Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
Мясцовыя арганізацыі

Падсвільская арганізацыя ТБМ (Глыбоцкі раён)

навіны

“Голас з рэзервацыі” Люцыяна Шчаснага

2013.09.02 0

Думку паэта Януся Мальца я ўлаўліваю, прыкладна, так: “Чытаў-чытаў чарнавыя сшыткі вершатворцы. Аж гляджу – гэта ж паэт”. І сапраўды ў прадмове да зборніка “Голас з рэзервацыі” Люцыяна Шчаснага піша: “Паглыбляючыся ў чытанне, я ўсё больш і больш пераконваўся, што перада мной прыстойнае, не пазбаўленае таленту, арыгінальнае бачанне рэчаіснасці…”. І, значыць, выбраў, “прычасаў” суадносна са сваім густам…”. Янусь жа – гумарыст у сваёй творчасці. Зміцер Лупач звярстаў. І ў Глыбокім, у рэдакцыі рэкламнай газеты “Прэфект- інфо” выпусцілі кніжку Люцыяна. Тут жа прайшла прэзентацыя. Арганізаваў сустрэчу з аўтарам для суполкі ТБМ кіраўнік яе, той жа Зміцер.

          Люцыян Шчасны зацікавіў прысутных сваёй асобай праз кнігу. Паэт-селянін, усяго толькі з базавай школай, вядзе аповед пра лёс, у які ўвесь час укручвалася думка пра нейкі недасягальны свет. Цяпер на сустрэчы паэт кажа, увесь час паўтарае, што трэба верыць у Бога. Цягу да слова ў Люцыяне заўважылі людзі, аднавяскоўцы і тыя рупліўцы аб гісторыі роднага краю, пра якіх кажа  паэт Янусь Малец у прадмове да кніжкі “Голас з рэзервацыі”. Важна, што з усяго грэшнага наслаення Шчасны памкнуўся вызваліць душу мастацкай шчырасцю. Яна ў ім верхаводзіла. І, чытаючы  Люцыянаву кніжку, думаю, што ён напэўна сказаў сабе цвёрда:

Плюнь на гарэлку, на цыгарэты!

Люцік з Хрыстова! Стань ты паэтам!

Бо нездарма ж яго

Іменем цёплым, кветкавым словам

Люцікам клічуць людзі Хрыстова.

          У кнізе я спыню ўвагу на беларускіх вершах. Роднае слова гучыць і ўздзейнічае ямчэй. Яно выліваецца з душы народным напевам, вылятае іскрынкай гумару:

Вось дзянёчак ужо восьмы

Дымам не душуся.

І настрой такі харошы,

Хоць усім дай бусю.

Імгненнасць жыцця паэт ужо ўявіў.

Уздыхаю я нялёгка

Ад жыцця-агрызка:

Як да пенсіі далёка,

А да смерці блізка!

І пра тое зразумеў, як зямное пекла захоплівае ў палон.

Ці такая доля,

Ці то ад распусты

Меў я многа болю

І цярпеў пакуты.

І пра змаганне з сабой.

Перад самай дамавінай

З дапамогай Бога

Я курыць, напэўна, кіну.

І не п’ю ўжо доўга.

Сёння Люцыяна не заўважыш п’яным. Яго творчасць працінае цвярозая назіральная думка:

Чорная дарога

Белыя аблокі.

Новага нічога

У жыцці нялёгкім.

 

Тыя ж лістапады

На вадзе і сушы

Той жа час няпраўды

Адурманіў душы.

Натура Люцыяна шукальная, неспакойная ад прыроды. Яна патрабуе споведзі. І, менавіта, у народна-гумарыстычным стылі. Яна пяе, уздыхае, іранізуе, жартуе. Практычна спазнаўшы жыццё, паэт мае ўнутранае запатрабаванне сказаць. І незвычайна. Найперш ад сябе і пра сябе. Таксама пра іншых. Усё, што думае. Адкрыта і разняволена. Часам, арыгінальна, знаходліва. Бывае, думка чарахне тоненькай бліскавіцай:

І пад тысячай ідэй

Ліхадзей хай згорбіцца.

А за Леніна жывей

Нізашто не зробіцца.

Намёкліва кажа:

Так багі наш свет зрабілі,

Што ад самай даўніны

Толькі, мусіць, у магіле

Пазбаўляешся маны.

Або гратэскна заключае:

…Не жыццё – жахлівы сон…

Колькі б нам збярог здароўя

Тэлек выкінуты вон!

          Прысутнічае ў Шчасным і годнасна-самаацэначнае пачуццё, накшталт, “мы самі з вусамі”, якое выяўляецца з дыялогаў на прэзентацыі. Хоць між іншым і рукой махне на сваю творчасць. Тут жа згумарыць. І дасць самаацэнку, як у вершы

Напісаў бы оду пану

Ці царку якому,

І твой твор, хоць і паганы,

Стаў бы ўсім вядомы.

 

А калі ты словаблуддзем

Лечыш свае раны,

То заўсёды табе будзе

На зямі пагана.

І прагучыць яшчэ мацнейшы самадакор

Сяджу нярэдка і глытаю

Свае слязінкі ў роднай хаце,

Што я скажу, як запытае

Сам Бог, на што я талент траціў?

          На заключным радку мне хочыцца працытаваць поўнасцю стройны верш:

У маім у сэрцы

Неяк нечакана

Светлыя надзеі

Сёння расцвілі.

І няма жадання

Свет клясці паганы

І ўсю тую нечысць,

Ёсць што на зямлі.

 

На кустах і дрэвах –

Снежныя карункі,

Белыя пярыны

На прсторах ніў

І мяняе вецер

Часта накірункі,

Нібы ён дарогу

Некуды згубіў.

          Трапны вобраз мастацкага афармлення думкі Люцыяна і на вокладцы. У выдаўцоў радасць. Усё-ткі выйшла кніжка. Трэццяя. І ўжо зацікаўлены чытачы паэтам Люцікам, з Хрыстова Пастаўскага раёну.

                                                                  Марыя Баравік

 


← вярнуцца ў навіны