Сп. Алена распавяла пра тое, што “на працягу 2012 года мы вывучалі, хто мог бы заняцца здзяйсненнем гэтага праекту, акрамя ТБМ, наколькі зацікаўлены ў ім дзяржаўныя органы, у тым ліку ўніверсітэты і Міністэрства замежных спраў. Хаця яно праявіла цікавасць да гэтай справы, але палічыла, што ёю павінна займацца не грамадская арганізацыя, а дзяржаўныя структуры. А паколькі Міністэрства адукацыі не выявіла зацікаўленасці да гэтага праекту, мы вырашылі самі яго здзейсніць. З другога боку, нас падтрымалі выкладчыкі ВНУ, бо яны сустракаліся з тым, што ёсць людзі за межамі нашай краіны, якія вывучаюць беларускую мову, але для свайго прафесійнага статусу, а таксама для рэалізацыі нейкіх навуковых ці службовых памкненняў не маюць крытэру ацэнкі свайго валодання беларускай мовай. Вось чаму мы вырашылі аб’яднаць намаганні навукоўцаў і выкладчыкаў шэрагу сталічных універсітэтаў для ажыццяўлення гэтага праекту. Дарэчы, у мінулым годзе з падтрымкі ўраду Расіі ў Маскве выйшаў падручнік беларускай мовы для краін СНД, падрыхтаваны выкладчыкамі Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта“, -- сказала Алена Анісім.
Яна адзначыла, што ў межах Мытнага саюзу Беларусь засталася адзінай дзяржавай, якая пакуль не мае такога Міжнароднага сэртыфікату. Паводле яе слоў, перш чым прыступіць да распрацоўкі Міжнароднага сэртыфікату беларускай мовы працоўная группа знаёмілася з адпаведнымі еўрапейскімі стандартамі, падрыхтаванымі і апрабаванымі для іншых моў, у тым ліку па італьянскай, польскай, рускай і казахскай мовах. "Дарэчы, трэба мець на ўвазе, што Міжнародны сертыфікат па італьянскай мове для іншаземцаў створаны Італьянскім нацыянальным таварыствам імя Дантэ Аліг’еры яшчэ на пачатку 1970-х гадоў", - сказала намесніца старшыні ТБМ.
“Зараз працоўная група рыхтуе апісанне стандартаў валодання беларускай мовай па кожнаму з шасці ўзроўняў: пачатковаму, базаваму, сярэдняму, прасунутаму, высокаму і дасканаламу, як рэкамендуе Савет Еўропы. Справа ў тым, што беларуская мова багатая, добра распрацаваная і дастаткова складаная з пункту гледжання граматыкі, фанетыкі, сінтаксісу, а таксама адметнай старажытнай і сучаснай лексікі, асабліва для людзей, якія ўпершыню з ёю сутыкаюцца. Прычым, у апісанне стандартаў па кожнаму ўзроўню ўваходзяць адпаведныя тэсты, па якіх можна ацаніць ступень валодання беларускай мовай любога прэтэндэнта, а таксама пералік ведаў, уменняў і навыкаў у лексіцы і граматыцы, аўдыяванні (успрыманні на слых і адказ), чытанні і пісьме”, -- распавяла Алена Анісім.
Паводле яе слоў, да лета 2014 года мяркуецца выданне апісанняў стандартаў валодання беларускай мовай па кожнаму з шасці ўзроўняў з адпаведнымі пробнымі тэстамі для іх ацэнкі замежнымі экспертамі, а таксама правядзенне па гэтай праблеме міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, а на працягу некалькіх наступных гадоў запланавана падрыхтоўка і выпуск шэрагу падручнікаў па беларускай мове для іншаземцаў.
Алена Анісім выказала ўпэўненасць у тым, што дзяржава зразумее стратэгічную значнасць Міжнароднага сэртыфікату па дзяржаўнай беларускай мове для іншаземцаў і падтрымае гэты грамадскі праект.
Навукоўца падкрэсліла, што беларуская мова з’яўляецца непасрэднай духоўнай спадчынай нацыі, якая павінна апекавацца сваёю моваю. “Вось чаму мы зацікаўлены ў тым, каб гэтую нашую культурную спадчыну дагледзець належным чынам, як іншыя цывілізаваныя нацыі даглядаюць сваю”, -- сказала Алена Анісім.