Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
Мясцовыя арганізацыі

Мінская абласная арганізацыя ТБМ

навіны

Да юбілею ТБМ, як усё пачыналася 25 гадоў назад

2014.01.22 5

 Мінская гарадская Рада таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны

А Р Г К А М І Т Э Т

па падрыхтоўцы ўстаноўчай канферэнцыі Мінскай гарадской Рады Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны.

Старшыня аргкамітэта Краўчанка П.К., сакратар гаркома КПБ, намеснікі старшыні: Гаўрош Н.В., дацэнт МДПІ імя Горкага, Зэкаў Анатоль Мікалаевіч, нам. рэдактара газеты “Чырвоная змена”, Шушкевіч С.С., прарэктар БДУ імя Леніна, народны дэпутат СССР.

У С Т А Н О Ў Ч А Я   К А Н Ф Е Р Э Н Ц Ы Я

Месца і час правядзення Устаноўчай канферэнцыі: г. Мінск, 30 верасня 1989 года.

Колькасць удзельнікаў – 305 чалавек.

Сацыяльны склад – творчая і навукова-тэхнічная інтэлігенцыя: 70%, рабочыя і служачыя: 30%. Прысутнічалі дэлегаты ад Заводскага, Кастрычніцкага, Ленінскага, Маскоўскага, Фрунзенскага, Партызанскага, Цэнтральнага, Савецкага, Першамайскага раёнаў г. Мінска.

Старшыня Устаноўчай канферэнцыі Пётр Краўчанка, сакратар Мінскага гарадскога камітэта КПБ

Сакратар Устаноўчай канферэнцыі Валянціна Раманцэвіч

 

М І Н С К А Я  Г А Р А Д С К А Я  Р А Д А ТБМ імя Ф.Скарыны

 

Дэлегаты  Устаноўчай канферэнцыі 30 верасня 1989 года абралі Раду Мінскай гарадской арганізацыі ТБМ імя Ф.Скарыны ў складзе 80 чалавек.

Склад Рады:

 Адамовіч С.В., Андраюк С.А., АгуновічЭ.К., Арочка М.М., Арлоў У.А., Авяр’янаў Ю.І., Барысевіч А.А., Бартлава В., Белы А.Я., Варанецкі В.І., Вецер Э.І., Войцік В.В., Вольскі А.В., Валкавец П.М., Гамзовіч Р.С., Гаўрош Н.В., Грыгор’ева В.Ю., Гурыновіч А.В., Гутарчык С.Я., Гучок Я.С., Грыцкевіч А.П., Далідовіч Г.В., Дамашэвіч У.М., Дайнэка Л.М., Жарскі І.М., Захарэвіч М.Г., Зэкаў А.М., Іпатава В.М., Казлоўскі І.І., Конан У.М., Клімовіч У., Клышка А.К., Краўчанка П.К., Лаўрэль Я.М., Лецка Я.Р., Ліпень Л.А., Лозка А.Ю., Лягчылаў А.К., Лыч Л.М., Марачкіна І., Мароз У,В., Махнач Р.В., Малько М.У., Наліваеў А.А., Мікалайчанка А.С., Новік У.У., Нямковіч В.А., Прановіч А.І.,  Прыймак Ж.Н., Прыма Г.С., Рагуля А.А., Рагойша В.П., Раманцэвіч В.К., Салавей Л.М., Саханькоў В.А., Суша А.М., Саламевіч І.У., Сёмуха В.С., Свяцкая В.А., Свістуновіч А.В., Сітніца Р., Ткачоў М.А., Трусаў А.А., Хадыка Ю.В., Хацько С.П., Цесакоў К.Д., Цмыг М., Чарняўскі І.М., Шарыпа П.П., Шавыркін М.М., Шырко В.А., Шушкевіч С.С., Шынкевіч А.Р., Філончык Г.В., Яшкевіч А.М., Ярмаліцкі М.А.

