Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Правілы дарожнага руху па-беларуску

2012.10.15 0

Нарэшце адбылася доўгачаканая падзея: 12 кастрычніка на сядзібе ТБМ быў прэзентаваны кампакт-дыск з тэставымі заданнямі па Правілах дарожнага руху, на якім упершыню створана версія на беларускай мове! Дыскам можна карыстацца пры індывідуальнай падрыхтоўцы, самастойна вывучаючы Правілы дарожнага руху, можна трэніравацца падчас навучання ў аўташколе. Фактычна гэта ўзорны прадукт, які цалкам забяспечвае моўныя правы грамадзян, бо дае права выбару мовы. Пры загрузцы дыску карыстальнік выбірае або беларускую, або іншую дзяржаўную мову і працуе над тэставымі заданнямі.

Падчас прэзентацыі кожны прысутны мог асабіста прыняць удзел у без перабольшання захапляльным працэсе праверкі сваіх ведаў. Пра дыск можна шмат распавядаць, але лепей самому набыць патрэбную рэч і пераканацца ў праўдзівасці нашай ацэнкі. Хочацца адзначыць, што праца, якую выканалі маладыя людзі з ТАА "Новы паварот", значная па аб'ёме і важная дзеля пашырэння сферы ўжывання дзяржаўнай беларускай мовы.

На сёння кожны грамадзянін Беларусі, які хоча мець правы кіроўцы, можа зрабіць гэта на беларускай мове. Бо ТБМ у 2012 годзе выдала Правілы дарожнага руху на беларускай мове, у якасці дапаможніка пераклала на беларускую мову адзін з канспектаў па вывучэнні Правілаў і нарэшце ў супрацы з "Новым паваротам" спрыяла з'яўленню згаданага дыску з тэставымі заданнямі. Такім чынам, падрыхтаваны ўвесь мінімальны неабходны комплекс для забеспячэння працэсу навучання кіроўцаў на беларускай мове. Справа за малым: навучыцца карыстацца сваімі канстытуцыйным правам паўсюль ужываючы беларускую мову.

Чытаць яшчэ на pdd.bynovychas.org.


← вярнуцца ў навіны