Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Прафесар Валянціна Лемцюгова абараніла беларускую тапаніміку

2014.02.07 0

 Выява ўзятая адсюль.

ГВАЛТ НАД НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ТАПАНІМІЯЙ – НЕБЯСКРЫЎДНАЯ ЗАБАВА

Ужо ў трэці раз дзяржаўныя мужы робяць замах на нашу тапанімію – нацыянальную гісторыка-культурную спадчыну беларускага народа, на святая святых – нацыянальную незалежнасць. А спадчына ж гэтая незвычайная, гукавая, мова роднай зямлі, у ёй увасоблена шматвекавая духоўная практыка, увесь жыццёвы вопыт народа-стваральніка. Вось такая спадчына, у якой жыве Дух і Розум, Гонар і Слава нашых крэўных продкаў, перакрэсліваецца, асуджаецца на небыццё. Балюча і горка быць сведкай падобнай расправы.

Апошнім разам ініцыятыва скасаваць нацыянальны скарб зыходзіць ад Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь. Няўжо здзейсніць грахоўны акт гатовыя і тыя ўладныя асобы, якія ставілі свае подпісы пад наступнай фармулёўкай “Инструкции по передаче на русский язык наименований географических объектов Республики Беларусь”, зацверджанай у 2005 г. Камітэтам па зямельных рэсурсах, геадэзіі і картаграфіі пры Саўміне Рэспублікі Беларусь (зараз Дзяржкамітэт па маёмасці): наименования географических объектов Республики Беларусь передаются на русский язык с национальных форм наименований, которые установлены на основании нормативных правовых актов? Тут абсалютны прыярытэт нацыянальных формаў прапісаны цалкам адназначна.

Але хто б ні стаяў за намерамі ўнесці змены ў Закон аб геаграфічных найменнях, ён відавочна не ўсведамляе элементарнай ісціны – чые назвы паселішчаў, таго і зямля. Ці задумваліся нашыя міністры, чаму так паспешліва пераафармляюцца беларускія тапонімы на іншамоўны лад на тых тэрыторыях, якія дасталіся ад нас палякам, расіянам, украінцам, літоўцам? Давайце кінем позірк на Беласточчыну, Віленшчыну. Ці знойдзем мы там на сённяшні дзень хоць бы адну назву, якая б сведчыла пра сваё беларускае паходжанне? Гісторыя забываецца, а перайначаная форма тапоніма траціць сваю ідэнтычнасць і становіцца сталай тэрытарыяльнай адзнакай іншага этнасу. Мой знаёмы маскоўскі прафесар, зусім лаяльны да беларусаў і Беларусі, вельмі здзівіўся, калі аднойчы пачуў, што літоўскі Вільнюс – гэта былы беларускі горад Вільня.

У савецкую эпоху Беларусь была ў складзе Савецкага Саюза, і тады намі распараджаліся, як хацелі. У выніку амаль палова тапонімаў не прачытвалася, згубіла сваю арыгінальную форму, многія назвы былі скажоныя да непазнавальнасці, не мелі адзінага напісання, тапанімію літаральна запаланілі арфаграфічныя, граматычныя і фактычныя памылкі (гл. артыкул у НН “Не перавяліся яшчэ дзяржаўныя чыноўнікі, якім не дае спакою ўсё беларускае”). А колькі страт і блытаніны нанесла бяздумнае перайменаванне нашых спрадвечных назваў (гл. артыкул у НН “Як нам вярнуць беларускія назвы”)!. Вось гэтае смецце на працягу больш за 10 гадоў давялося разграбаць менавіта тым вучоным, якіх ідэолаг І. Карпенка абазваў бязмозглымі. Зараз нашая дзяржава прызнаецца незалежнай. То навошта ж яе абязлічваць, зноў вяртацца ў той страшэнны хаос?!

Выкараненне нацыянальнай тапаніміі – небяскрыўдная забава, яна мае яскравую палітычную афарбоўку, ад яе патыхае здрадай нацыянальных інтарэсаў. Хіба мы ўжо саспелі да таго, каб аддаць апошні кавалак зямлі пад чужы пратэктарат? Ні адна нацыя не ў праве пагарджаць сваімі духоўнымі каштоўнасцямі, калі яна жадае заставацца нацыяй.

Доктар філалагічных навук,

прафесар  

Валянціна Лемцюгова


← вярнуцца ў навіны