Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Міхась Чарняўскі

2013.01.20 0

 20 студзеня 2013 года адышоў у лепшы свет выдатны беларускі археолаг і гісторык, пісьменнік, грамадскі дзеяч, дацэнт кафедры археалогіі і дапаможных гістарычных дысцыплін Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Міхась Чарняўскі.

Міхась Міхайлавіч Чарняўскі нарадзіўся 7 сакавіка 1938 года ў вёсцы Круці Вілейскага павета Віленскага ваяводства (цяпер Мядзельскага раёна Мінскай вобласці). Скончыў гістарычны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута. З 1966 года працаваў навуковым супрацоўнікам Інстытута гісторыі Акадэміі навук, вывучаў матэрыяльную і духоўную культуру першабытных плямёнаў каменнага і бронзавага вякоў на поўначы і захадзе нашай краіны. У 1971 годзе па выніках даследаванняў абараніў дысертацыю “Неаліт Паўночна-Заходняй Беларусі”.

Працуючы ў Інстытуце гісторыі, Міхась Чарняўскі ўваходзіў у клуб патрыятычна настроенай інтэлігенцыі, вядомы як “Акадэмічны асяродак”. За сваё іншадумства ў 1974 годзе ён быў звольнены з працы ў Акадэміі навук і мусіў некалькі гадоў працаваць простым рабочым.

Па вяртанні ў Акадэмію навук Міхась Чарняўскі працягваў вывучэнне старажытнай гісторыі Беларусі. Ён вылучыў нёманскую археалагічную культуру і крывінскі варыянт нарвенскай культуры, даследаваў крэмнездабыўныя шахты ў Ваўкавыскім раёне, помнікі каменнага і бронзавага веку ў іншых мясцінах Беларусі. У 1990–2001 гг. Міхась Чарняўскі загадваў аддзелам каменнага і бронзавага веку Інстытута гісторыі.

Пяру вучонага належаць кнігі “Неаліт беларускага Панямоння” (1979) і “Археалагічныя помнікі Міншчыны” (1988). Ён стаў таксама суаўтарам кнігі “Старажытныя шахцёры на Росі” (1996). “Ілюстраваная гісторыя старажытнай Беларусі” (1997) Міхася Чарняўскага, а пазней яго “Ілюстраваная гісторыя старадаўняй Беларусі: Першабытны перыяд” (2003) сталі неафіцыйнымі падручнікамі для вучнёўскай моладзі.

У якасці аўтара і рэдактара Міхась Чарняўскі ўдзельнічаў у падрыхтоўцы да друку такіх грунтоўных выданняў, як “Гісторыя беларускага мастацтва”, двухтомная “Археалогія Беларусі” і “Гісторыя Беларусі” ў шасці тамах. Вучоны быў навуковым кансультантам і аўтарам энцыклапедыі “Археалогія і нумізматыка Беларусі” (1993). Нямала ўвагі Міхась Чарняўскі надаваў папулярызацыі гістарычных ведаў. З гэтаю мэтай ён пісаў кнігі для падлеткаў: “З глыбінь тысячагоддзяў” (1978), “Бронзавы век на тэрыторыі Беларусі” (1981), “Страла Расамахі” (1985), “Вогнепаклоннікі” (1989), “Дзесяць бітваў” (2004). З-пад пяра вучонага выйшла папулярная біяграфія вялікага гетмана літоўскага Яна Караля Хадкевіча (“Правадыр крылатых вершнікаў”, 1998). Творы гісторыка ўключаны ў рэкамендацыйны спіс для пазакласнага чытання.

Міхась Чарняўскі шмат гадоў сябраваў з выдатнай паэткай і пакутніцай ГУЛАГу Ларысай Геніюш. Менавіта яму паэтка аддала на захаванне сваю “Споведзь”, якая была апублікавана ўжо ў час палітычных перамен у Беларусі. Ён склаў зборнік матэрыялаў пра дзейнасць мядзельска-смаргонскага антыкамуністычнага падполля “Не бойцеся ахвяраў і пакут” (2006). У тым самым годзе выйшла напісаная М. Чарняўскім біяграфія героя антыкамуністычнага падполля Расціслава Лапіцкага “Як пошуг маланкі”.

Апошнім часам ён працаваў дацэнтам у Беларускім дзяржаўным універсітэце. Працуючы ў БДУ, вучоны напісаў вучэбна-метадычны дапаможнік “Каменны век на тэрыторыі Беларусі: ілюстраваны канспект лекцый” (2011).

Займаючы паслядоўна дэмакратычныя і патрыятычныя пазіцыі, Міхась Чарняўскі ў апошнія гады існавання Савецкага Саюза браў чынны ўдзел у руху за дэмакратычную незалежную Беларусь. Ён быў у ліку сябраў арганізацыйнага камітэта Беларускага народнага фронту, ТБМ і Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады.

Усё сваё свядомае жыццё Міхась Чарняўскі быў актыўным абаронцам і прапагандыстам роднай мовы. Нават у савецкі час усе кнігі Міхася Чарняўскага, у тым ліку чыста навуковыя, выходзілі выключна на беларускай мове.

Рада ТБМ на сваім пасяджэнні 20 студзеня 2013 г. ушанавала памяць Міхася Чарняўскага хвілінай маўчання. Мы спадзяемся, што справа М.Чарняўскага будзе падхоплена і прадоўжана ўсімі патрыётамі Беларусі, найперш моладзі.

Рада ТБМ 20.01.2013 г.


← вярнуцца ў навіны