Старшынёй Мінскай гарадской рады ТБМ імя Ф.Скарыны абраны Грыцкевіч А.П., загадчык кафедры гісторыі СССР, БССР і замежных краін Мінскага інстытута культуры, узначальваў Раду з 30 верасня 1989 г. па 8 лютага 1992 г.

Анатоль Грыцкевіч

Прафесар, акадэмік Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі А.П. Грыцкевіч узначальваў з 30.09.1989г. па 8.02.1992г.

 намеснікі: Дайнэка Л.М., пісьменнік, Жарскі І.М., рэктар Беларускага тэхналагічнага інстытута, Лыч Л.М., доктар гістарычных навук, Чарняўскі І.М., археолаг.

Сакратарыят: Новікаў У.У., інжынер ВА”Альфа”; Гучок Я.С., супрацоўнік выдавецтва “Народная асвета”; Цмыг М.Г., навуковы супрацоўнік Беларускага тэхналагічнага інстытута; Леўшын Я.А., студэнт.

8 студзеня 1990 г. у дакуменце “Рэгістрацыйны ліст”, падпісаны намеснікам старшыні Мінскай гарадской Рады ТБМ І.М.Жарскім і сакратаром Устаноўчай канферэнцыі В.К.Раманцэвіч запісана: “Прасіць сакратарыят Рэспубліканскай Рады ТБМ імя Ф.Скарыны зарэгістраваць яе сяброўства ў Таварыстве”. Там жа паведамлялася: “ Мінская гарадская Рада ТБМ мяркуе браць удзел у працы сталых камісій Таварыства: школьная, арганізацыйна-прапагандысцкая, візуальных сродкаў, тапанімічная, вышэйшай школы, рэдакцыйная.

08.01.1990 г. Мінская гарадская Рада ТБМ імя Ф.Скарыны зарэгістравана. Сакратар Рэспубліканскай Рады ТБМ імя Ф.Скарыны Міхноўскі М.У.

11.01.1990 г. зарэгістравана Выканаўчым камітэтам Мінскага гарадскога савета народных дэпутатаў.

Выраблена пячатка і штэмпель з найменаваннем Рады.

Згодна пратаколаў-архіва паседжанняў Мінская гарадская Рада ТБМ імя Ф.Скарыны ў адпаведнасці з задачамі бягучага часу займалася вылучэннем кандыдатаў у народныя дэпутаты Беларускай ССР і мясцовых Саветаў народных дэпутатаў. Сярод вылучаных ад ТБМ імя Ф.Скарыны кандыдатаў у дэпутаты Беларусь атрымала ў Вярхоўным Савеце 12 склікання, гарадскіх і раённых саветах шэраг дэпутатаў.  Многія з іх выраслі ў вядомых палітыкаў і грамадскіх дзеячаў: Зянон Пазьняк, Алег Трусаў, Яўген Цумараў, Пятро Садоўскі і іншыя.

Ішло змаганне за адзіную дзяржаўную  беларускую  мову.  Праводзіліся разам з грамадскасцю шматтысячныя мітынгі.

21 сакавіка 1990 г. пры Мінскай гарадской Радзе ТБМ імя Ф.Скарыны быў створаны тэатр Беларускай бардаўскай песні і паэзіі “Сябрына”.

21 верасня 1990 г. для арганізацыі гаспадарчай дзейнасці з мэтай атрымання грашовых прыбыткаў для ТБМ ствараецца на вытворчай базе Беларускага тэхналагічнага інстытута малое прадпрыемства па вытворчасці сувеніраў і тавараў народнага спажывання ў беларускім нацыянальным стылі.

Наладжвалася і праводзілася супрацоўніцтва паміж Радай і Беларускімі грамадска-культурнымі таварыствамі ў Польшчы, ЗША, Канадзе, Францыі, Англіі, Ватыкане, горадзе Севастопаль.

