Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Прэзентацыя кнігі Алега Трусава

2013.09.09 0

У сядзібе ТБМ на Румянцава, 13 у Менску 7 верасня прайшла прэзентацыя 2-га выдання кнігі старшыні ТБМ, кандыдата гістарычных навук Алега Трусава “Невядомая нам краіна. Беларусь у яе этнаграфічных межах”.

Гэта дапоўненае перавыданне кнігі, што ўпершыню пабачыла свет у 2009 годзе. Як зразумела з назвы, кніга распавядае пра землі этнічна беларускія, але якія зараз належаць іншым дзяржавам - Польшчы, Літве, Украіне, Латвіі ды Расіі. Першая намесніца старшыні Таварыства беларускай мовы Алена Анісім зазначыла, што гэтае выданне разлічана не толькі на беларусаў. Кніга складаецца з дзвюх частак: уласна беларускай і з перакладу на англійскую мову (з многімі каментарамі).

- Такім чынам, гэтая кніга можа быць даступная кожнаму жыхару планеты. Гэтая кніга - наш выхад на міжнародную арэну не проста як людзей без роду і племені, а як народа з вялікай і багатай гісторыяй. І, што не менш важна, са значнай спадчынай.

Аўтар кнігі, старшыня ТБМ Алег Трусаў, зазначыў, што даследаванні дазволілі дадаць новыя звесткі, якія былі атрыманыя за 5 год з выхаду першага выдання.

 - Сюды я ўставіў шмат новых матэрыялаў, знойдзеных за апошнія пяць гадоў, таму гэтая кніжка дапоўненая. Апошнія факты, якія паспеў дадаць перад самым выхадам, - гэта вясна гэтага года. 

Паводле Алега Трусава, у Беларусі ўжо амаль не засталося экзэмпляраў "Невядомай нам краіны". Частку накладу раскупілі ўдзельнікі З'езду беларусаў свету, частку - славісты, што працавалі на сваім XV Міжнародным з’ездзе ў Менску (асобнікі кнігі яшчэ ёсць у “Акадэмкнізе”).

На прэзентацыі выступалі Станіслаў Суднік, які рабіў макет 1-га выдання і з’яўляецца героем раздзела пра Цвер; перакладчыца на англійскую мову Наталля Лабанава і кансультант Лявон Баршчэўскі. Другая перакладчыца - англічанка Кэрал Раўз па зразумелых прычынах адсутнічала, хаця нядаўна і наведвала Беларусь, каб паглядзець на краіну, над кнігай пра якую ёй давялося працаваць.

Такім чынам сёння на англійскай мове мы маем дзве грунтоўныя кнігі: “Краіна Беларусь” Уладзіміра Арлова, якая прадстаўляе ў асноўным унутраныя тэрыторыі Беларусі і вось кнігу Алега Трусава, які падаў этнічныя беларускія землі, што ў сілу гістарычных і палітычныў умоў на сёння пакуль аказаліся па-за межамі метраполіі - Рэспублікі Беларусь.

Зала была перапоўнена, і выключна прыемным было тое, што большасць людзей былі незнаёмыя актывістам ТБМ. Прыйшлі людзі, якім была цікава менавіта кніга і яе аўтар, а значыць - дзякуючы кнізе А. Трусава, беларуская ідэя яшчэ крыху пашырыла межы свайго бытавання.

 Наш карэспандэнт

 


← вярнуцца ў навіны