Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Прэзентацыя кнігі Тэрэзы Голуб “Летапіс жыцця і творчасці Аркадзя Куляшова”

2014.03.28 0

 Выява ўзятая з сайта budzma.org.

У Мінскай абласной бібліятэцы імя А. Пушкіна 1 красавіка 2014 года а 16-й гадзіне адбудзецца сумеснае мерапрыемства Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры і бібліятэкі, прысвечанае прэзентацыі 2-га, дапоўненага выдання кнігі Тэрэзы Голуб “Летапіс жыцця і творчасці Аркадзя Куляшова”.

Выдавецтва “Беларуская навука” да стагоддзя народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова зрабіла добры падарунак чытацкай аўдыторыі – даследчыкам, выкладчыкам, студэнтам, архівістам, тэкстолагам, музейным супрацоўнікам, школьнікам – 2-е, дапоўненае выданне кнігі Т.Голуб “Летапіс жыцця і творчасці Аркадзя Куляшова”.

Выхад кніг падобнага жанру – рэдкая ў беларускім літаратуразнаўстве з’ява. Кніга пабудавана на дакументальным матэрыяле. Сабраныя ў “Летапісе…” звесткі ў храналагічнай паслядоўнасці ўзнаўляюць факты з жыццёвай і творчай біяграфіі Аркадзя Куляшова, выдатнага паэта, літаратурнага крытыка, публіцыста, перакладчыка, кінасцэнарыста, грамадскага дзеяча, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны. Падзеі, мерапрыемствы, у якіх прымаў удзел А.Куляшоў, згадваюцца ў непасрэднай сувязі з асяроддзем, што стварае пэўны грамадскі фон, спрыяе ўспрыняццю вобраза галоўнага героя кнігі ў кантэксце часу, той гістарычнай эпохі, у якой яму выпала жыць, адлюстроўвае знітаванасць яго лёсу з лёсам краіны. У кнізе змешчаны рэдкія фотаздымкі, якія з’яўляюцца каштоўнымі ілюстрацыямі да біяграфіі пісьменніка.

Аркадзь Куляшоў займае годнае месца ў гісторыі беларускай літаратуры. Ён узняў нацыянальны паэтычны геній на якасна новую ступень. Невыпадкова мерапрыемства ладзіцца ў Мінскай абласной бібліятэцы імя А.Пушкіна. Вялікі рускі паэт аказаў значны ўплыў на фарміраванне асобы А.Куляшова-паэта: “...Асаблівай маёй увагай, любоўю і прызнаннем карысталіся Пушкін і Лермантаў, яны адразу і цвёрда ўвайшлі ў мой калыскавы лексікон... можа б і іншая была мая будучая любоў і цяга да літаратуры без гэтага завочнага знаёмства”. Да творчасці класіка рускай літаратуры беларускі паэт звяртаўся напрацягу ўсяго жыцця: ім зробленыя высокай мастацкай дасканаласці пераклады твораў А.С.Пушкіна.

У год святкавання 100-годдзя народнага паэта Беларусі “Летапіс жыцця і творчасці Аркадзя Куляшова” падрыхтаваны і дапоўнены Тэрэзай Голуб стане важкім унёскам у справу ўшанавання памяці пісьменніка і папулярызацыі яго творчасці.

Уваход вольны.

Месца правядзення: Мінская абласная бібліятэка імя А.Пушкіна (г. Мінск, вул. Гікала, 4).

Кантактны тэлефон: (017) 334-56-21.

 

Вокладка кнігі “Летапіс жыцця і творчасці Аркадзя Куляшова”

← вярнуцца ў навіны