Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Зноў пра беларускую "трасянку"

2013.04.20 0

 Пасля выхаду ў свет майго інтэрв'ю "Нашай Ніве", якое без майго ведама маладая журналістка назвала "Лупіце на трасянцы", вырваўшы з кантэкста інтэрв'ю некалькі маіх жартаўлівых слоў, тэма трасянкі стала вельмі папулярнай у СМІ, асабліва ў інтэрнэце.

Прачытаўшы матэрыялы на розных блогах і каментары да іх, адразу хачу сказаць наступнае:

разглядаючы розныя формы "трасянкі" як складовыя часткі беларускай мовы, я з павагай стаўлюся да тых людзей, якія размаўляюць на трасянцы, але імкнуцца, падкрэсліваю імкнуцца, праз яе паступова перайсці да шырокага ўжывання сённяшняй літаратурнай беларускай мовы.

Але я ніколі не заклікаў на ёй свядома пісаць, як гэта мне прыпісаў адзін вядомы журналіст у сваім блогу. Калі гэта не частка мастацкага твора з мовай персанажа, то пісаць трэба адразу на сучаснай літаратурнай мове, а не займацца "дрындушкамі".

У якасці прыкладу прывяду досвед маскоўскай журналісткі Кацярыны Кібальчыч, якая называе сябе "трасянкамоўнай" і вырашыла спачатку ў Маскве, а потым у Мінску стварыць курсы па вывучэнні беларускай мовы для такіх, як і яна "трасянкамоўных". Гэта ініцыятыва атрымала вялікую падтрымку і шырокі розгалас. І гэта зусім невыпадкова.

Звернемся да гісторыі пытання. Трасянка як лінгвістычны тэрмін з'явіўся ў 90-я гады ХХ ст. Магчыма, што першым яго пачаў выкарыстоўваць Зянон Пазняк.

З'явілася яна як польска-беларуская моўная з'ява сярод нашых магнатаў і шляхты ў XVII і асабліва ў ХVIII ст. Дастаткова прыпомніць славутую прамову "Мялешкі" ў сойме ў XVII ст., які заклікаў дэпутатаў гаварыць па-беларуску. Пасля ліквідацыі Рэчы Паспалітай, у пачатку ХІХ ст., паланізацыя на Беларусі пры спрыянні Аляксандра І яшчэ больш узмацнілася і гарадская эліта перайшла на польскую мову, якую сапраўдныя палякі называлі "крэсовай", альбо "простай", бо беларускі ўплыў у ёй моцна адчуваўся. Дастаткова пачытаць Міцкевіча або Крашэўскага.

Але ў сярэдзіне ХІХ ст. і асабліва ў канцы ХІХ-пачатку ХХ ст. "трасянкамоўная", "ліцвінская" беларуская шляхта стварае на яе грунце і на аснове розных дыялектаў беларускіх сялянскіх гаворак новую літаратурную беларускую мову. У гэты час ўзнікае ў нашых гарадах і руска-беларуская трасянка.

Хачу прыгадаць, што Купала пачынаў пісаць вершы па-польску, а Колас - па-руску. Першыя іх беларускія тэксты мелі шмат польскіх і рускіх слоў, але паступова яны зніклі і замяніліся іншымі. Так, слова "гасударства" было заменена на "дзяржаву", а "граніца" на "межы" і г.д.

На тэму "трасянкі" праведзена шмат розных лінгвістычных даследаванняў. Так, у 2010 г. чэшскі ўніверсітэт з горада Усці над Лабай выдаў на рускай мове манаграфію Іны Каліты пад назвай "Современная Беларусь: языки и национальная идентичность", дзе прыводзяцца розныя асаблівасці сучаснай беларускай трасянкі. На гэтую ж тэму ёсць публікацыі С.Запрудскага і іншых даследчыкаў. Таму нам не мае сэнсу паглыбляцца ў філалагічныя дыскусіі. Лепш звернемся да гістарычных фактаў.

Новая хваля татальнай русіфікацыі захліснула Беларусь пасля 1959 года, калі дазволілі вызваляць па просьбе бацькоў дзяцей ад вывучэння беларускай мовы ў рускамоўных школах. У гарадах былі зачынены ўсе беларускамоўныя школы, а ў Мінску нават беларускую літаратуру выкладалі па-руску. Цікава, што ў СССР беларуская трасянка і ўкраінскі суржык (чытай, побытавае маўленне) жорстка высмейваліся, з мэтай канчаткова перавесці іх носьбітаў на "великий и могучий". Асабліва гэта было ў войску і ВНУ. Сітуацыя пачала змяняцца ў часы перабудовы, калі трасянка пачала выходзіць з падполля і пачала паступова мець не толькі адмоўнае, але і станоўчае значэнне, калі носьбіт трасянкі імкнуўся не канчаткова адмовіцца ад усяго беларускага, а наадварот, стаць сапраўдным беларусам, які валодае сучаснай беларускай мовай і штодня ёю карыстаецца. Я праходзіў гэты шлях два гады: з 1980 па 1982 год. У гэтыя гады я пачаў працаваць са студэнтамі і заахвочваў іх гаварыць спачатку на трасянцы, а потым пераходзіць на прыгожую літаратурную мову.
Сярод маіх вучняў зараз ёсць дактары і кандыдаты навук, людзі, якімі ганарыцца наша эліта, пачыналі са звычайнай трасянцы, бо нельга рускамоўнаму беларусу адразу загаварыць як Гілевіч ці Караткевіч. Што тычыцца пісьмовай мовы, то тут трасянка выключаецца, бо ёсць слоўнікі, і кожную памылку можна хутка выправіць.

Дарэчы, у нашай гісторыі быў цікавы выпадак, калі на трасянцы гаварыў і вёў пасяджэнні Вярхоўнага Савета БССР у 1990-1991 гадах яго старшыня Мікалай Дземянцей. Было смешна, але не па-руску, і тады дэпутаты загаварылі па-беларуску і зрабілі ў 1994 годзе адзінай дзяржаўнай мовай у першай Канстытуцыі незалежнай Беларусі - беларускую.

Згодна з сацыялагічным апытаннем (2009 год) на трасянцы ў Беларусі размаўляе 22,5 %, а толькі па-беларуску - 4,3 %.
Таму зараз трасянка на Беларусі павінна быць не "шашалем", як у часы Рэчы Паспалітай ці СССР, а бінтом на ранах здратаванай Беларушчыны, пераходным мастком да сапраўднай еўрапейскай незалежнай і дэмакратычнай Беларусі, дзе будзе адна дзяржаўная мова - беларуская, дзе людзі будуць ведаць розныя мовы, карыстацца імі, але дома і на працы, з дзецьмі і бацькамі гавораць на роднай беларускай мове.

Старшыня ТБМ, кандыдат гістарычных навук,
дацэнт, дэпутат ВС Беларусі ХІІ склікання
Алег Трусаў


← вярнуцца ў навіны