Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Беларуская мова пад пагрозай

2013.06.13 0

Мы вельмі занепакоены колькасцю ўдзельнікаў цэнтральнага тэставання па беларускай мове.

Калі на пачатку 2000-х гадоў ЦТ па беларускай і рускай мовах пісала прыблізна роўная колькасць абітурыентаў, то сёлета жадаючых здаваць ЦТ па беларускай мове амаль у два з паловай разы менш, чым тых, хто будзе пісаць экзаменацыйны тэст па рускай мове. Згодна статыстыцы на ЦТ па беларускай мове зарэгістравалася 33 тысячы 564 чалавекі, а па рускай - 83.829. Тэст па гісторыі Беларусі па-беларуску будуць пісаць менш за 20% абітурыентаў, а зусім нядаўна такіх было больш за 60%.

Адной з прычын такога становішча з'яўляецца пераход выкладання гісторыі Беларусі і геаграфіі ў школах з рознымі мовамі навучання з беларускай на рускую мову. Пасля адпаведных намаганняў ТБМ Міністэрства адукацыі "дазволіла" выкладаць гэтыя прадметы па-беларуску з улікам пажадання навучэнцаў, законных прадстаўнікоў непаўналетніх.

Паўплываць на сітуацыю магло б ўвядзенне абавязковай здачы ЦТ адразу па дзвюх дзяржаўных мовах.

Таму мы звяртаемся да ўсіх грамадзян нашай краіны, якія хочуць, каб беларускае слова свабодна гучала ва ўсіх сферах нашага грамадства, зрабіць наступнае:

1. Накіроўваць свае лісты ў Міністэрства адукацыі з патрабаваннем зрабіць у наступным годзе абавязковай здачу ЦТ адначасова на абедзвюх дзяржаўных мовах.

2. Грамадзяне, якія маюць дзяцей-школьнікаў, могуць да 1 жніўня напісаць адпаведныя заявы на імя дырэктароў школ, каб выкладанне гісторыі Беларусі і геаграфіі для іх дзяцей праводзілася на беларускай мове, згодна з рэкамендацыямі Міністэрства адукацыі.

3. Абітурыенты, якія паступілі ў ВНУ і хочуць навучацца па-беларуску, могуць напісаць адпаведную заяву на імя рэктара падчас залічэння.

4. Бацькі, якія маюць малых дзетак, павінны загадзя паклапаціцца пра тое, каб даць сваім дзецям беларускамоўнае выхаванне і навучанне, звярнуцца ва ўстановы адукацыі з адпаведнымі заявамі напярэдадні навучальнага года, да пачатку жніўня.

Шаноўнае спадарства! Толькі захаваўшы сваю мову, мы можам захаваць сваю незалежнасць.

Быць сапраўдным гаспадаром у сваёй краіне і жыць годна можна, толькі шануючы родную мову, размаўляючы на ёй паўсюль і штодня!


← вярнуцца ў навіны