Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Ці варта ездзіць на бясплатным "траянскім кані"?

2013.02.22 0

Адкрыты ліст галоўнаму рэдактару газеты "Вечерний Минск".

 Паважаны Сяргей Пятровіч!

Вечарам 21 лютага, пасля правядзення /І Агульнанацыянальнай дыктоўкі з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы, я, вяртаючыся дахаты, зайшоў на станцыю метро. Народ якраз разбіраў Ваша бясплатнае выданне - газету "Вечерний Минск", заснаваную Мінскім гарвыканкамам. Узяў і я ў рукі гэтую тоўстую, аж 32 старонкі, каляровую газету, якая выйшла ў свет акурат у дзень роднай мовы. Уважліва яе перагледзеў. Пра дзень роднай мовы ні слова, таксама ніводнага, нават самага маленькага артыкула на дзяржаўнай беларускай мове! У чым справа, шаноўны Сяргей Пятровіч? Чаму Вы так пагарджаеце беларускім словам, нашай мовай, якая мае тысячагадовую гісторыю, нават у дзень, спецыяльна ёй прысвечанай?

Хачу Вам нагадаць, што нават у савецкія часы, калі ў Мінску не было ніводнай беларускай школы, "Вечерний Минск" меў цалкам беларускамоўную версію, якая свабодна прадавалася і была ў каталогу падпісных выданняў. Праўда, у метро яе бясплатна не раздавалі , і мела яна даволі сціплы выгляд. Можа, справа якраз у гэтым? Можа, сярод Вашых спонсараў, якія не шкадуюць вялізных грошай на бясплатную раздачу чарговага "траянскага каня" русіфікацыі жыхароў беларускай сталіцы, а не губернскага горада "Северо-Западного края", ёсць тыя, хто марыць аб ліквідацыі незалежнай Беларусі і аб далучэнні яе да суседняй краіны "шасцю губернямі"?

Як тут не прывесці некалькі цытатаў знакамітых рускіх інтэлектуалаў на іх роднай мове. Возьмем, да прыкладу, Канстанціна Паўстоўскага:

"По отношению каждого человека к своему языку можно совершенно точно судить не только о его культурном уровне, но и о его гражданской ценности". "Истинная любовь к своей стране немыслима без любви к своему языку. Человек, равнодушный к родному языку, - дикарь. Он вредоносен по самой своей сути. Потому что его безразличие к языку объясняется полнейшим безразличием к прошлому, настоящему и будущему своего народа".

Аднак я маю надзею, што Вы і рэдактарскі калектыў не сталі "манкуртамі" і "Иванами не помнящими родства", захавалі ў глыбіні свайго сэрца павагу і любоў да роднага беларускага слова, мовы вашых продкаў і, спадзяюся, мовы Вашых нашчадкаў.

Чаму б Вам, выпускаючы бясплатную газету накладам 108039 асобнікаў (№ 8 ад 21.02.2013г.) не аднавіць добрую традыцыю і не зрабіць у адпаведнасці з вынікамі рэферэндуму 1995 г. аб поўнай роўнасці дзвюх дзяржаўных моваў у нашай краіне палову наклада "Вечернего Минска" па-беларуску?

Спадзяюся, што жыхары Мінска падтрымаюць гэтую ініцыятыву і будуць у першую чаргу разбіраць шточацвер у метро менавіта беларускамоўную версію газеты, як гэта яны робяць перад святамі з беларускамоўнымі віншавальнымі паштоўкамі.

З павагай, старшыня ТБМ Алег Трусаў

 


← вярнуцца ў навіны