Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

19 кастрычніка споўніцца 25 гадоў з дня заснавання аргкамітэта па стварэнні БНФ "Адраджэньне"

2013.10.17 9

Быў цёплы кастрычніцкі дзень...

19 кастрычніка 1988 г. у цёплы сонечны дзень бабінага лета пасля працы я ішоў каля Дома кіно (зараз касцёл святых Сымона і Алены) на вакзал, каб купіць білет і паехаць у чарговую камандзіроўку. У 1988 годзе маё жыццё ішло да лепшага вялікімі крокамі. У 1981 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю ў прэстыжным доктарскім савеце па архітэктурнай археалогіі, выйшла мая першая манаграфія, якую прыхільна сустрэлі ў Маскве і Ленінградзе, у Рызе, Кіеве, і Вільні. У 1988 годзе зацвердзілі тэму доктарскай дысертацыі. З 1976г. я працаваў у сістэме беларускай археалогіі кіраваў аддзелам комплексных гістарычных даследаванняў, правёў раскопкі ў Лідскім, Крэўскім і Мірскім замках, вывучаў архітэктуру Мінска, Гродна, Мсціслава і іншых беларускіх гарадоў. У 1983 годзе пасля доўгай чаргі і чакання на прыватнай кватэры атрымаў у Серабранцы ўласную двухпакаёўку, паставіў на ногі любімую дачушку Надзейку, якая раней моцна хварэла.

У канцы 70-пачатку 80-х гадоў далучыўся да руху чарговага адраджэння, з 1982 года канчаткова на працы і ў сям'і перайшоў на беларускую мову. З 1978 года у КПСС, у 1988 годзе сакратар партыйнай арганізацыі беларускіх рэстаўратараў, арганізацыі, якая першая ў Мінску перавяла партыйную дакументацыю на беларускую мову (аб гэтым напісала партыйная газета "Звязда").

Я актыўна падтрымаў перабудову, выпісваў і чытаў усе саюзныя дэмакратычныя газеты і часопісы, асабліва "Московские новости" і "Огонёк".

І вось іду я за білетам на вакзал, каб ехаць у чарговую камандзіроўку, і раптам каля Чырвонага касцёла сустракаю на вуліцы свайго старэйшага сябра і земляка Міхася Ткачова. Павіталіся, пачалі гаворку. Міхась спытаў, куды я іду. Я адказаў. Ткачоў і гаворыць:

- Слухай, Алег! Білет купіш заўтра, а зараз пайшлі са мною на вельмі важнае і цікавае мерапрыемства ў Дом кіно. Пра ўсё даведаешся ў зале і павер мне, ніколі аб гэтым не пашкадуеш!"

Пайшлі мы. Зайшлі ў залу на другім паверсе. Шмат народу, ледзь знайшлі два вольныя месцы побач. Селі. Я звярнуў увагу на маладых хлопцаў-дружыннікаў з бел-чырвона-белымі павязкамі на рукавах. Такое я бачыў упершыню. На паседжанні спачатку стваралі "Мартыралог Беларусі" на чале з Зянонам Пазняком, а потым нечакана для значнай колькасці прысутных (таксама для мяне) сталі выбіраць Аргкамітэт па стварэнні БНФ. Пачалі вылучаць кандыдатуры, але некаторыя вельмі паважаныя людзі ветліва адмовіліся. Потым абралі ў Аргкамітэт Міхася Ткачова, які пра стварэнне БНФ ведаў зараней і спецыяльна ў гэты дзень прыехаў у Мінск з Гродна. І раптам, пасля адмовы чарговай асобы, прапанавалі маю кандыдатуру. Я крыху разгубіўся, паглядзеў на майго сябра Міхася і - нечакана для сябе - згадзіўся.

Але ведаў, які цяжар і адказнасць на сябе трэба ўзяць, будучы ў адной камандзе з Васілём Быкавым, Рыгорам Барадуліным і Нілам Гілевічам. Таксама разумеў, што маё жыццё пойдзе зусім у іншы бок, і невядома, чым ўсё для мяне скончыцца. Так і здарылася.

