Працуюць
76Структуры ТБМ працуюць ў 76 населеных пунктах Беларусі, а таксама ў Маскве, Іркуцку, Вільні, Пецярбурзе, Рызе.
2013.01.21 0
20 студзеня 2013 г. адбылося чарговае пасяджэнне Рады ТБМ. Сябры Рады падвялі вынікі дзейнасці арганізацыі за мінулы 2012 год, заслухалі справаздачы старшыні А. Трусава і першага намесніка старшыні А. Анісім. (Тэкст дакладу ніжэй).
Быў канчаткова прыняты план дзейнасці арганізацыі на 2013 год, які неўзабаве будзе надрукаваны ў газеце "Наша слова". Хочам звярнуць увагу на 2 прынятыя Пастановы Рады ТБМ. У першай ідзе гаворка аб новых памерах сяброўскіх складак з 1 лютага 2013 года (гл. ніжэй). Складкі і ахвяраванні сябры і прыхільнікі ТБМ могуць перасылаць на рахунак 3015741233011 у аддзяленні № 539 ААТ "Белінвестбанк", код 739. Наш УНП 100129705.
Другая Пастанова датычыць перарэгістрацыі ўсіх сяброў ТБМ у 2013 годзе (гл. ніжэй).
Мы размяшчаем на нашым партале анкету сябра ТБМ і кожны сябра зможа пацвердзіць сваё сяброўства праз электронную пошту: siadziba@gmail.com.
Сакратарыят ТБМ
Рада ТБМ пастанаўляе:
У сувязі з магчымымі зменамі ў заканадаўстве Рэспублікі Беларусь правесці на працягу 2013 г. перарэгістрацыю ўсіх сяброў ТБМ. Адказныя - старшыні рэгіянальных арганізацый ТБМ.
20 студзеня 2013 года, Мінск
Рада ТБМ пастанаўляе вызначыць наступныя памеры сяброўскіх складак з 1 лютага 2013 года:
1. Для тых, хто працуе – 30 тыс. руб.
2. Для беспрацоўных - 10 тыс. руб
3. Для студэнтаў - 5 тыс. руб.
4. Для пенсіянераў – 15 тыс. руб.
5. Для вучняў школ, ліцэяў і гімназій – 3 тыс. руб.
6. Для грамадзян Расіі – 200 расійскіх рублёў.
7. Для грамадзян іншых краін – 10 $.
20 студзеня 2013 года, Мінск
ШШаноўныя спадарыні і спадары!
У сваім дакладзе я спынюся на асобных фактах нашай дзейнасці ў 2012 г., бо ў асноўным уся наша дзейнасць асвятлялася на старонках газеты "Наша слова", а таксама на нашым партале.
Гэты год быў для нас годам цяжкай, але стваральнай працы як у Мінску, так і ў рэгіёнах нашай краіны. Найбольш актыўна працавалі рэгіянальныя актывісты Магілёва, Віцебска, Гродна, Ліды, Полацка, Наваполацка, Баранавічаў, Гомеля, Пружанаў, Валожына, Асіповічаў, Фрунзенскага і Ленінскага раёнаў горада Мінска, мястэчка Падсвілле Глыбоцкага р-на, Тбм-аўцы Шаркаўшчыны і іншых. У нашы шэрагі актыўна ўступала моладзь, асабліва ў Мінску. Актыўна працуе адноўленая суполка ТБМ у Івянцы. Пра нашу дзейнасць рэгулярна пісалі “Наша слова”, “Новы час”, "Наша ніва", "Народная воля", "Звязда", ЛіМ, "Краязнаўчая газета" і іншыя сродкі масавай інфармацыі. Дзейнасць ТБМ таксама асвятляюць тэлеканал Белсат, радыё “Свабода”, радыё “Рацыя”, партал tut.by і іншыя.
Дзякуючы намаганням маладых супрацоўнікаў БТ, працягвае выходзіць у эфір рэгулярная перадача, прысвечаная гісторыі беларускіх слоў і выразаў (выходзіць штосераду і пятніцу на АНТ). Беларуская мова паступова вяртаецца ў выпускі навінаў, асабліва на мясцовым БТ.
Сябры ТБМ у розных рэгіёнах Беларусі і за яе межамі прынялі актыўны ўдзел у 5-й Агульнанацыянальнай дыктоўцы, прысвечанай юбілеям Якуба Коласа, Янкі Купалы, Максіма Танка. У акцыі ўзялі ўдзел прадстаўнікі амбасадаў розных замежных краін, журналісты, навукоўцы, выкладчыкі ВНУ, студэнты і вучні. Зараз мы актыўна рыхтуемся да 6-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі. У гэтым годзе мы прапануем падчас дыктоўкі выкарыстаць тэксты з "Мужыцкай праўды" Кастуся Каліноўскага, твораў Кірылы Тураўскага і Максіма Гарэцкага, юбілеі якіх прыпадаюць на 2013 год.
