Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
Мясцовыя арганізацыі

Падсвільская арганізацыя ТБМ (Глыбоцкі раён)

навіны

Сонечны верасень, кветкі і Празарокская школа

2013.10.07 0

Яшчэ ў траўні я напрасілася ў Празарокскую школу для сустрэчы з вучнямі, каб пазнаёміць іх са сваёй творчасцю. Мне хацелася прэзентаваць сваю дзіцячую кніжку “Ціт”.  Але была фінішная навучальная пара, і мы дамовіліся на восень.

Я ўжо і не спадзявалася на сустрэчу. А яна сталася такой светлай хвілінай у вераснёўскім сонцы, квецені і ў раднамоўнай душэўнай сувязі.

--Прыедзем па кветкі да падсвільскай жанчыны і вас прыхопім. І назад адвязем,- раздаўся ветлівы тэлезванок Валянціны Раманаўны Баранчук, якая кіруе выхаваўчай працай у школе.

 Святочны дзень жыцця: едзем з дачкой (два сябры суполкі ТБМ) у школьным мікрааўтобусе, напоўненым хрызантэмамі. Вядзем ахвотлівую гутарку са спадарыняй Валянцінай.

--Вы ўбачыце школу, абяцаю экскурсію. Яна ж у нас сёння вельмі прыгожая.

Я кажу спадарыне Валянціне, што некалі (яшчэ, мабыць, у старой школе) пачынала свой педагагічны шлях  мая незабыўная настаўніца рускай літаратуры – Людміла Яўгенаўна Далецкая і яе муж  - Міхаіл Нікіфаравіч. Яны менавіта тут сустрэліся і пажаніліся. І я яшчэ ў маладосці чытала тут свае вершы вучням. Была  і на плошчы падчас адкрыцця помніка Буйніцкаму. А свята пісьменства ў Празароках прапусціла.

І вось – школа. Адразу зразумела, дзе будуць працягваць жыццё прывезеныя хрызантэмы. “Сад адпачынку”, - кажа дэкаратыўная брамка. Ззяюць кветкі гваздзіковай пароды.

--Гэтыя пасадзім з таго вунь боку – дапоўнім “Сад”, - кажа Валянціна Раманаўна.

“Сонца, кветкі і Празарокская школа”, - так запамінальна высвецілася субота 7-га верасня.

Зала ўтрымлівае ранішняе сонца і беларускую аўру. Бачым выставу, прымеркаваную да сустрэчы: “Слова роднае –  святое, незабыўнае”. Тут і прагучалі мае сціплыя словы, выбраныя творы і песня пад гітару дачкі Марыйкі (Марыі Новікавай), і ўзаемна-сустрэчнае прывітанне вучняў: Алёны Булах, Каці Маціеўскай, Алены Парфяновіч і песня (мяккі, ласкавы голас) Аніты Гугуновай, якая працуе ў мясцовым ДК. Слухалі вучні 2-іх-11-ых класаў і настаўніцы пачатковых класаў, рускай мовы, гісторыі, англійскай мовы, матэматыкі, бібліятэкар – спадарыня Аліна.

--Пакажу вам школу, пайшлі, - сказала Валянціна Раманаўна. Яна – “беларусістка”, але працавала ў пачатковых класах. Сёлета даручылі весці беларускую мову. Чалавек дзейны, зацікаўлены сваёй працай. Свеціцца гэта з вачэй і слова. І калі яна праводзіла нас па ўсіх школьных пакоях, дзе адлюстравана думка школьнага кіраўніцтва і творчасці настаўнікаў, вельмі шчыра, дбайна, годна імкнулася паказаць плён школы. Школа беларуская. Яна ганарыцца сваімі асветнымі і культурнымі здабыткамі.. Школа, пад таленавітым кіраўніцтвам Вольгі Дзмітрыеўны Гінько і працалюбівым калектывам былых і цяперашніх настаўнікаў, мае выразную адметнасць.

--Вольга Дзмітрыеўна -- творчы кіраўнік, - абгрунтоўвае экскурсійны паказ спадарыня Валянціна, - ёй сёлета ўручана медаль Францішка Скарыны.

 Наш экскурсавод пазначае ўвагай школьных асветнікаў і майстроў. Асабліва спыняецца на музеі Ігната Буйніцкага. Распавядае пра дапамогу школе – экспазіцыйную працу дызайнера Ігара Куржалава пры стварэнні музея.

 Нашы ўражанні квітнеюць ў школьных пакоях: роднай мовы, дзе – “Беларуская хатка”, у пакоях “Спадчына”, “Радзіма”, “Прыгажосць”, “Дом” (школьны сямейны клуб). І, галоўнае, квітнеюць радасцю роднага слова, паветра.

 Мы вяртаемся ў Падсвілле. Зноў вязе нас спадар Пётр. Таксама з хрызантэмамі і юргіннямі. Падарункавымі. У гэты дзень 7-га верасня мы- у квецені.

                                                        Марыя Баравік


← вярнуцца ў навіны