рэцэнзій на кнігі сяброў таварыства і г. д.

Суполка на працягу ўсяго існавання падпісвала і збірала подпісы, падтрымліваючы Звароты ва ўладныя структуры, каб абараніць мову. Двойчы звярталася да свайго прадстаўніка ў Парламенце – спадара Уладзіміра Андрэйчанкі – давалі наказ паклапаціцца аб удасканаленні  Закона аб мовах. Пісалі ў дзяржаўнае аб’яднанне “Беларуская чыгунка” супраць транслітарацыі і расейскіх назваў прыпынкаў па чыгунцы, у Міністэрства культуры РБ  аб статусе дзяржаўнай установы “Літаратурны музей Максіма Багдановіча”. Атрымалі адпіску на імя Людмілы Марговіч і Людмілы Баброўскай з гэтых устаноў. Ад прадстаўніка Парламенту адказу не дачакаліся.

Грашовыя ахвяраванні сяброў (М. Місевіча, М.Сауліча, Д. Курылёнка, М.Баравік, Л. Карчэўскай) на дзейнасць рэспубліканскага цэнтра ТБМ склалі  2.170.000 рублёў. З іх 1.900.000 рублёў ахвяраваў Мар’ян.

Спіс праведзеных мерапрыемстваў

2009 год

-       Удзел Марыі Новікавай у конкурсе радыё “Свабода” (Мінск)

-       Сустрэча з бардам Зміцерам Бартосікам у Падсвільскай музычнай школе

-       Сустрэча з Бардамі “Свабоды” на сядзібе Мар’яна Місевіча ў Перадолах

-       Сустрэча з бардам Марыяй Новікавай у Падсвільскай бібліятэцы

-       Сустрэча з бардам Марыяй Новікавай у касцёле “Найсвяцейшага сэрца Езуса” (Падсвілле)

-       Выступ Марыі Баравік у Гатаўшчынскай школе Глыбоцкага раёна

2010 год

-       Выступ Марыі Новікавай і Марыі Баравік у гасцёўні Глыбоцкай бібліятэкі

-       Выступленне Марыі Новікавай як барда на тэму “Паверу ў цуды” (Глыбоцкая бібліятэка)

-       Прэзентацыя кніг Марыі Баравік (Падсвільская бібліятэка)

-       Сустрэча з Марыяй Баравік у жаночым клубе (арганізатар Таццяна Смоткіна, рэдакцыя газеты “Прэфект-інфо”, Глыбокае)

-       Прэзентацыя кніг Марыі Баравік на сядзібе ТБМ (Мінск)              

2011 год

-       Прэзентацыя кніг Марыі Баравік у Віцебскім Беларускім Дзяржаўным тэатры “Лялька”

-       Выступ Марыі Баравік перад адкрыццём агляду самадзейных драмкалектываў у Падсвільскім ДК

-       Агляд друку – газет: “Наша слова”, “Новы час”, (у асяроддзі сяброў суполкі)

2012 год

-       Вечарына “Беларуская песня” у кватэры Мар’яна Місевіча на Каляды

-       Прэзентацыя кніг Марыі Баравік “Камень смутку” і “Прымі, душа, таямніцу” у Глыбоцкай раённай бібліятэцы

-       Прэзентацыя кніг  “Камень смутку” і “Прымі, душа, таямніцу” у Падсвільскай бібліятэцы

-       Дыктоўка ў Дзень мовы (рэдакцыя прыватнай газеты “Прэфект-інфо”, Глыбоцкая суполка ТБМ)

-       Удзел Марыі Баравік у школьным ранішніку, прысвечаным памяці Язэпа Драздовіча

2013 год

-       Сумесная дыктоўка з пяцікласнікамі Падсвільскай школы на тэму “Сведкі мінулага” паводле А. Ліна і А. Станкевіча (матэрыял з метадычкі). Дыктавала настаўніца беларускай мовы і літаратуры  - Марыя Любаміраўна Буката

-       Прэзентацыя кнігі “Святло маёй душы” Людмілы Баброўскай у Падсвільскай бібліятэцы

-       Прэзентацыя дзіцячай кніжкі Марыі Баравік “Ціт” (Падсвільская СШ)

-       Прэзентацыя Кнігі “Ціт” Марыі Баравік у Галубіцкай школе

-       Прэзентацыя Кнігі “Ціт” у Азярэцкай школе

-       Прэзентацыя кнігі “Ціт” у Празароцкай школе

-       Сустрэча Марыі Баравік з з дзецьмі-гурткоўцамі, з турыстычнай групай (цэнтар турызму, Падсвілле)

-       Прэзентацыя кнігі Люцыяна Шчаснага “Голас з рэзервацыі” (рэдакцыя газеты “Прэфект-інфо”, Глыбоцкая суполка ТБМ)

-       Сустрэча падсвільскіх сяброў з мастакамі суполкі “Пагоня” на пленэры ў Перадолах

-       Удзел у святкаванні Юбілея  Язэпа Драздовіча

-       Выступленне Марыі Баравік перад удзельнікамі метадычнага аб’яднання школьных бібліятэк раёна

-       Удзел Марыі Баравік у школьным ранішніку, прысвечаным святкаванню 125-гадовага Юбілея Язэпа Драздовіча

-       Агляд часопіса “Верасень” у асяроддзі сяброў суполкі

2014 год

-       30.01.  Творчая сустрэча з паэткай Марыяй Новікавай “Ёсць любоў, якая не мінае” (касцёл Св. Сымона і Св.Алены г. Мінск)

Спіс публікацый пра дзейнасць сяброў суполкі

1.   “Аўтографы давай”, М. Баравік, газета “Вольнае Глыбокае” №12, 19 сакавіка “2009г.

