Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Беларуская мова на выбарах у Магілёве

2014.04.10 0

 Выява з сайта kpravda.com.

Выбарчыя камісіі

Участковыя камісіі, паводле шматлікіх адказаў кіраўнічкі Цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай, не з’яўляюцца юрыдычнымі асобамі, таму на іх, нібыта, не распаўсюджваецца заканадаўства аб дзяржаўным справаводстве. Адпаведна заявы і скаргі, якія падаюцца ў гэтыя камісіі на беларускай мове, не абавязкова павінны мець адказы на мове звароту. Таму ў Магілёве на ўсе беларускамоўныя скаргі заўжды адказваюць па-руску.

Беларуская мова ў працы выбарчых камісій мае выключна дэкаратыўны характар. На гэтых выбарах яна была заўважана толькі на фармулярах пасведчанняў кандыдатаў у дэпутаты, аднак усе іх асабістыя звесткі ў пасведчанні ўпісваліся па-руску. Ні адзін з кандыдатаў у дэпутаты з гэтай нагоды не падаў ні адной скаргі.

Інфармацыйныя матэрыялы з біяграфічнымі дадзенымі кандыдатаў у дэпутаты выдаваліся выключна на рускай мове. Нават традыцыйнае інфармаванне грамадзян праз улёткі, плакаты, расцяжкі і біл-борды здзяйснялася пераважна на рускай мове. Біл-борд з запрашэннем прыйсці на выбары пісаны па-беларуску выглядаў хутчэй выключэннем, чым правілам.

Агітацыйных улётак на гэтых выбарах амаль ніхто не рабіў. З тых жа, хто іх надрукаваў - зрабіў іх выключна на рускай мове. Адзіным выключэннем была кандыдатка ад Беларускага народнага фронту Тамара Маскалёва. Яе ўлёткі былі выраблены у прапорцыі 50/50 па-руску і па-беларуску.

Па радыё выстула па-беларуску толькі Тамара Маскалёва. Адзінай беларускамоўнай фразай у кандыдата ў дэпутаты ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) былі словы Кастуся Каліноўскага – “Не народ для ўраду, а ўрад для народу!” Астатнія кандыдаты аддалі перавагу ў сваіх выступах мове Пушкіна.

Чаму не карысталіся мовай дэмакратычныя кандыдаты?

Каардынатар магілёўскай кампаніі “Будзьма беларусамі” Юрый Стукалаў кажа, што балатуючыся ў мясцовы Савет дэпутатаў не карыстаўся беларускай мовай выключна з-за таго, што яго мэтавай групай былі рабочыя, якія пражывалі ў раёне Цагельні.

- У сваёй перадвыбарчай агітацыі я рабіў акцэнт на рабочы клас, які карыстаецца ў асноўнай масе рускай мовай і для яго беларускае слова рэжа слых. Тым часам у маёй камандзе было шмат беларускамоўных людзей. Я ў тым ліку добра размаўляю па-беларуску. Канешне, прызнаю памылку, што не было матэрыялаў па-беларуску, аднак гэта хутчэй з-за таго, што былі моцна абмежаваныя рэсурсы. Я за іх здолеў зрабіць толькі адзін наклад улётак і надрукаваць свае плакаты, - адзначае Стукалаў.

Кандыдат у дэпутаты ад кампаніі “Гавары праўду” Аляксей Паўлоўскі кажа, што падчас збору подпісаў размаўляў з грамадзянамі як па-руску, так і па-беларуску.

- Тым часам, свае агітацыйныя ўлёткі я зрабіў па-руску. Прычына такога рашэння палягае ў тым, што шмат хто з людзей наракае на тое, што цяжка чытаць па-беларуску, альбо што не ведае гэтую мову. Канешне, калі б у мяне было больш рэсурсаў, то частку ўлётак вырабіў бы і па-беларуску, - кажа Паўлоўскі.  

Старшыня Магілёўская абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Уладзімір Шанцаў кажа, што не карыстаўся беларускай мовай у перадвыбарчай агітацыі, бо яго праграма была і так дастаткова антырасійская.

- Я не хацеў пужаць людзей беларускай мовай, бо некаторыя з іх яе баяцца, як чорт ладана. Мае ўлёткі былі супраць расійскіх ваенных баз на зямлі беларускай і супраць акупацыі Украіны. Я і так нацярпеўся шмат канфліктных сітуацый, бо расійская прапаганда і беларускае тэлебачанне робяць сваю справу, - кажа Шанцаў.

Ці варта размаўляць па-беларуску падчас агітацыйных кампаній?

Актывіст Таварыства Беларускай мовы, пісьменнік і журналіст Міхась Булавацкі лічыць, што беларускай мовай падчас агітацыйных выбарчых кампаній варта карыстацца, але рабіць гэта трэба не назойліва, каб у агітацыйных матырыялах кандыдатаў было не ўсё пра адну “мову”, але пісанае пра мясцовыя праблемы моваю.

- Хоць у нас большасць насельніцтва размаўляее па-руску, тым не менш гэта не перашкодзіла гісторыку Алесю Агееву, якія рабіў свае агітацыйныя ўлёткі выключна на беларускай мове, некалькі год назаць стаць дэпутатам Магілёўскага гарадскога Савета дэпутатаў, - кажа Булавацкі.

Акрамя таго актывіст ТБМ лічыць, што зараз веданне беларускай мовай становіцца модным трэндам. З’яўляецца шмат рэкламы на беларускай мове, якая вылучае прадукты з рускамоўнай прасторы і робіць іх запамянальнымі. Як вынік, Міхась Булавацкі набывае прадукты і тавары, якія рэкламуюцца ў першую чаргу на беларускай мове.

- Я лічу, што на наступных выбарах хаця бы дэмакратычныя кандыдаты мусяць ужываць беларускую мову больш рашуча і знаходзіць ёй больш шырокае прымяненне. Гэта зробіць іх больш запамінальнымі і верагодна, што іх абяруць туды, куды яны балатуюцца, - гаворыць Булавацкі.

Трэба адзначыць, што з пазіцыяй Міхася Булавацкага згодны многія беларускія грамадскія актывісты, палітычныя лідары і дзеячы культуры, якія не прымалі ўдзел у выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў.

 

Ігар Барысаў

Магілёў


← вярнуцца ў навіны