Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Хто русіфікуе Нясвіж?

2014.04.27 0

 Выява з сайта radzima.org.

Нясвіж - сэрца Беларусі, культурная сталіца на працягу многіх стагоддзяў у мінулым і адзін год у стагоддзі ХХІ. Нясвіж - горад, які ад астатніх гарадоў адрозніваецца тым, што яго ў Беларусі любяць усе. Таму кожны спадзяецца знайсці тут сапраўдную Беларусь. Такую, якой няма ў Шклове - Магілёве. А што ж знаходзяць? Пакінем у баку замак, паглядзім на горад, на яго візуальнае афармленне, і, не лічачы - не мераючы, убачым абсалютную большасць шыльдаў, вывесак, пано, аформленых па-руску. Адразу ўзнікае пытанне, куды глядзяць улады. Прыгледзімся бліжэй і ўбачым.

Першае. Дзяржаўныя ўстановы: райсавет, райвыканкам, нейкі там статыстычны камітэт - шыльды пры дзвярах толькі на беларускай мове. Рускамоўных дублікатаў няма. Дошка пашаны каля райсавета: "Імі ганарыцца Нясвіжчына" - усё да апошняй кропачкі над "і" па-беларуску. Збоку такі ж шыкоўны стэнд з гарадамі розных краін, з якімі ў Нясвіжа блізкія стасункі - усё па-беларуску. Усе пано, якія вывешвае райвыканкам, выкананы па-беларуску. Троху далей усталявана бронзавая выява льва з гербам Нясвіжа. На пастаменце па-беларуску напісана:

“Нясвіж - гістарычны культурны, асветніцкі і грамадскі цэнтр Беларусі, вядомы з ХV стагоддзя.

Нясвіж - калыска беларускага тэатра.

З пачатку ХVI стагоддзя, больш за 400 гадоў - ардынацыя князёў Радзівілаў.

У 1586 годзе атрымаў Магдэбургскае права.

Палацава-замкавы комплекс Нясвіжа з 2005 года ўнесены ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА”.

Аўтары манумента: Аляксандр Фінскі і Армэн Сардараў.

Кінатэатр "Салют", раённая бібліятэка, цэнтр "Скарбніца" - знешне ўсё па-беларуску. Закінуць уладам мы можам толькі шыльды з назвамі вуліц. Пра гэта гаворана - перагаворана. Збіраліся ўжо памяняць, начальнік ідэалагічнага аддзела нават з экранаў БТ пра гэта казаў - не далі грошай. Але тут справу можна зрушыць.

Дык у чым жа русіфікацыя? І дзе яна?

Рускамоўнае ў Нясвіжы афармленне аб'ектаў гандлю. Некалькі - "Світанак", "Родны кут", "Нясвіжскі смак" - па-беларуску. Астатнія амаль усе па-расейску. Чаму? Так замовілі або зрабілі гаспадары, уласнікі. Моцна кідаецца ў вочы "У ратуши", "Универсам", "Универмаг" і ўсе іншыя драбнейшыя і буйнейшыя. Але яны ж уласнікі, яны могуць рабіць, як хочуць, і робяць, як хочуць, робяць па-расейску. І не ўзнікае ніякага сумнення, а можа зрабіць па-беларуску? І чым больш "зачуханы" гарадок, тым больш рускамоўныя крамы.

І вось тут мы выходзім на асноўную прычыну. Не ўлады ў Нясвіжы вінаватыя, што горад зрусіфікаваны. Сваю дзялянку, муніцыпальную, як было паказана,  яны трымаюць у прыстойным стане. Вінаваты так званы “сярэдні клас”, за правы якога так любяць пазмагацца беларускія дэмакраты: "А-я-яй, прыватная ўласнасць, святое, не чапай!” Вінаваты ўласнікі і дырэктары фірм ды фірмачак, тыя, хто выбірае расейскамоўныя назвы і рэгіструе іх, тыя, хто адпаведна з рэгістрацыяй вешае потым шыльды, рэкламныя пано і г. д.

