Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Беларуская мова і нацыянальная ідэалогія

2012.10.11 0

Любая нацыянальная ідэя з'яўляецца неад'емнай часткай нацыянальнай ідэалогіі.
 
У часы глабалізацыі  кожная нацыянальная ідэя, нават калі яе носьбіты маюць рознае этнічнае паходжанне, грунтуецца на адной канкрэтнай мове, найбольш прыдатнай для вызначэння яе аблічча і фармулёўкі асноўных мэтаў. Прыкладам можа быць нацыянальная амерыканская ідэя, славутая "амерыканская мара", якая грунтуецца на англійскай мове, і таму кожны грамадзянін ЗША незалежна ад паходжання і веравызнання мусіць ёй валодаць.
 
Другім вельмі важным складнікам нацыянальнай ідэі ёсць веравызнанне. Але ж гэты чыннік не заўсёды мае месца, пра што яскрава  сведчыць вышэйпамянёны амерыканскі прыклад.
 
Аднак на еўрапейскім кантыненце мова і рэлігія вельмі часта вызначалі ды вызначаюць зараз асноўныя нацыянальныя памкненні вялікіх і малых народаў Еўропы, у тым ліку і нашых суседзяў. Нацыянальныя ідэі палякаў і літоўцаў нападзельна злучаны з каталіцкай царквою, украінцаў - з уніяцкай, рускіх - з праваслаўнай. Канцэпцыя латышскай нацыянальнай ідэі ў асноўным грунтуецца на маральна-этычных каштоўнасцях пратэстантызму. Таму невыпадкова адным з найбольш важных складнікаў амаль любой нацыянальнай ідэі ёсць нацыянальная царква, якая размаўляе з народам на яго роднай мове.
 
На жаль, праваслаўная, а затым і каталіцкая царква ва ўмовах Беларусі не здолелі здзейсніць гэтую функцыю, нават нягледзячы на спробы Кіева і Вільні выконваць у XIV — XV стст. ролю цэнтраў усходнеславянскага праваслаўя, а кіеўскага мітрапаліта лічыць галоўным усходнеславянскім царкоўным іерархам. Мовай праваслаўнай царквы была тады царкоўнаславянская мова, якая моцна адрознівалася ад беларускіх гаворак і была не зусім зразумелая простаму чалавеку.
 
Каталіцызм, які пасля Крэўскай вуніі 1385 г. меў распаўсюд у заходняй Беларусі, да канца XVI - пачатку XVII стст. дайшоў да Смаленшчыны. Але мова касцёлу спярша лацінская, а затым польская зноў-такі не даходзіла да шырокіх колаў тагачаснага беларускага грамадства і моцна спрыяла працэсу апалячвання спачатку беларускіх магнатаў, а потым і шматлікай беларускай шляхты.
 
У другой палове XVI ст. некаторыя беларускія магнаты, сярод якіх былі і Радзівілы, Сапегі, Хадкевічы, Тышкевічы, Глябовічы ды інш., каб замацаваць палітычную незалежнасць ад Рэчы Паспалітай і Маскоўскага княства, робяць стаўку на пратэстантызм. Менавіта пратэстанты першыя звярнуліся праз пропаведзь да беларусаў на іх роднай мове, а затым увялі беларускую мову ў лік школьных.
 
Узніклае пазней уніяцтва цягам XVII стагоддзя таксама не здолела стаць нацыянальнай царквой і яшчэ болей паспрыяла расколу тагачаснага беларускага грамадства, захаваўшы ў службах царкоўнаславянскую мову. Аднак у другой палове XVIII ст., калі асноўная частка сялянства і бальшыня гарадскога насельніцтва Беларусі сталі ўніятамі, роля беларускай мовы ў гэтай царкве ўзрастае, яна пачынае шырока ўжывацца ў казаннях мясцовых святароў. Гвалтоўнае знішчэнне ўніяцтва ў Беларусі расійскім царызмам у першай палове XIX ст. спыніла тэндэнцыю беларусізацыі уніяцкай царквы, і беларусы дагэтуль не маюць сваёй нацыянальнай царквы.
 