Старшыня Мінскай гарадской рады ТБМ імя Ф.Скарыны, прафесар Анатоль Грыцкевіч быў камандзіраваны ў Лондан тэрмінам на 30 дзён у кастрычніку 1991 г. Мэта паездкі – удзел у канферэнцыі “Унія на Беларусі”. Наведванне гарадоў Лондан, Кэмбрыдж, Оксфард. У гэтым жа годзе тэрмінам на 30 дзён – у Італію, Ватыкан (сімпозіум прадстаўнікоў культурнага свету Еўропы).

***

8 лютага 1992 г. адбылася Мінская гарадская канферэнцыя ТБМ імя Ф.Скарыны. Прысутнічала 220 чалавек. Канферэнцыя разгледзела пытанне “Выбары новага складу рады”. Пастанавілі: “Увесці ў склад гарадской рады 25 чалавек: усіх старшынь раённых радаў ТБМ, БДУ, Акадэміі навук і персанальна І.І.Акуліна, А.Я.Белага, А.Н.Каралёва, Я.М.Лаўрэля, В.Г.Жака, М.І.Савіцкага, В.К.Раманцэвіч, Н.С.Сармант, Г.Г.Сокалава-Кубая, Д.М.Макарэвіч, А.А.Шамака, В.Н.Кошалева, Дзядзюлю, М.Я.Лавіцкага.

8 лютага 1992 г. на паседжанні Мінскай гарадской рады ТБМ імя Ф.Скарыны яе  старшынёй абраны прафесар М.І.Савіцкі; намеснікамі: Н.С.Сармант і Я.М.Лаўрэль. (пратакол №1, 08.02.92 г.).

Мінскую гарадскую раду ТБМ імя Ф.Скарыны ўзначальваў з 8 лютага 1992 г. па 23 верасня 1997 г. прафесар, акадэмік Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі Мікола Савіцкі.

Мікола Савіцкі

Для аператыўнага вырашэння бягучых пытанняў 18 лютага 1992г. (пратакол №3) было створана бюро рады ў складзе: М.Савіцкі, Н.Сармант, Я.Лаўрэль, В.Раманцэвіч.

Былі зацверджаны  камісіі: арганізацыйна-прапагандысцкая, адукацыйная, аўдыё-візуальныя сродкі, тапанімічная, выдавецтва, кантроль за выкананнем закона Аб мовах.

Значная ўвага ўдзялялася стварэнню на гарадскім транспарце моўнага асяроддзя на беларускай мове  (пратакол №6, 31.03.92г.).

Імкнуліся актывізаваць першасныя суполкі ТБМ і ствараць новыя  ва ўстановах і прадпрыемствах.

У той час папулярнай формай уздзеяння і ўзамасувязі з дзяржаўнымі структурамі былі Звароты. Рада актыўна выкарыстоўвала гэтую форму зносінаў са старшынёй Вярхоўнага Савета, міністрам адукацыі і інш.

Актуальным было пытанне аб выкананні Закона “Аб мовах” у дзіцячых установах, школах, ВНУ, арганізацыях і прадпрыемствах.

24 кастрычніка 1992 г. у памяшканні  Палаца Мінскага аўтазавода праведзена канферэнцыя ”Выкананне Закона “Аб мовах” у г. Мінску” пад лозунгам “Спыніць русіфікацыю”. Прысутнічалі 270 чалавек: 110 – настаўнікаў, 15 – намеснікі дырэктароў, 36 – вышэйшая школа, 14 – студэнты, школьнікі, 13 – гарадское і раённыя ўпраўленні адукацыі, 2 –праваслаўны і каталіцкі святары,  5 –  пенсіянеры, 59 – іншыя. Ухвала канферэнцыі надрукавана ў газеце  “Добры вечар” за 16.11.92г. Канферэнцыя прыняла Зварот да Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь.

