Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Дзень беларускага пісьменства адсвяткавалі і ў Лідзе

2013.09.10 0

Да Дня беларускага пісьменства Лідскі літаратурны музей правёў 1 верасня комплекснае мерапрыемства з трох вельмі каларытных частак. На першым паверсе гасцей сустракае выстава графічных работ лідскага мастака Пятра Цімафеева. На выставе прадстаўлены партрэты літаратараў і выдатных людзей Беларусі, а паколькі ў нас кожны значны чалавек - трохі літаратар, то выстава аказалася якраз да Дня пісьменства. Прадстаўлены партрэты Кастуся Каліноўскага, Анатоля Сыса, Францішка Аляхновіча, Рыгора Барадуліна, Васіля Быкава, Генадзя Бураўкіна, Барыса Кіта, Уладзіміра Караткевіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Ларысы Геніюш, Яўгеніі Янішчыц, Зоські Верас і Алаізы Пашкевіч (Цёткі). 

Пётр Цімафееў нарадзіўся 4 чэрвеня 1965 года ў Лідзе. У 1980 г. закончыў 8 класаў СШ №3, вучыўся ў вучэльні №55 г. Ліды. З 1983 па 1985 год служыў у Савецкай Арміі, пасля працаваў у Лідзе. Зараз вольны мастак. Жанаты, двое дзяцей, Унук Ваня ўжо малюе з дзедам. У 2002 годзе прымаў удзел у выставе “Трохкутнік” у Лідзе. У 2012 годзе персанальная выстава “Партрэты музыкантаў”.

На другім паверсе лідскі скульптар Вадзім Вераб’ёў прадставіў партрэт беларускага першадрукара Яна Карцана (? - 1611), які родам з Вялічак Лідскага павета. Аўтар паабяцаў, што за партрэтам на чарзе і бюст Яна Карцана.

Вадзім Вераб’ёў нарадзіўся 29 ліпеня 1964 года  ў г. Лідзе. У 1983 годзе закончыў Бабруйскую мастацкую вучэльню, а ў 1992 годзе - Акадэмію мастацтваў. Скульптар-педагог. Працуе мастаком-канструктарам на Лідскім ліцейна-механічным заводзе. Скульптуры Вадзіма Вераб’ёва ўстаноўлены ў Беларусі, Германіі, Францыі.

А на завяршэнне была прэзентавана новая кніга Уладзіміра Васько “Лясная рапсодыя”. Аўтар трох паэтычных кніг парадаваў чытачоў зборнікам прозы з аповесці, якая дала назву кнізе, а таксама апавяданняў і ўспамінаў.

Уладзімір Васько нарадзіўся ў вёсцы Ліпічанка Шчучынскага раёна. Працаваў у рэдакцыі “Лідскай газеты” з 1972 па 2000 г. Жыве ў Лідзе. Сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў. Друкаваўся ў газетах, часопісах, калектыўных зборніках паэзіі, публікаваў празаічныя творы і ўспаміны. Аўтар паэтычных кніг “Прасветленасць” (1981), “На схілах берагоў” (1997), “Кругаварот жыцця” (2011).

На свята прыйшлі лідскія літаратары, аматары прыгожага пісьменства. Парадаваў прысутных сваім майстэрствам слынны лідскі бард Сяржук Чарняк. Рыхтавалі імпрэзу супрацоўнікі Лідскага музея Анастасія Каладзяжная, Алесь Хітрун і Тацяна Нікіфарава.

Наш карэспандэнт

 

 


← вярнуцца ў навіны