У сярэдзіне ХІХ ст., асабліва пасля задушэння чарговага паўстання за незалежнасць, беларусы апынуліся на мяжы поўнай асіміляцыі і знікнення з карты Еўропы. Паколькі канфесійна беларусы былі падзеленыя, яднанне іх пачалося вакол уласнай гісторыі, і ў першую чаргу вакол этнаграфіі і мовы. На пачатку ХХ ст. пасля таго, як у Вільні пачала выходзіць "Наша ніва" і ўзніклі беларускія выдавецтвы, мова становіцца галоўным аб'яднаўчым момантам адроджанай нацыі. І з гэтым вымушаныя былі лічыцца тыя палітычныя сілы, якія ў розныя перыяды ХХ ст. панавалі ў Беларусі.
 
Даследчыкі лічаць, што ўласнабеларускі рух пачаўся ў 1880 годзе. Гэта выданне часопіса "Гоман" і кніга Ф.Багушэвіча "Дудка беларуская". Дзякуючы даследаванням Андрэя Казакевіча і Андрэя Асадчага ўстаноўлена, што цэнтрам беларускага культурнага руху канца ХІХ пач. ХХ стст. стала цэнтральная частка Беларусі: Вілейскі, Менскі, Слуцкі і Віленскі паветы. Адсюль выйшла амаль палова дзеячоў беларускага культурнага руху. Менавіта тут паводле перапісу 1897 года большасць жыхароў вышэйназваных паветаў (акрамя Віленскага) складалі беларусы. Аднак доля беларусаў сярод жыхароў Вільні і Менску была малая (у Вільні толькі 4,2%, у Менску - 9%). Доўгі час беларускі рух лічылі сялянскім і гэтым тлумачылі яго слабасць і няздольнасць стварыць моцную кааліцыю з больш адукаванымі грамадскімі пластамі.
 
Даследаванні Казакевіча і Асадчага, якія прааналізавалі сацыяльнае паходжанне 77 асобаў, найбольш абазнаных у беларускім руху, паказалі, што сялян сярод іх толькі крыху болей за траціну ад усёй колькасці (35,1 %), прадстаўнікоў шляхты амаль столькі ж (31,2 %). Астатнія - гэта службоўцы, працоўныя, святары і г.д. Значная частка сярод беларускіх адраджэнцаў была моладзь. 76% дзеячоў культурнага беларускага руху пачалі друкавацца на беларускай мове ва ўзросце меншым за 30 гадоў, прычым асобаў, маладзейшых за 21 год - 27%.
 
Даследчыкі прыйшлі да высновы, што асноўным каналам распаўсюду ідэй беларускай культуры і нацыі была прафесійная дзейнасць, непасрэднае прафесійнае атачэнне і камунікацыя праз сістэму вышэйшай адукацыі. [i]
 
Ад сябе дадамо, што беларускай адукацыі тады проста не існавала. Тым больш, што паводле перапісу 1897 года сярод беларусаў пісьменнымі былі толькі 13,5%. Сярод жа беларускіх адраджэнцаў вышэйшую адукацыю мела болей за траціну. Дзякуючы ім, на тэрыторыі Заходняй Беларусі, якая ў 1915-1918 гг. была акупавана нямецкімі войскамі, упершыню ў ХХ ст. беларуская мова атрымала статус адной з афіцыйных моў, на ёй выходзілі кнігі і газеты, у 1915г. адкрылася першая беларуская школа і нават вялося справаводства.
 
У 1918 годзе ўрад БНР абвесціў беларускую мову дзяржаўнай, і гэта пазней набыло трывалую традыцыю ў БССР. У Канстытуцыі БССР 1927 года дзяржаўнымі мовамі, акрамя беларускай, былі руская, яўрэйская (ідзіш) і польская, але ў сферы школьнай адукацыі ўпершыню запанавала беларуская мова, і гэтая традыцыя, нягледзячы на рэпрэсіі 30-х гадоў, трымалася да 1941 года.
У часе другой сусветнай вайны чарговыя акупанты Беларусі таксама мусілі адрадзіць у цэнтральнай частцы краіны беларускамоўныя школы і сярэднія спецыяльныя ўстановы, дазволіць выхад беларускамоўных газет, існаванне беларускага тэатру і нават оперы.
 