Праводзіліся раённыя канферэнцыі. Але дабіцца плённай працы ўсіх раённых Рад не ўдалося, а Рада Савецкага раёна, якую ўзначальваў тагачасны вучоны сакратар Інстытута мовазнаўства Акадэміі навук, фактычна спыніла дзейнасць і пазней давялося арганізоўваць яе наноў. 8 лютага 1993г. у Педагагічным інстытуце праведзены сход грамадскасці г. Мінска для абмеркавання пытанняў “Аб забеспячэнні вучняў падручнікамі па комплексу прадметаў на беларускай мове ў сярэдняй школе” і “Аб хадзе выканання Закона “Аб мовах” і Закона “Аб адукацыі”. Прысутнічала (пратакол сходу) 74 чалавекі: прадстаўнікі аўтарскіх калектываў па падрыхтоўцы падручнікаў на беларускай мове, прадстаўнікі Савета міністраў, міністэрства адукацыі і інфармацыі, прадстаўнікі гарадскога ўпраўлення адукацыі, выдавецтваў, сродкаў масавай інфармацыі.

Мінская гарадская рада ТБМ імя Ф.Скарыны актыўна змагалася супраць прыняцця і вынясення на рэферэндум пытання аб наданні “русскому языку” статусу другой афіцыйнай дзяржаўнай мовы (звароты да Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь і іншыя формы).

Пастаянна Рада рупілася аб актывізацыі падпіскі на газету “Наша слова”.

Гарадская Рада ТБМ імя Ф.Скарыны  16 лістапада 1993 г. (пратакол №30) прыняла пастанову аб выключэнні са складу членаў таварыства Вячаслава Кебіча, старшыню Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь. У склад ТБМ Кебіч быў прынародна прыняты падчас другога з’езда гэтай арганізацыі. Матывы аб выключэнні: старшыня Савета Міністраў пры выкананні службовых функцый амаль не карыстаецца дзяржаўнай мовай, роднай мовай беларускага народа, чым парушае дзеючую Канстытуцыю, Дэкларацыю аб дзяржаўным сувернітэце Беларусі, законы аб мовах і адукацыі. Гэтым самым Вячаслаў Кебіч не служыць прыкладам для грамадзян Беларусі па выкананню законаў. Інфармацыя аб гэтым друкавалася ў газетах.

Рада займала актыўную пазіцыю ў дыскусіі ў сродках масавай інфармацыі і ўзаемадачыненнях з Вярхоўным Саветам і іншымі органамі ўлады аб статусе адзінай дзяржаўнай беларускай мовы і дзяржаўнай сімволікі.

Сябры Рады бралі актыўны прафесійны ўдзел у канферэнцыі (снежань 1993 г.) аб рэформе правапісу. 21 снежня 1993 г., пратакол №32. Канкрэтныя прапановы “Зберагчы нацыянальны дух мовы” (на 5 старонках машынапіснага тэксту) былі дасланы ў камісію па правапісу. З грунтоўным дакладам на канферэнцыі выступіў сябра рады Я.М.Стапановіч.

Гарадская Рада перыядычна заслухоўвала справаздачы старшыняў раённых радаў Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны.

11 красавіка 1994 г. Мінская гарадская Рада ТБМ у Доме літаратара правяла “Вечарыну беларускага слова”. Са сцэны гучалі вершы Янкі Купалы і іншых паэтаў. Увесь вечар прысутных весяліў сваімі фальклорнымі песнямі ансамбль выкладчыкаў БДУ “Тутэйшая шляхта”. Тут жа можна было набыць папулярную беларускую літаратуру, кнігі па гісторыі і культуры Беларусі.

Сябра рады Мікола Лавіцкі па рашэнні Рады распрацаваў і забяспечыў каляровае друкарскае выданне: “Ліст падзякі Мінскай гарадской рады ТБМ імя Ф.Скарыны”, якім ганаравалі асоб, што плённа працавалі на ніве Адраджэння беларускай мовы, культуры і гістарычнай памяці.

