Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Звароты ТБМ

2013.08.20 0

Зварот Сакратарыята ТБМ да ўдзельнікаў Міжнароднага з'езда славістаў

 

Шаноўныя ўдзельнікі XV Міжнароднага з'езда славістаў!

        Грамадскае аб'яднанне "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" вітае вас на гэтым важным Міжнародным форуме. Для нас асабліва важна, што гэтая падзея ўпершыню адбываецца ў Беларусі, бо беларуская мова мова тытульнай нацыі нашай краіны важная складовая частка агульнаславянскай культуры, а гісторыя нашага народа цесна ўпісана ў гісторыю славянскага свету праз жыццё і дзейнасць многіх славутых асобаў Францыска Скарыны, Тадэвуша Касцюшкі, Адама Міцкевіча, Кастуся Каліноўскага, Вацлава Ластоўскага і шэрагу іншых.

        Мы жадаем вам поспеху як у працы з'езда, так і ў далейшай навуковай дзейнасці, а таксама звяртаем вашую ўвагу на тое, што стан беларускай мовы сёння, бадай, найгоршы з усіх славянскіх моў. Дастаткова згадаць, што ў раённых цэнтрах краіны ёсць хіба па адной школе, дзе навучанне праводзіцца па-беларуску.

        Таму заклікаем вас праявіць салідарнасць з абаронцамі беларускай мовы і зрабіць захады для яе захавання і ўсебаковага развіцця. Разам не дапусцім таго, каб адна з старажытных славянскіх моў, родная мова мільёнаў людзей, не папоўніла спіс зніклых!

        Сакратарыят ТБМ

       19 жніўня 2013 г.


Зварот Сакратарыята ТБМ да грамадзян Беларусі

 

Віншуем са святам!

1 верасня 2013 года нацыянальнаму святу "Дзень беларускага пісьменства" – 20 гадоў. Адзначаецца з 1994 года ў першую нядзелю верасня. Праводзіцца з мэтай ушанавання гісторыі нацыянальнай культуры і друкаванага слова, цяснейшага далучэння беларусаў да сваіх духоўных святыняў.

За гэты час свята адбылося ў 17 беларускіх гарадах, прычым у Полацку і Тураве двойчы. Таму Сакратарыят ТБМ прапануе ва ўсіх беларускіх гарадах, дзе раней адбылося свята, з верасня гэтага года адкрыць беларускамоўныя першыя класы і на іх базе з часам стварыць беларускамоўныя гімназіі, як асяродкі нацыянальнай мовы і культуры.

Мы таксама заклікаем улады г. Быхава, дзе 1 верасня 2013 года адбудзецца вышэйзгаданае свята, адкрыць у горадзе беларускамоўную гімназію і стаць прыкладам для іншых беларускіх гарадоў.

Сакратарыят ТБМ

19 жніўня 2013 г.


← вярнуцца ў навіны