Апошняя спроба выкарыстаць беларусізацыю ў сваіх палітычных мэтах была зроблена па даручэнні Лаўрэнція Берыі на пачатку 50-ых. Але гэтая акцыя не паспела разгарнуцца і загінула разам з яе пачынальнікам.
 
Але самымі жахлівымі для нашай нацыі сталіся 60-80 гады мінулага стагоддзя, бо менавіта на беларусах ставіўся чарговы бальшавіцкі эксперымент, калі кіраўнікі СССР вырашылі нас першымі сярод іншых вялікіх народаў неабсяжнай імперыі пазбавіць сваёй мовы, гісторыі ды культуры, ператварыўшы ў безаблічны так званы "савецкі народ". Якраз з гэтай мэтай у Мінск прыязджае Мікіта Хрушчоў, які з ганку Беларускага дзяржаўнага універсітэта заклікае беларусаў цалкам перайсці на рускую мову і такім чынам першымі сягнуць у камунізм.
 
Гэтая разбуральная праца вялася мясцовымі савецка-камуністычнымі органамі да канца 80-ых гадоў, пакуль не пачалася новая наменклатурная "адліга" і не паднялася чарговая хваля беларускага адраджэння, вынікам якое стала незалежнасць Беларусі, вяртанне гістарычнай памяці і старадаўняй сімволікі, аб'яўленне беларускай мовы адзінай дзяржаўнай мовай у краіне. З 1991 па 1995 гады яна была адзінай дзяржаўнай мовай на тэрыторыі Беларусі і паступова ўваходзіла ў штодзённы ўжытак, а таксама ва ўсе сферы жыцця.
 
У гэты час беларускамоўных выданняў, асабліва падручнікаў, дапаможнікаў, слоўнікаў і энцыклапедый, было надрукавана болей, чым за папярэднія чатыры стагоддзі. Была канчаткова сфармавана навуковая і тэхнічная беларуская тэрміналогія, а ў школах у 1994/95 гадах ужо навучалася па-беларуску 75% вучняў. Назіралася ачышчэнне мовы ад шкодных запазычанняў, была звернута ўвага на вяртанне класічнага беларускага правапісу і існаванне беларускага лацінскага алфавіту.
 
У часы глабалізацыі кожная нацыянальная ідэя становіцца цесна звязанай з мовай (тытульнай нацыі). Прыкладам могуць быць ЗША, дзе нацыянальная амерыканская ідэя грунтуецца на англійскай мове, і таму кожны, хто прэтэндуе стаць грамадзянінам ЗША, незалежна ад паходжання і веравызнання мусіць ёй валодаць.
 
Не абмінулі гэтыя працэсы і Беларусь.
 
З 1988-га, а асабліва ў 1991-1994 гадах ХХ ст. пачалі фармавацца асноўныя пастулаты беларускай нацыянальнай ідэі на грунце гістарычнай спадчыны, гістарычных традыцый. Пачалася карпатлівая праца па вяртанні народу гістарычнай памяці, нацыянальных сімвалаў і нацыянальнай годнасці. І асноўная барацьба разгарнулася не вакол бел-чырвона-белага сцяга і "Пагоні", а вакол мовы як асноўнага паказчыка адметнасці, самабытнасці і нацыянальнай існасці любога народа. Бо мова, акрамя іншых важных функцый, мае культурна-творчую функцыю і з'яўляецца адзіным сродкам пабудовы самабытнай культуры кожнага народа.
 
Складанасць барацьбы за мову заключалася не ў тым, дасканалая яна ці не, прыгожая ці не, мілагучная ці не. Складанасць заключалася ў тым, што мова патрабавала вялікай працы. Увядзенне ці адмена сцяга, герба, гімна тычылася невялікай колькасці людзей, і то ў парадку выканання службовых абавязкаў.
 