Пасля сходу сябры Аргкамітэта засталіся і дамовіліся неўзабаве сустрэцца, каб абраць старшыню.   

У наступны панядзелак, як заўжды, прыйшоў я ў Савецкі райкам КПБ на чарговую планёрку, якую ладзіла традыцыйна кіраўніцтва райкама з усімі сакратарамі партыйных арганізацый раёна.

Поўная зала прысутных. На трыбуне сакратар райкама, які паведамляе, што ў Менску 19 кастрычніка варожымі сіламі створаны аргкамітэт БНФ, што КПБ не дапусціць, каб гэтая дэструктыўная арганізацыя існавала на Беларусі. Зачытаў спіс сяброў аргкамітэта БНФ, асабліва дасталося Васілю Быкаву, які пайшоў не туды. Пасля паведаміў, што з Савецкага раёна Менска ў аргкамітэт увайшоў толькі адзін чалавек, нейкі Трусаў, але партыя неўзабаве з ім разбярэцца. Гэта мяне вельмі абурыла, я падняў руку, папрасіў слова, выйшаў да трыбуны і сказаў, што Трусаў - гэта я, і папрасіў даць крыху часу, каб патлумачыць сваю пазіцыю. У зале пачаўся шум і вэрхал, але выказацца мне далі. Я коратка распавёў пра мэты і задачы БНФ, сказаў, што большасць з 35 сяброў аргкамітэта камуністы, якія і ёсць "лепшыя сілы КПСС", што разам з Гарбачовым за перабудову, але на Беларусі ёсць шмат людзей, якія погляды Гарбачова не падзяляюць і ўсяляк яму перашкаджаюць. Слухачы ў зале падзяліліся прыкладна на тры групы: першыя выступілі супраць мяне, другія падтрымалі, а астатнія проста разбегліся і планёрка на гэтым скончылася. Да мяне падышлі некалькі знаёмых, найперш сакратары партарганізацый з ВНУ і абяцалі падтрымку. Дарэчы, адзін з іх потым, у 1990 годзе быў старшынёй выбарчай акругі, дзе я абіраўся ў народныя дэпутаты ВС БССР і вельмі сумленна, з дакладнасцю да аднаго, палічыў галасы выбаршчыкаў. Я перамог у другм туры і набраў 50,1 % галасоў, толькі на 157 галасоў болей, чым было неабходна для перамогі.

Адразу пачаўся розны ціск на сяброў аргкамітэта, камуністаў абяцалі выключыць з партыі, беспартыйных палохалі па-іншаму, але ніхто з 35 абраных чалавек афіцыйна не заявіў аб сваім выхадзе. Толькі некалькі чалавек пасля першых паседжанняў Аргкамітэта перасталі на іх хадзіць, але аб выхадзе не казалі.

На першым паседжанні аргкамітэта, якое адбылося ў Доме літаратара (Фрунзе, 5) з ініцыятывы Васіля Быкава старшынём абралі пісьменніка, сябра КПСС Васіля Якавенку, але пазней яго замянілі на Зянона Пазняка, які  пасля 30 кастрычніка 1988 года, пасля паходу ў Курапаты стаў на доўгі час лідарам не толькі БНФ, але і ўсёй тагачаснай апазіцыі Беларусі.

Працаваць было цяжка. Пасля першых паседжанняў у Доме літаратара пускаць туды нас перасталі і збіраліся мы ў розных месцах, паўлегальна. Дапамог нам мой сябра вядомы архітэктар Сяргей Багласаў і дазволіў збірацца ў яго майстэрні, у драўляным доме на вуліцы Кузьмы Чорнага, непадалёк ад Акадэміі навук. Збіраліся мы вечарамі, на вокнах майстэрні былі глухія чорныя фіранкі, і з вуліцы ніхто нас не бачыў.

Асноўная частка сяброў Аргкамітэта была з Менску, і таму кворум на ўсіх паседжаннях быў. Даволі часта прыязджаў з Горадні і Міхась Ткачоў.