Праводзілі тэматычныя круглыя сталы сумесна з гарадскім упраўленнем народнай адукацыі па праблеме захавання дасягнутых здабыткаў па нацыянальным адраджэнні ў сістэме адукацыі; аб ходзе выканання Закона “Аб мовах” і інш.

23 снежня 1994 г.(пратакол №43 ад 20.12.94г.) у Доме літаратара праведзены круглы стол “Беларуская школа на шляху Адраджэння”. Бралі ўдзел у рабоце (па рэгістрацыі)  51 чалавек. Сярод іх: кіраўніцтва і супрацоўнікі ўпраўлення  адукацыі Мінгарвыканкама, старшыня камісіі па адукацыі Мінгарвыканкама, інспектар Мінгарвыканкама па выкананні Закона “Аб мовах”, дэпутаты  гарсавета, кіраўнікі раённых аддзелаў адукацыі, дырэктары і завучы школ, дырэктары гімназій, загадчыкі дзіцячых садкоў, метадысты і выхавацелі дашкольных устаноў, настаўнікі, загадчыкі кафедраў і выкладчыкі ВНУ, навукоўцы з нацыянальнага інстытута  адукацыі, пісьменнікі, навукоўцы з Акадэміі навук, журналісты, старшыня бацькоўскага камітэта і інш. Прыняты Зварот да міністра адукацыі і навукі Васіля Стражава. Была прынята Ухвала круглага стала.

6 чэрвеня 1995г. праведзена канферэнцыя “Аб захаванні беларускай школы”. Выступоўцы: В.Навуменка (БДУ), В.Вячорка (БНФ, выкладчык), М.Крукоўскі (прафесар), А.Шамак (педістытут), Г.Вашчанка (гарвыканкам), М.Савіцкі (прафесар), А.Глушко (Задзіночанне беларускамоўных студэнтаў), Ніл Гілевіч (народны паэт), Л.Лыч (прафесар), Ул.Арлоў (пісьменнік) і інш.

Канферэнцыя прапанавала і канстатавала (асноўнае з архіва):

Знішчэнне беларускай мовы – гэта знішчэнне этнасу – беларускамоўныя школы трэба зберагчы;

Ствараць групы падтрымкі ў школах і дашкольных установах;

Дамагацца роўнасці моў – таму, што пастаўлена мэта адабраць у беларусаў беларускую мову, адабраць гістарычную памяць;

Звяртацца ў міжнародныя сродкі;

Беларускамоўных  было 135 школ, але зараз захаваць хаця б 30 школ; стварыць нацыянальны ўніверсітэт;

Ствараць камітэты нацыянальнага выратавання;

Выказвацца аб незаконнасці рэферэндума;

Звяртацца ў ЮНЭСКА аб дапамозе ў абарону беларускай мовы.

Падрыхтаваць пісьмовую заяву ад студэнтаў беларускамоўных плыняў, каб закончыць адукацыю на беларускай мове.

Рада 23.05.95г.(пратакол №48) абмеркавала пытанне   “Аб формах работы ва ўмовах пасля рэферэндуму”. Адзначылі, што рэферэндум перажываўся беларусамі  вельмі цяжка. Адразу стала менш паразумення ў працы з “вертыкаллю”. Патрэбна больш чым калі асветніцкая работа сярод моладзі: яны – будучыня нацыі, а ім няма куды дзецца, няма перспектывы ў жыцці. За кім пойдуць маладыя – той пераможа. Атрымалася так. Мова – гэта палітыка, а ТБМ у свой час гэтага не даацаніла, цяпер зразумелыя цяжкасці. Дабівацца, каб была ў Беларусі хаця б адна ВНУ нацыянальная. Трэба пераходзіць на форму мітынгаў. Ладзіць вечарыны беларускага слова, далучацца да беларускай культуры. Праводзіць на беларускай мове гутаркі  ў школах. Агітаваць Тэатр юнага глядача, які яшчэ ні разу не адступіўся ад беларускага слова, быць трыбунай слова для моладзі. У будучым, відаць, трэба будзе стварэнне партыі.

