Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Зніжкі за беларускую мову!

2013.11.07 0

 Выява ўзятая адсюль.

Гэтай тэмай зацiкавiў мяне знаёмы, якi распавёў некалькi гiсторый са свайго жыцця. Справа ў тым, што ў паўсядзённасцi Змiцер размаўляе па-беларуску i ў апошнi час часта атрымлiваў знiжкi «па моўнай прыналежнасцi». Адзiн з выпадкаў — калi карыстальнiк анлайн-барахолкi скiнуў хлопцу 30 долараў пры пакупцы мабiльнага тэлефона. I такое, кажа Змiцер, адбываецца з iм час ад часу. Мне падалося гэта незвычайным, i я даведалася пра гандлёвыя пункты сталiцы, дзе прапаноўваюць знiжкi беларускамоўным.

Парэкамендавалi завiтаць у «Маскоўска-Венскi» гандлёвы цэнтр, што на праспекце Незалежнасцi. Асартымент крамы «InShоеZZ» — абутак сусветна вядомых брэндаў.

— Скажыце, гэта праўда, што я магу атрымаць знiжку на ваш тавар, бо размаўляю па-беларуску? — пытаюся ў хлопца за прылаўкам.

— Безумоўна! — усмiхаецца ён мне i адразу пытае, адкуль я даведалася пра iх акцыю.

Заўважна, што маладому чалавеку было прыемна пачуць, што «InShоеZZ» мне параiлi iх клiенты. Iлья, адзiн са стваральнiкаў iдэi, расказвае, што краме паўтара года i для беларускамоўных клiентаў заўсёды дзейнiчае 5-працэнтная знiжка на любую пару абутку. — Я зацiкаўлены ў тым, як пашыраць ужыванне нашай мовы. Сёння стварэнне такой акцыi — адзiнае, што я магу зрабiць для развiцця мовы. Гэта абсалютна не дзеля пiяру. Хутчэй за ўсё — патрэба душы.

— А як пакупнiкi даведваюцца пра знiжку?

— Пераважна звяртаюцца нашы пастаянныя клiенты. Бывае, што прыходзяць i махлююць. Па ломанай гаворцы адразу разумееш, цi сапраўды размаўляе чалавек па-беларуску. Але для нас ужо добра, калi чалавек успамiнае словы на роднай мове. Яна асаблiвая. I гэта абсалютная праўда.

Была ў нас iдэя ахапiць увесь паверх «Маскоўска-Венскага» гандлёвага цэнтра i далучыць астатнiх павiльёншчыкаў да прыхiльнiкаў роднай мовы, але не атрымалася пакуль, — усмiхаецца. — Але вы можаце завiтаць у краму насупраць.

Знаёмлюся з Валерыем, якi займаецца продажам моладзевага жаночага адзення вядомых еўрапейскiх брэндаў у павiльёне «Мой модны кут»:

— У асноўным наш кантынгент — студэнткi, школьнiцы старшых класаў, — расказвае ён. — У краме пры пакупцы адзення ўсiм беларускамоўным дзяўчатам знiжка. На жаль, не шмат iх звяртаецца. Дарэчы, 10 снежня будзе другi дзень народзiнаў «Майго моднага кута», i iдэя беларускай мовы ўсталявалася ў павiльёне з першых дзён iснавання. Я думаю, што, калi ў мяне i зменiцца вiд гандлю, ён таксама будзе суправаджацца i пашырацца роднай мовай.

— Цi не думаеце, што многiя могуць проста прыкiнуцца беларускамоўнымі дзеля знiжкi?

— Цiкава назiраць за людзьмi, якiя па-рознаму рэагуюць на мову: адны ўступаюць у размову, другiя кiсла азiраюцца, ледзь не фыркаючы, i выходзяць. У асноўным гэта жанчыны пажылога ўзросту, у некаторых праз слова чуваць «чё-то, чё-чё…». Яны прыходзяць у час абеду i iх значна менш. Напэўна, гэта добра, бо спыняюцца ў краме, нават без набыцця рэчаў, тыя людзi, для каго атмасфера беларускасцi блiзкая i прыемная. Асабiста я не лiчу сябе добрым мовазнаўцам — хутчэй за ўсё, аматарам, якi дапускае памылкi. Але, мiж тым, не саромеюся перад людзьмi разгарнуць руска-беларускi слоўнiк 1920-х гадоў, якi заўжды ляжыць на рабочым стале, i пажартаваць.

— А чаму ў вас узнiкла менавiта такая iдэя бонусаў?

— Неяк святкаваў 50-годдзе брата ў рэстаране «Мiрскi замак». Сярэдневяковы iнтэр’ер лiцвiнскай Беларусi мне вельмi спадабаўся i нават захапiў, але нiводнага слова па-беларуску з вуснаў прыгожых дзяўчат-афiцыянтак, апранутых у нацыянальныя строі, я не пачуў — прынамсi, як i песняў, якiя гучалi на англiйскай i рускай мовах. Задумка цалкам беларускага рэстарана калiсьцi была добрая, але недапрацаваная, тым больш, як паведамiлi супрацоўнiкi, iх будынак выкупiў нейкi багаты лiвiец.

Гэты выпадак падштурхнуў мяне рухацца ў кiрунку сваёй мовы. Я лiчу, калi б у 10% крам Мiнска практыкавалася падобная сiстэма бонусаў для тых, хто размаўляе па-беларуску, то гэта спрыяла б распаўсюджванню мовы сярод нашага насельнiцтва. Мова вартая ўвагi. Яна гэтага заслужыла.

Таксама Валерый распавёў аб планах рамонту памяшкання. Ён хацеў бы знайсцi мастака, якi б намаляваў на сценах вобразы беларускiх прыгажунь Рагнеды, Еўфрасiннi Полацкай, Барбары Радзiвiл, каб наведвальнiкi ведалi не толькi мову, але i гiсторыю!

Прыемна, калi людзi клапоцяцца не толькi аб матэрыяльнай выгадзе, але i аб духоўнасцi людзей, аб роднай беларуская культуры. Пагадзiцеся, так здорава заплацiць менш толькi таму, што размаўляеш па-беларуску. А можа, i вы, шаноўныя чытачы, атрымлiвалi падобныя знiжкi «па моўнай прыналежнасцi»? Падзялiцеся адрасам крамы!

Веранiка Цвірко


← вярнуцца ў навіны