2.   “Ёсць мы – ёсць мова”. М. Баравік, “Вольнае Глыбокае”, №14, 2 красавіка 2009г.

3.   “Прычакаць святла” М, Баравік, “Вольнае Глыбокае” №26, 25 чэрвеня 2009г.

4.   “Сустрэча з бардам Марыяй Новікавай”, М, Баравік, “Вольнае Глыбокае” №37, 10 верасня 2009г.

5.   “Зусім па-роднаму звініць”, М. Баравік, “Вольнае Глыбокае” №43, 22 кастрычніка 2009г.

6.   “Розныя пачуцці, але трывога”, М. Новікава, “Вольнае Глыбокае” №43 22 кастрычніка 2009г.

7.   “У новым касцёле ў Падсвіллі” кс. В. Місевіч,”Вольнае Глыбокае” №41, 8 кастрычніка 2009г.

8.   “Радзіма-мова”, М. Баравік, “Наша слова” №44, 4 лістапада 2009г.

9.   “Ты Бог мой навекі”, З. Лупач, “Вольнае Глыбокае” №5, 29 студзеня 2009г.

10.                  “Думка пасля канферэнцыі ТБМ”, М. Баравік, “Вольнае Глыбокае” №6, 11 лютага 2010г.

11.                  “Марыя зачаравала гледачоў чысцінёй сваёй адкрытай душы”, Я.Самсонаў, “Вольнае Глыбокае” 36, 11 лютага 2010г.

12.                  “Люстэрка руху за мову”, М. Баравік, “Наша слова” №11, 17 сакавіка 2010г.

13.                  “З друкарні ветлівай Яраслава” , М. Баравік, “Наша слова” №41, 13 кастрычніка 2010г.

14.                  “Прэзентацыя зборнікаў Марыі Баравік”, М. Гаравы, БЕЛАПАН, “Наша слова” №45, 10 лістапада 2010г.

15.                  “Церамок беларускі”, М. Баравік, , “Наша слова” №11, 16 сакавіка 2010г.

16.                  “На сувязі тэатр”, М. Баравік, “Вольнае Глыбокае” №16, 21 кастрычніка 2010г.

17.                  “У Падсвіллі, у Мар’яна”, М. Баравік, “Наша слова”, №10, 7 сакавіка 2010г.

18.                  “Марыя Баравік прэзентавала дзве новыя кнігі паэзіі”, К. Шыталь, “Вольнае Глыбокае” №14, 5 красавіка 2012 г.

19.                  “Дзякуй за кнігі ў год кнігі”, М. Баравік, “Наша слова” №15, 11 красавіка 2012г.

20.                  “Кнігі жалю і святла”, М. Новікава, “Наша слова”, №32, 8 жніўня 2012г.; ”Вольнае Глыбокае”, №32, 9 жніўня 2012г.; “Каталіцкі веснік” №8, 17 жніўня; “Новы час” №33, 31 жніўня 2012г.

21.                  “На прадвесні”, М, Баравік, ”Наша слова”, №50, 2 снежня 2012г.

22.                  “Не ленавацца людзьмі звацца”, М. Баравік, “Наша слова” №49, 5 снежня 2012г.; “Вольнае Глыбокае” №49, 6 снежня 2012г.

23.                  “Клопат мінулага года” М. Баравік, “Наша слова” №4, 23 студзеня 2013г.

24.                  “Высвятляць і асвятляцца”, М. Баравік, “Наша слова”№31, 31 ліпеня 2013г.

25.                  “Голас з рэзервацыі Люцыяна Шчаснага”, М. Баравік, “Наша слова” №35, 28 жніўня 2013г; “Вольнае Глыбокае” №35, 29 жніўня 2013г.

26.                  “Сонечны верасень, квецень і Празароцкая школа”, М, Баравік, “Наша слова” №39, 25 верасня 2013г.; “Вольнае Глыбокае” №39, 26 верасня 2013 г.

27.                  “Язэпава неба згадваем”, М. Баравік, “Наша ніва” №43, 20 лістапада 2013г.

28.                  “Вучні ад імя Язэпа Драздовіча, М. Баравік, “Вольнае Глыбокае” №44, 31 кастрычніка 2013г.

29.                  “У мастацкім святле Васіля Зуёнка”, М. Баравік, “Наша слова”  №7, 12 лістапада 2013г.

Марыя Баравік,

кіраўнік Падсвільскай суполкі ТБМ

 


← вярнуцца ў навіны