Дзякуючы партыйнай прапагандзе і адпаведным артыкулам у прэсе, асабліва пасля скандальнай публікацыі ў газеце "Вячэрні Мінск" "Пена на хвалі перабудовы" пра нас хутка даведаліся людзі і пачалі масава ствараць на працы і па месцы жыхарства суполкі па падтрымцы БНФ. Кожны сябра Аргкамітэта меў свой раён. Мне (па месцы жыхарства) даручылі курыраваць Ленінскі раён. Першымі актывістамі тут сталі Станіслаў Гусак і Уладзімір Бордак, які потым доўга кіраваў раённай арганізацыяй БНФ. Людзі прыходзілі да мяне дахаты, вялі доўгія гутаркі, атрымлівалі ўлёткі і розныя абвесткі. Частка сяброў Аргкамітэта наладзіла друкаванне розных газетак і бюлетэняў, асабліва людзі любілі "Навіны БНФ".

За паўгода ў БНФ ўступілі тысячы чалавек, асабліва ў Менску і вялікіх гарадах. Сярод іх былі камуністы і беспартыйныя, людзі розных нацыянальнасцей і веравызнанняў, розных узростаў, ад ветэранаў вайны да студэнтаў і рабочай моладзі. Значная частка з іх размаўлялі па-руску альбо на трасянцы, але паспяхова ўспаміналі беларускую мову, а некаторыя, асабліва прыезджыя, авалодалі ёю за пару гадоў.

Аргкамітэт паспяхова закончыў сваю працу летам наступнага, 1989 года, калі ў Вільні адбыўся першы з'езд БНФ, дзе быў абраны Сойм, у які ўвайшла частка сяброў аргкамітэта. БНФ узначалілі Зянон Пазняк (старшыня), Міхась Ткачоў і Юры Хадыка (намеснікі).

Цікава, што пра дзейнасць аргкамітэта няма пакуль ніводнай грунтоўнай публікацыі, не апублікаваны пратаколы паседжанняў, гэтым не цікавяцца журналісты і прафесійныя гісторыкі. Відаць, камусьці вельмі хочацца сцвярджаць, што незалежнасць звалілася беларусам як манна нябесная, раптоўна і нечакана, ніхто за яе не змагаўся, і таму можна кола гісторыі павярнуць назад. Але 19 кастрычніка 1988 г. назаўжды застанецца ў беларускай гісторыі. Цікава, што менавіта ў 1988 годзе ў СССР, дзякуючы Гарбачову змянілася палітыка ў адносінах да рэлігіі. Было дазволена святкаваць 1000-годдзе Хрышчэння Русі, будаваць новыя і вяртаць вернікам забраныя ў іх храмы.

У гісторыі не бывае выпадковасці. І, відаць, не выпадкова Аргкамітэт быў створаны ў храме, у будынку касцёла св. Сымона і Алены і менавіта там выйшаў з нябыту наш нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг, сцяг адроджанага хрысціянства, колеры якога так шануе каталіцкая і асабліва праваслаўная царква.

І зараз, калі я заходжу ў адноўлены храм на пл. Незалежнасці і чую, як сотні вернікаў спяваюць наш духоўны гімн "Магутны Божа", разумею, што 25 гадоў змагання за лепшы лёс Беларусі не прайшлі марна.

Алег Трусаў, сябра аргкамітэта БНФ.   

 

Першае выданне  аргкамітэта БНФ лістапад 1988 г. Алег Трусаў з Юрасём Хадыкам на адным з мерапрыемстваў БНФ

Каментары

IHAR 2013-10-19 00:00:00

-- выдалена адміністратарам --

IHAR 2013-10-27 00:00:00

-- выдалена адміністратарам --

IHARXY 2013-11-02 00:00:00

-- выдалена адміністратарам --

Госць 2015-04-08 00:00:00

-- выдалена адміністратарам --

Госць 2015-05-07 00:00:00

-- выдалена адміністратарам --

Госць 2015-05-07 00:00:00

-- выдалена адміністратарам --

Госць 2015-06-23 00:00:00

-- выдалена адміністратарам --

Госць 2015-06-23 00:00:00

-- выдалена адміністратарам --

Госць 2015-09-01 00:00:00

-- выдалена адміністратарам --


← вярнуцца ў навіны