Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
Мясцовыя арганізацыі

Баранавіцкая гарадская арганізацыя ТБМ

навіны

За вяртанне шыльды Лянкевіча

2014.01.29 0

У Баранавічах сябры ТБМ правялі збор подпісаў за вяртанне шыльды ў гонар кіраўніка Мілавідскай бітвы 1863 года Аляксандра Лянкевіча. Яшчэ 20 гадоў таму, падчас святкавання 130-х угодкаў Мілавідскай бітвы касінераў Кастуся Каліноўскага з царскім войскам, Мілавідскай сярэдняй школе (Баранавіцкі раён) было прысвоена імя Аляксандра Лянкевіча – кіраўніка аб’яднанымі атрадамі паўстанцаў 1863 года. На будынку школы была вывешана адпаведная шыльда, але цяпер яе чамусьці няма.

 – Напрыканцы 2013 года мы сабралі 238 подпісаў у гонар 150-х угодкаў Мілавідскай бітвы і накіравалі іх старшыні Мілавідскай сельскай выканаўчай рады Былінскай Т.М. і дырэктару Мілавідскай СШ Прымшыц М.Ф. Асабліва ахвотна падпісваліся ўдзельнікі Мілавідскага фэста, а таксама ўсе тыя, хто чытаў у гарадской недзяржаўнай газеце “Intex-press” ці на сайтах падрабязную інфармацыю пра суды над грамадскімі актывістамі за арганізацыю і правядзенне гісторыка-культурнага свята ў гонар 150-х угодкаў Мілавідскай бітвы. Мы патрабуем ад мясцовай улады аднавіць гістарычную шыльду на будынку Мілавідскай школы, – патлумачыў старшыня Баранавіцкай Рады ТБМ Віктар Сырыца.

Аднак Мілавідскі сельскі выканаўчы камітэт (Баранавіцкі раён) не будзе вяртаць памятную шыльду ў гонар паўстанцаў 1863 года. Гэта стала вядома з ліста за подпісам в.а. старшыні Мілавідскага сельскага выканаўчага камітэта Давідовіч Н.В., які атрымаў Віктар Сырыца. У адказе на калектыўны зварот грамадзян паведамляецца, што “Баранавіцкі раённы выканаўчы камітэт ні ў 1993 годзе, ні ў цяперашні час не прымаў рашэнне аб наданні Мілавідскай сярэдняй школе імя Аляксандра Лянкевіча.”

 – Гэта адкрытая хлусня, бо павесіць металічную шыльду на дзяржаўным будынку заўсёды патрэбен быў дазвол прадстаўнікоў улады. Многія мясцовыя чыноўнікі мне казалі, што на свае вочы бачылі не толькі рашэнне аб наданні Мілавідскай СШ імя Аляксандра Лянкевіча, але і аб тым, што яны асабіста прысутнічалі пры ўрачыстым адкрыцці гэтай шыльды ў 1993 годзе, – паведаміў Віктар Сырыца.

Віктар Сырыца дадаў, што сябры ТБМ будуць звяртацца ў райвыканкам, каб яны адшукалі ў занальным архіве сваё рашэнне аб наданні Мілавідскай СШ імя Аляксандра Лянкевіча ў 1993 годзе. Ну а калі гэта не ўдасца зрабіць такім чынам, то тады грамадскія актывісты будуць дзейнічаць праз суд.

Вітусь Свабодскі


← вярнуцца ў навіны