Іншая справа мова. Супраць мовы паўстаў дзяржаўны апарат, клас чыноўнікаў, вайскоўцы і значная частка інтэлігенцыі, асабліва тэхнічнай. Бо мова закранула ўсіх і прынесла ім дадатковую нагрузку, дадатковую працу за тыя ж грошы. І не антаганізм да мовы рухаў імі, а звычайная лянота, звычайнае гультайства. У Беларусі, як былой калоніі, разам з каланіяльнай адміністрацыяй засталася і каланіяльная тэрміналогія. Гэтая тэрміналогія з невялікімі перапынкамі насаджвалася 200 гадоў, амаль сем пакаленняў, і дасягнуць таго, каб яна за год ці два знікла, саступіла месца новай беларускай тэрміналогіі, не так проста. І гэтаму перш за ўсё заміналі адсутнасць у краіне нацыянальнай сістэмы дзяржаўнага будаўніцтва і нацыянальнай сістэмы адукацыі.
 
Таму і выкарыстала ўлада ўсе вышэйзгаданыя чыннікі, каб правесці моўны рэферэндум у 1995 г.
 
Пасля моўнага рэферэндуму 1995 года дзяржава не зрабіла прыкметных захадаў па рэалізацыі выказаных праз яго пажаданняў, галоўным з якіх з'яўлялася забеспячэнне роўнасці беларускай і рускай моваў у афіцыйным жыцці. Сёння няма аніводнай сферы, у якой была б такая роўнасць. Службовае справаводства дзяржаўнага апарату практычна цалкам абслугоўваецца рускай мовай. Падобнае можна сказаць пра вышэйшую і сярэднюю спецыяльную адукацыю, прафесійна-тэхнічныя вучылішчы. Вельмі незайздроснае становішча беларускай мовы на беларускім радыё і тэлебачанні і зусім цяжкое – на кінематографе. Пры гэтым на тэлеэкран і ў радыёэфір няма доступу нашым прадстаўнікам творчай інтэлігенцыі, вядомым беларускім пісьменнікам, мастакам, кінарэжысёрам і навукоўцам. Колькасць вучняў у нашых школах, якія працягваюць вучыцца па-беларуску, скарацілася з 75% у 1994/95 навучальным годзе да 18%. Падпіска на беларускамоўныя выданні зменшылася ў дзесяткі разоў і зведзена практычна да нуля. Ствараецца ўражанне, што дзяржава па сваёй ці чужой волі свядома не дапускае роднае слова тытульнай нацыі краіны ў афіцыйнае жыццё.
 
Апошні раз сваю нязломную волю да выжывання беларуская мова яскрава засведчыла падчас апошняга перапісу насельніцтва Беларусі ў 1999 годзе. 86% беларускага насельніцтва Рэспублікі Беларусь назвалі беларускую мову сваёй роднай, а 37% жыхароў Беларусі афіцыйна засведчылі, што яны штодня размаўляюць па-беларуску.
 
24 лютага на другім беларускім канале ў праграме "Выбар" выйшла перадача, прысвечаная будучыні беларускай мовы. У тэлефонным галасаванні прыняло ўдзел каля 26 тысячаў гледачоў і 65% выказаліся ў падтрымку яе развіцця. Гэта перадача яшчэ раз пацвердзіла вынікі перапісу і жаданне грамадзян Беларусі шырока карыстацца беларускай мовай як дзяржаўнай.
 
У сувязі з гэтым мы патрабуем ад уладаў Беларусі надання беларускай мове рэальнага статусу афіцыйнай дзяржаўнай мовы тытульнай нацыі Рэспублікі Беларусь, а таксама адкрыцця Беларускага  Нацыянальнага  універсітэта з выкладаннем усіх прадметаў навучання па-беларуску. Неабходна неадкладна аднавіць абавязковы характар вуснага экзамену па беларускай мове ў нашых школах.
 
Вядучае месца ў нашай дзейнасці павінна заняць культурна-асветніцкая праца ў шырокіх колах народу. Гэта стварэнне розных курсаў па вывучэнні беларускай мовы, збор сродкаў для выдання беларускамоўных кніг, паштовак, календароў, вырабу  аўдыё- і відэапрадукцыі з беларускім гучаннем.
 
У найбліжэйшы час неабходна прыняць новы "Закон аб мовах у Рэспубліцы Беларусь", які павінен адпавядаць тым дэмакратычным нормам, што ўжо даўно склаліся ў большасці еўрапейскіх краін. У першую чаргу, гэта сусветная дэкларацыя аб культурнай разнастайнасці ЮНЕСКО, што была прынятая 3 лістапада 2001г. на 31-й сесіі Генеральнай канферэнцыі ў Парыжы.
 
