Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
Мясцовыя арганізацыі

Арганізацыя ТБМ Фрунзенскага раёна г. Мінска

навіны

Памёр Віктар Андрэевіч Бекіш, былы старшыня Фрунзенскай арганізацыі ТБМ г. Менска

2013.11.22 0

На пачатку месяца 1 лістапада 2013 г. на 84–м годзе жыцця пасля цяжкай хваробы не стала Віктара Андрээвіча Бекіша, кандыдата філалагічных навук, дацэнта, выкладчыка, метадыста, былога старшыні Фрунзенскай арганізацыі ТБМ г. Менска.

Завяршыўся зямны шлях цудоўнага чалавека, які ўсё свядомае жыццё жыў спадзяваннем на незалежную, свабодную Беларусь і шмат рабіў для гэтага, актыўна займаўся грамадскай дзейнасцю.

В. А. Бекіш нарадзіўся 12 лістапада 1929 г. у вёсцы Кліманты Вілейскага ваяводства (Польшча, цяпер Маладзечанскі раён Менскай вобласці) непадалёк ад  Радашковіч у вялікай працавітай сялянскай сям’і. Да Другой сусветнай вайны закончыў 4 класы Кліманта–Загорскай школы, з 1945 па 1950 вучыўся ў Радашковіцкай СШ. У час вучнёўства вялікі ўплыў на яго аказаў настаўнік Ф. М. Янкоўскі які працаваў у Радашковіцкай школе з 1948 па 1951 г., а потым стаў вядомым навукоўцам–лінгвістам, доктарам філалагічных навук, прафесарам.

У 1950 г. Віктар Бекіш ужо студэнт беларускага аддзялення філалагічнага факультэта Менскага педагагічнага інстытута імя М. Горкага. Але праз кароткі час яго прызываюць у армію, ён становіцца курсантам Разанскай пяхотнай вучэльні (1950–1952 гг.). Пасля малады афіцэр да 1956 г. служыў у Забайкаллі, потым вярнуўся на радзіму, узнавіўся на гісторыка–філалагічны факультэт (беларускае аддзяленне) Менскага педінстытута імя М. Горкага. У 1961 г. закончыў гэтую ўстанову. Тры гады працаваў у Міністэрстве асветы БССР памочнікам міністра, інспектарам аддзела кадраў. У 1964 г. паступіў у аспірантуру пры кафедры беларускай мовы Менскага педінстытута імя М. Горкага (кіраўнік — прафесар М. А. Жыдовіч) і ў 1967 г. закончыў яе. Адначасова працаваў асістэнтам кафедры беларускай мовы, выкладаў студэнтам мовазнаўчыя дысцыпліны. У 1970 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю па гістарычнай лексікалогіі. Выкладаў, у 1972 г. стаў старшым выкладчыкам, у 1973 г. — дацэнтам. З 1980 па 1991 г. дацэнт кафедры беларускай мовы і методыкі яе выкладання, пэўны час быў загадчыкам гэтай кафедры. Плённым быў перыяд яго біяграфіі, калі з 1992 па 1997 г. выкладаў беларускую мову ў Слёнскім універсітэце Польшчы. У 2003 г. выйшаў на пенсію.

Значны ўклад Віктара Андрэевіча ў беларускае мовазнаўства, ён мае друкаваныя артыкулы па гісторыі беларускай мовы. Вядомы і як метадыст. Па яго падручніках беларускай мовы для 2 і 3 класаў (у сааўтарсве), якія выйшлі ў 1988, 1989 гадах вялося выкладанне ў школах, яны неаднойчы перавыдаваліся. У перыяд працы ў Польшчы выйшаў Беларуска–польска–рускі слоўнік лінгвістычных тэмінаў і спецыяльнай лексікі (Катавіцы, 1997).

Усё сваё жыццё В. А. Бекіш працаваў самааддана і сумленна. Ён выдатнік асветы БССР (1979), выдатнік асветы СССР (1990), узнагароджаны медалём “Ветэран працы”, шматлікімі граматамі, у тым ліку граматамі Міністэрства асветы Беларусі

Вёў актыўную грамадскую работу, быў сябрам Беларускага Народнага Фронту, з 1997 па 2000 г. узначальваў Фрунзенскую раённую арганізацыю ТБМ, прыклаў шмат намаганняў, каб актывізаваць яе дзейнасць, зарэгістраваў яе ў органах выканаўчай улады. Пры ім арганізацыя вырасла колькасна, налічвала 680 чалавек.

Амаль 40 гадоў ён быў Настаўнікам настаўнікаў, вучыў быць людзьмі сваіх студэнтаў, даваў трывалыя веды, прывіваў пачуццё патрыятызму і любові да роднай мовы і гісторыі.

У Віктара Андрэевіча была цудоўная педагагічная сям’я: жонка Галіна Міхайлаўна, дочкі Наталля і Таццяна, унукі. Яны вельмі любілі і паважалі свайго мжа, бацьку, дзядулю, клапаціліся і даглядалі яго.

А яшчэ ён любіў сваю малую радзіму, бацькоўскі кут, вёску Кліманты. У кожны вольны дзень імкнуўся туды, да сваякоў і суседзяў, да роднай хаты, дзе нарадзіўся і адкуль пайшоў у вялікі свет.

2 лістапада родныя, сябры і знаёмыя развіталіся з Віктарам Бекішам. Адбылася жалобная імша. На лацкане яго пінжака быў значок з выявай бел–чырвона–белага сцяга. Нацыянальны бел–чырвона–белы сцяг быў і ля труны нябожчыка.

Пахавалі Віктара Андрэевіча Бекіша на радзіме на могілках в. Кліманты Маладзечанскага раёна. Побач з бацькамі, братамі, сёстрамі.

Няхай спакойна спачывае.

Зямля яму пухам!

А душы хай будзе лёгка ў нябёсах Бацькаўшчыны!

Сябры ТБМ Фрунзенскага раёна г. Менска.


Татачку прысвячаецца

Лёгка дыхаецца,

Лёгка пішацца,

Лёгка спяваецца і сумуецца

На Беларусі ў родным куточку —

Вёскай Кліманты называецца.

Сонейка непамерлае —

Бел–чырвона–белае!

Ясень з клёнам у пары стаялі:

Клён застаўся, ясень спілавалі.

Голас продкаў лагодны і гучны

На бусліных крылах прылятае.

Салоўка бабуліны казкі

У песнях сваіх спявае.

Вёсачак родных няма даражэй.

Іх жыццё пачынае змяркацца,

Бабулькі–дзядулькі, жывіце даўжэй!

Каб было нам куды вяртацца.

Таццяна Бекіш

 


← вярнуцца ў навіны