У мінулым годзе выйшлі 6 і 7 нумары часопіса “Верасень” (галоўны рэдактар Эдуард Акулін). Нумары "Верасня" актыўна распаўсюджваюцца не толькі ў Мінску, але і ў іншых рэгіёнах нашай краіны.
Актывізавалася праца курсаў па вывучэнні беларускай мовы для розных групаў насельніцтва. Праходзілі заняткі па беларускай мове, гісторыі і літаратуры для вучняў 7 – 11 класаў пад кіраўніцтвам Лявона Баршчэўскага. Была арганізавана асобная група для навучання беларускай мове для дарослых, якую ўзначаліла Юлія Бажок. Заняткі адбываліся два разы на месяц.
У мінулым годзе актыўна працаваў клуб беларускага красамоўства “Прамова”, кіраўнік – Аляксандр Давідовіч.
Разам з іншымі грамадскімі арганізацыямі ТБМ бярэ чынны ўдзел у праекце “Будзьма беларусамі”. У Мінску і ў іншых гарадах адбылося шмат розных мерапрыемстваў: прэзентацыі беларускіх кніг, сустрэчы з цікавымі асобамі. Сярод актыўных арганізатараў і выступоўцаў трэба адзначыць Алену Анісім, Эдуарда Акуліна, Станіслава Судніка.
Найлепшымі нашымі партнёрамі ў змаганні за Беларушчыну з’яўляюцца ЗБС “Бацькаўшчына”, Таварыства беларускай культуры Літвы, Саюз беларускіх пісьменнікаў, БАЖ, ТБШ, Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры.
У мінулым годзе мы зноў пачалі выпускаць “Наша слова” у фармаце 8-мі палос (індэкс выдання 63865, кошт падпіскі на месяц - 4450 руб). Нягледзячы на тое, што з’яўляюцца новыя аўтары і ёсць цікавасць да публікацыі розных матэрыялаў, сітуацыя з падпіскай жадае быць лепшай. Колькасць падпісчыкаў не дасягае нават тысячы чалавек, а каб газета нармальна існавала, іх павінна быць каля пяці тысяч. Тым не менш, хачу адзначыць актыўную працу па падпісцы на "Наша слова" кіраўнікоў Салігорскай і Слуцкай гарадскіх арганізацый ТБМ спадароў М. Шаравара і М. Курыльчыка.
Салігорск падпісаў 75 асобнікаў (2-е месца па краіне пасля Мінска), Слуцк - 21 асобнік, раней было 7. Але я вымушаны зноў звярнуцца да прысутных. Сябры! Неабходна ўсім разам пашыраць кола падпісчыкаў. З гэтай нагоды хачу выказаць словы падзякі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, якая на працягу мінулага года выдзеліла каля 2 мільёнаў рублёў на падпіску раённых і школьных бібліятэк і музеяў краіны на беларускамоўныя выданні.
У нас усталяваліся добрыя кантакты з амбасадамі ЗША, Швецыі, Польшчы, Літвы, Чэхіі, Славакіі, Італіі, Вялікабрытаніі і Германіі, а таксама АБСЕ.
Дзякуючы грамадскасці на Гарадзеншчыне было адкрыта 20 новых першых беларускіх класаў у рускамоўных школах. Тут варта адзначыць працу Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ (кіраўнік Станіслаў Суднік), якая аднавіла працу беларускамоўных садкоў і класаў. Аднак сітуацыя дастаткова цяжкая, бо кіраўніцтва Міністэрства адукацыі не жадае займацца пашырэннем беларускамоўнай адукацыі. Таму нашу дзейнасць у гэтым накірунку неабходна актывізаваць. Тут дарэчы будзе згадаць пра шэраг публікацый на гэту тэму ў "Народнай Волі". Замест таго, каб па прыкладу "Нашай нівы" інфармаваць бацькоў і дзяцей краіны аб магчымасці навучацца ў беларускамоўных класах і школах, журналісты "Народнай Волі" пасля пачатку навучальнага году распачалі кампанію па дыскрэтацыі дзейнасці ТБМ і ТБШ у гэтым накірунку. Мы заклікаем рэдакцыю "Народнай Волі" салідарызавацца з бацькамі і дзецьмі, якія хочуць атрымаць беларускамоўную адукацыю, і дапамагчы ім у гэтым. Напрыклад, напярэдадні новага навучальнага года падаць інфармацыю непасрэдна ад устаноў Міністэрства адукацыі, якія садкі і школы праводзяць набор у беларускамоўныя групы і класы.