І вось вынікае, што ўсе гэтыя прыватнаўласнікі і дырэктары, якія ў большасці сваёй маюць дыпломы пра вышэйшую адукацыю, аказваецца, не маюць ніякай нацыянальнай адукацыі. Усе яны маюць фінансавую адказнасць і не маюць ніякай адказнасці нацыянальнай.

Дваццаць трох год, цэлага пакалення, нам не хапіла, каб закласці ў нетры гэтага “сярэдняга класа” азы нацыянальнага. Праўда, некалі Майсею спатрэбілася таксама 40 гадоў (два пакаленні), але ж мы ў ХХІ стагоддзі, павінна ўсё быць хутчэй, а не выпадае. Дык чым жа забіта галава ў нашага сярэдняга класа, калі там няма месца для нацыянальнага? А забіта яна расейскім тэлебачаннем і расейскай папсой. Ой, не дарэмна дае Пуцін народных артыстаў і нават Герояў Расіі сваім поп-зоркам. Яны адпрацоўваюць спаўна. Беларускія тэлеканалы, дзе яшчэ сяды-тады можна пачуць нешта па-беларуску, не вытрымліваюць ніякай канкурэнцыі з расейскімі. Таму і забіты галовы сярэдняга класа расейскай "поп-кашай".

На шчасце, не ўся Беларусь такая. Вось з'яўляюцца мастацкія мемарыяльныя знакі, як у тым жа Нясвіжы, і з'яўляюцца па-беларуску. Вешаюцца пад святы расцяжкі і вешаюцца па-беларуску. Але тое так рэдка.

Каля 70% насельніцтва ў Беларусі наогул ні на што не ўплывае і ўплываць не хоча. Працэнтаў 10-15 уплываць хочуць, але не могуць. На ўсё ўплываюць астатнія 15-20%. Улада магла б сказаць сваё слова і проста не рэгістраваць рускамоўныя назвы. Акрамя "Закона аб мовах..." у нас шмат іншых законаў. Але для ўлады гэты крок яшчэ наперадзе. Яна яшчэ да гэтага даспявае і далёка не ўсюды так паспяхова, як у Нясвіжы. У Шклове ізноў лепяць вуліцы Радніковую ды Радужную, а пад Менскам пасёлак Васток. Між тым павінна даспяваць. У Пасланні беларускаму народу 22 красавіка 2014 года Прэзідэнт Беларусі сп. А. Лукашэнка сказаў: "Калі мы страцім рускую мову - мы пазбавімся розуму, а калі мы развучымся гаварыць на беларускай - то перастанем быць нацыяй". І шыльды будуць вешаць іншыя гаспадары, і зусім не абавязкова, што гэта будуць расейцы.

Такім чынам, што мы маем? Сістэма адукацыі сфармавала нам сярэдні клас з нацыянальным вакуумам у галовах, расейскае тэлебачанне запоўніла гэты вакуум расейскай папсой. Вось інтэлектуальны ўзровень нашых гандляроў, прадпрымальнікаў, дырэктараў дробных крамаў.

Павярнуць іх да нацыянальнай самаадукацыі? У гэтым кірунку працуе Інтэрнэт. Эфект здараецца, менавіта - здараецца.

Грамадскія арганізацыі могуць адсачыць і паўплываць на буйныя фірмы. А дробныя так і будуць ляпіць шыльду за шыльдай па-расейску. Яны не спрачаюцца, не абураюцца. Яны проста не разумеюць, хто і чаго ад іх хоча. Яны па-за нацыянальнай школай, па-за нацыянальным вымярэннем. Таму і стаіць культурная сталіца Беларусі - Нясвіж - увесь аблеплены рускамоўнымі шыльдамі. Адзіныя выспачка беларускасці тут - тэрыторыя вакол райвыканкама.

Станіслаў Суднік


← вярнуцца ў навіны