Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
Мясцовыя арганізацыі

Лідская гарадская арганізацыя ТБМ

навіны

100-годдзе Валянціна Таўлая ў Лідзе

2014.02.13 0

8 лютага ў г. Лідзе адзначалі 100-годдзе з дня нараджэння беларускага паэта Валянціна Таўлая. Лёс звязваў Валянціна Таўлая з многімі населенымі пунктамі Беларусі. Нарадзіўся ён 8 лютага 1914 г. у Баранавічах, пайшоў у школу ў Лідзе, жыў у Рудаўцы на Слонімшчыне і вучыўся ў Слонімскай гімназіі. Пасля польскіх турмаў і кароткага акрэсу жыцця ў БССР, зноў турмаў працаваў у 1939-41 гг. у лідкай газеце “Ўперад”, быў у падполлі на Наваградчыне, сядзеў у лідскай турме пры немцах, пасля вайны да 1947 г. працаваў у Менску.

Усе гэтыя этапы жыцця Валянціна Таўлая прадстаўлены ў кнізе “Этапы жыццёвых дарог”, з прэзентацыі якой у Лідскай цэнтральнай народнай бібліятэцы імя Янкі Купалы і пачаліся ўрачыстасці. Аўтар кнігі супрацоўнік Лідскага гістарычна-мастацкага музея Анастасія Каладзяжная, аўтар прадмовы Станіслаў Суднік.

Факт да факту, падзея да падзеі, і з кнігі паўстае вобраз паэта-змагара і вельмі неардынарнага чалавека. Пры гэтым у кнізе вельмі мала чыста аўтарскага тэксту,  яшчэ менш аўтарскіх эпітэтаў. Усе эпітэты ўзяты з выказванняў тых людзей, якія ведалі Валянціна Таўлая, якія жылі побач, якія побач змагаліся”, - гаворыцца ў прадмове

На свята прыехалі сваякі Валянціна Таўлая, землякі з Рудаўкі, і ў першую чаргу з Пецярбурга прыехала дачка Галінка з мужам, акадэмікам Ігарам Маціеўскім і прарэктарам Расійскага інстытута культуры і мастацтваў Юрыем Бундзіным.

І вось вам пецярбургская інтэлігенцыя - што Галінка Таўлай выдатна валодае беларус-кай мовай, то не дзіва, але на выдатнай беларускай мове размаўляў і Ігар Маціеўскі, які нарадзіўся ў Харкаве і ні дня не хадзіў у беларускую школу. Адным словам - Пецярбург.

Пасля прэзентацыі кнігі ўдзельнікі свята накіраваліся па таўлаеўскіх мясцінах Ліды. Бязлітасная вайна пакінула мала што аўтэнтычнае: згарэла хата, дзе жылі бацькі В. Таўлая, але захавалася турма “На Сыракомлі”. На верхніх паверхах сёння тут мэблевая фабрыка, склеп жа фактычна аўтэнтычны, а дзверы камеры № 13 цал-кам аўтэнтычныя.

Пасля турмы накіраваліся да рэдакцыі “Лідскай газеты” - спадкаемцы газеты “Уперад”, якая была заснавана ў 1939 годзе, і дзе з першых нумароў працаваў Валянцін Таўлай. У памяць пра гэта на будынку рэдакцыі была адкрыта памятная шыльда. Выканаў шыльду Рычард Груша.

Наступным пунктам маршруту стала бібліятэка імя Валянціна Таўлая па вул. Фурманава. Бібліятэка носіць імя В. Таўлая ўжо 50 гадоў. Тут да 100-годдзя паэта падрыхтавана выстава твораў, а таксама быў зроблены прыгожы банэр з партрэтам паэта, радкамі верша, здымкам лідскай школы імя Людвіка Нарбута, у якой малы Валянцін пачаў свае ”ўніверсітэты” і дзе напісаў свой першы верш на польскай мове. У ніжняй часцы банэра мосцік цераз Лідзейку недалёка ад вуліцы В. Таўлая ў Лідзе.