Улічваючы сённяшнюю інфляцыю, прапаную Радзе ТБМ з 1 лютага 2013 г. павялічыць памер сяброўскіх складак. Трэба адзначыць, што ў 2012 годзе большасць суполак ТБМ своечасова здалі складкі, а таксама сабралі немалыя ахвяраванні. Вынікі фінансавай дзейнасці ТБМ за справаздачны перыяд наступныя.
На працягу 2012 г. на рахунак паступіла 170 965 010 рублёў. З іх ахвяраванні склалі 161 655 610 руб., складкі – 9 309 400 руб.
Хочацца цёплым словам адзначыць нашых фундатараў і ахвярадаўцаў. Сярод іх – Павел Падкарытаў з Екацерынбурга, сям’я Прыгожыных з Масквы, Фелікс Шкірманкоў са Слаўгарада, Іна Казлоўская, Павел Чайкоўскі, Ірына Прылішч, Тамара Лазарук, Анатоль Чачотка, Іван Кукавенка з Мінску, Васіль Цынгалёў са Жлобіна, Людвіка Таўгень з Валожына, Роза Рымар, Лілія Некраш з Гродна, Васіль Рагаўцоў з Магілёва, Антон Фурс з Паставаў, Сяргей Птушко з в. Хільчыцы Жыткавіцкага раёна, клуб “Спадчына” з в. Дварэц Дзятлаўскага раёна, сябры клуба “Прамова” з Мінску, Мар’ян Місевіч з м. Падсвілле Глыбоцкага раёна, Аляксандра Восіпава з Гомеля, сябры ТБМ з Наваполацка, Надзея Барт-Юрэвіч з Германіі і многія іншыя.
На працягу 2012 года да кастрычніка дзейнічаў праект “Захаванне культурнай спадчыны праз удзел у краязнаўчай дзейнасці”, выдзелены ТБМ Дзяржаўным дэпартаментам ЗША. У ажыццяўленні гэтага праекта прынялі актыўны ўдзел сябры ТБМ з розных рэгіёнаў краіны. У рэалізацыі гэтага праекта нам аказвала дзейсную падтрымку Міністэрства культуры, а таксама наш партнёр Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь.
У 2012 годзе мы ажыццявілі важны праект: пераклад Правілаў дарожнага руху на беларускую мову. На сённяшні дзень тэкст Правілаў дарожнага руху на беларускай мове надрукаваны і ім можа карыстацца кожны грамадзянін нашай краіны.
У сённяшняй рэчаіснасці нам не абысціся без сталай мабільнай прысутнасці нашай арганізацыі ў інтэрнэт-прасторы. У мінулым годзе пачаў працаваць сучасны інтэрнэт-партал ТБМ. Гэта дазваляе нам вырашаць наступныя задачы: 1) па-першае, своечасова размяшчаць інфармацыю пра ТБМ: яе гісторыю, структуры, дзейнасць; 2) па-другое, рабіць маніторынг стану лінгвістычных правоў грамадзян і аператыўна рэагаваць на выпадкі іх парушэння; 3) па-трэцяе, выходзіць на іншыя слаі грамадства, наўпрост незаангажаваныя ў дзейнасць нашай арганізацыі, і некаторыя іншыя. Хачу выказаць асаблівую падзяку за стварэнне і працу партала наступным сябрам ТБМ: аўтару ідэі гэтага праекта, перакладчыку тэкстаў на англійскую мову намесніку старшыні Дзянісу Тушынскаму, адміністратару партала Жэні Парашчанка і рэдактару, першаму намесніку старшыні Алене Анісім.
На нашым партале прадугледжаны старонкі для найбольш актыўных рэгіянальных структур ТБМ. Многія рэгіянальныя арганізацыі гэтым скарысталіся, і ўсе могуць даведацца, што робіцца нашымі сябрамі ў Віцебску, Баранавічах, Магілёве, Лідзе, Полацку, у м. Падсвілле Глыбоцкага раёна, у Пружанах і іншых структурах ТБМ. Мы запрашаем усіх астатніх далучацца да гэтай працы, каб нашыя рэгіёны былі належным чынам прадстаўлены на агульным партале арганізацыі.
Шаноўныя сябры! У мінулым годзе нам шмат што ўдалося зрабіць, дзякуючы нястомнай працы нашых актыўных сяброў. Мы ўмацавалі свой аўтарытэт у грамадстве як найбуйнейшай грамадскай арганізацыі. Пра гэта сведчаць апошнія месяцы 2012 года, калі мы разам з грамадзянамі адстаялі беларускую лацінку ў метро, беларускамоўнае афармленне Брэсцкага чыгуначнага вакзала, вяртанне беларускай мовы на праязныя білеты ў гарадскім транспарце сталіцы. У бягучым годзе нам неабходна асобную ўвагу надаць перарэгістрацыі наяўных сяброў ТБМ, асабліва ў рэгіянальных структурах.
Дзякуй за ўвагу.
Старшыня ТБМ А. Трусаў