6 чэрвеня 1995 г. праведзена канферэнцыя сумесна з БНФ “Аб захаванні беларускай школы”. У дыскусіі выступілі Ніл Гілевіч, УЛ.Арлоў, прафесары М.Крукоўскі, М.Савіцкі, Л.Лыч, дац. В.Навуменка, выкладчык В.Вячорка, мастак М.Купава, Г.Вашчака (гарвыканкам), старшыня клуба “Спадчына” А.Белы, выкладчык педінстытута А.Шамак, карэспандэнт А.Мікалайчанка, старшыня дзіцячага фонду “Сакавік” М.Міцкевіч, старшыня Задзіночання беларускіх студэнтаў А.Глушко.

5 верасня 1995 г. (пратакол №50) гарадская рада ТБМ абмеркавала сітуацыю ў краіне і г Менску. Выступоўцы адзначылі, што прэзідэнт даў указ перагледзець падручнікі па гісторыі; пры паступленні ў студэнтаў патрабавалі заявы, на якой мове жадаюць навучацца (большасць была за беларускую мову); на дыпламатычным факультэце недабор беларускамоўнай плыні. Вынікі рэферэндуму падтасаваныя. Рада прыняла прапановы і меркаванні: сябрам ТБМ зноў трэба перайсці для працы ў калектывах – ТБМ павінна абараняць беларускую мову на месцах; з Таварыствам беларускай школы выпрацаваць сумесны план работы; тлумачыць моладзі аб значэнні сімволікі і мовы для кожнага народа, чалавека; больш цесна звязацца з усімі беларускамоўнымі настаўнікамі (адрасы, тэлефоны); змагацца за пашырэнне новых беларускамоўных падручнікаў.

19 кастрычніка (пратакол №52) абмеркавалі “Аналіз тэкстаў дыктовак” на ўступных экзаменах. Адзначылі, што дыктоўкі па беларускай і рускай мовах былі вельмі розныя па складанасці. Для беларускамоўных абітурыентаў быў выбраны складаны, незнаёмы ўрывак тэксту. Амаль у 4 разы беларуская дыктоўка была складаней. Пастанавілі: даводзіць да ведама кіраўнікоў школ, бацькоў аб выніках аналізу дыктовак, растлумачваць несправядлівыя адносіны да беларускай мовы.

6 лютага 1996 г. праведзены пікет “Не – рускай мове на выпускных экзаменах”.

5 сакавіка 1996 г. (пратакол №56) праведзена канферэнцыя “Захаванне адзінага моўнага рэжыму ў беларускамоўных навучальных установах сталіцы”.

Гарадская рада брала дзейны ўдзел у падрыхтоўцы “белай кнігі” аб стане беларускай школы”. Глядзі кніжку “Аняменне. З хронікі знішчэння беларускай мовы”, Вільня, “Gudas”, 2000. 25 лютага 1997 г. разгледзелі пытанне аб “Далучэнні вучняў беларускамоўных класаў да тэатра”.

***

Справаздачная канферэнцыя Мінскай гарадской рады ТБМ імя Ф.Скарыны праведзена 14 сакавіка 1997 г. Па акту прыёму-перадачы круглую пячатку і штэмпель Мінскай гарадской рады ТБМ імя Ф.Скарыны Мікола Савіцкі перадаў новаабранаму старшыні – прафесару Аляксею Саламонаву.

Каментары

Госць 2014-12-06 00:00:00

-- выдалена адміністратарам --

Госць 2014-12-07 00:00:00

-- выдалена адміністратарам --

Госць 2014-12-10 00:00:00

-- выдалена адміністратарам --

Госць 2014-12-12 00:00:00

-- выдалена адміністратарам --

Госць 2014-12-14 00:00:00

-- выдалена адміністратарам --


← вярнуцца ў навіны