Кульмінацыяй святкаванняў стала адкрыццё мемарыяльнай дошкі на доміку, дзе ў 1939-41 гадах жыў Валянцін Таўлай са сваёй першай жонкай Кірай. Домік ацалеў у вайну, але наўрад ці дастояў бы да нашага часу, каб падчас першага этапу рэстаўрацыі Лідскага замка ў 70-х гадах ХХ стагоддзя яго не абклалі цэглай. Тут размяшчаўся спорткамітэт, што зусім не адпавядала культурнай значнасці будынка, таму з 1994 года грамадскасць горада, і ў першую чаргу ТБМ, пачала кампанію па высяленні спорткамітэта і перадачы будынка аддзелу культуры з тым, каб адкрыць тут Лідскі літаратурны музей. І нарэшце ў 2010 годзе падчас падрыхтоўкі да “Дажынак-2010” з’явілася магчымасць ажыццявіць задуманае. Раённыя ўлады выдзелілі сродкі, правялі рамонт, і ў доміку быў адкрыты Літаратурны філіял Лідскага гістарычна-мастацкага музея. Домік зажыў новым літаратурным жыццём.

У савецкія часы на доміку вісела просценькая мемарыяльная дошка, якая нагадвала, што тут калісьці жыў паэт, але ў 90-я гады дошку знялі і згубілі.

Эпапея з устаноўкай новай дошкі пачалася ў 2008 г. Некалькі разоў праекты заварочваліся Гарадзенскай мастацкай радай, пакуль нарэшце перад 100-годдзем справа ўстаноўкі мемарыяльнай дошкі не стала справай гонару Лідскага райвыканкама. Праект дошкі нарэшце быў зацверджаны ў Гародні, былі знойдзены грошы, і вось намеснік старшыні Лідскага райвыканкама Віктар Францавіч Пранюк, дачка Валянціна Таўлая - Галінка Таўлай, скульптар - Рычард Груша адкрылі дошку, завяршыўшы тым самым 20-гадовую гісторыю давядзення да годнага ўзроўню ўшанаванне памяці слаўнага сына Беларусі, патрыёта і змагара, выдатнага паэта Валянціна Таўлая.

Непасрэдна пасля адкрыцця дошкі Галінка Таўлай сказала карэспандэнту Радыё Рацыі: 

- Калі я сённа пабачыла колькасць людзей, якія прыйшлі на гэтае свята ў бібліятэку... Цяжка было стрымаць пачуц-ці. Гэта было настолькі ўражліва. Трэба сказаць, што па-мяць пра Таўлая сапраўды здзіўляе - гэта прайшло столькі гадоў, чалавек пражыў такое непрацяглае жыццё і заставіў такую добрую памяць пра сябе, пра сябе, як чалавека, які заўсёды быў за Беларусь.

Наступным этапам святкавання стала тэатралізаваная пастаноўка з біяграфіі Валянціна Таўлая. Ролю Валянціна выконваў рэжысёр Лідскага народнага тэатра Алег Лазоўскі, а ролю Кіры грала супрацоўніца Лідскага гістарычна-мастацкага музея Ілона Мерава. І Ліда не была б Лідай, каб не прагучаў той самы першы верш паэта на польскай мове пра верабейку, які В. Таўлай напісаў у Лідзе.

А ў літаратурна-музычнай гасцёўні, апошнім пункце маршруту, можна было нарэшце перадыхнуць, пазадаваць пытанні, выказацца, пачытаць вершы. Выступіла Ніна Пазняк, сенатар ад г. Ліды, намеснік начальніка ідэалагічнага аддзела А. Самсонаў распавёў пра малавядомыя моманты стварэння музея. А нам застаецца сказаць, што на розных этапах сілы і талент для арганізацыі свята прыклалі самыя розныя людзі: Ірына Саўсян - дырэктар цэнтральнай бібліятэкі, Кацярына Серафіновіч - рэдактар “Лідскай газеты”, Ганна Драб - дырэктар Лідскага гістарычна-мастацкага музея, супрацоўнікі музея Анастасія Каладзяж-ная і Алесь Хітрун, супра-цоўнікі мэблевай фабрыкі і бібліятэкі імя В. Таўлая, і ні аднаго збою, усюды высокі ўзровень культуры. Прыемна, ганарова і амаль усё па-беларуску.

Ліда шануе роднае і ўмее гэта рабіць.

Яраслаў Грынкевіч

 


← вярнуцца ў навіны