У адпаведнасці з новым Законам, кожны дзяржаўны чыноўнік абавязаны аднолькава добра ведаць дзве дзяржаўныя мовы, вольна, без памылак пісаць і размаўляць на іх.
 
Вельмі важна ў асобных артыкулах Закона дакладна вызначыць механізм узаемадачыненняў паміж беларускай, рускай і англійскай мовамі, вызначыць межы і аб'ёмы выкарыстання і вывучэння моваў нашых суседзяў (польскую, украінскую, літоўскую і латышскую мовы). Асобны артукул Закона можа разгледзець сітуацыю з мовай ідзіш як складовую частку шматэтнічнай культурнай спадчыны нашай краіны.
 
Новы Закон аб мовах несумненна стане важным крокам па вяртанні Беларусі ў дэмакратычную аб'яднаную Еўропу.
Калі мы хочам рэальна змяніць сітуацыю да лепшага, варта кожнаму з нас зразумець, што з XVII ст. беларуская мова з лінгвістычнага чынніка стала аб'ектам палітыкі.
 
Сёння адукаваны чалавек на Беларусі, які не ведае беларускай дзяржаўнай мовы, не можа лічыцца інтэлігентам. Пакуль наша інтэлігенцыя не загаворыць па-беларуску на вуліцах, на працы, з дзецьмі і ўнукамі, пакуль не стане ўсе рускамоўныя бланкі на пошце, у банку, міліцыі, падаткавай інспекцыі прынцыпова запаўняць па-беларуску, яна будзе заставацца гаротнай і зняважанай пры любой уладзе. Бо любая ўлада лічыцца толькі з тымі, хто можа сябе годна абараніць. Нездарма кажуць, што беларус "заўжды размаўляе на мове начальства".
 
Таму нашай інтэлігенцыі  варта як мага хутчэй вылучыць са сваіх шэрагаў новага нацыянальнага лідэра, які ў любых абставінах будзе лёгка і нязмушана карыстацца беларускай мовай.
 
Як толькі народ убачыць, што на змену малаадукаванай, "сярмяжнай" уладзе з яе "трасянкай" і рускім жаргонам ідуць высокакультурныя людзі, якія, акрамя беларускай, ведаюць і іншыя еўрапейскія мовы, але пераважна карыстаюцца сваёй, поспех новаму лідэру і яго "камандзе" забяспечаны.
 
Апошнія сацыялагічныя апытанні паказалі, што больш за палову беларусаў сталі з павагай ставіцца да тых, хто на гэтай мове размаўляе. Гэта значыць, кардынальна змянілася сітуацыя, не толькі да мовы, але, увогуле, да культуры. Улада пачала масава аднаўляць помнікі культуры: хто б мог падумаць, што зробяць Мірскі замак ці Нясвіжскі? Вось адбудавалі Мінскую і Магілёўскую ратушы. Чаму так сталася? Зразумела, з’явіліся інвестыцыі. Але акрамя гэтага улады больш не жадаюць хадзіць “ў лапцях”, хочуць  быць еўрапейцамі. А тут і паўстае пытанне мовы. Таму  і сітуацыя з мовай неадназначная і складаная. З аднаго боку, колькасць людзей, што назвалі беларускую мову роднай і тыя, хто гаворыць кожны дзень па-беларуску, значна паменшылася ў параўнінні з перапісам, што адбыўся 10 год таму. Але палепшылася стаўленне да мовы. З другога боку, сумнеўна, што 10 год назад на самой справе 37% беларусаў штодня гаварылі на мове. Магчыма, пісалі так у знак пратэсту. Таму, магчыма, што ў апошнім перапісе лічбы больш дакладныя. Хаця, улады прыдумалі розныя хітрыя пытанні, накшталт, першая мова дзяцінства, а зразумела, што першая мова ў асноўным у большасці расейская. Але па выніках мы  атрымалі каля 1,5 мільёны чалавек, якія штодня размаўляюць па-беларуску, а гэта паўтары Эстоніі. Так што мова не памрэ. Захаванню мовы, безумоўна, паспрыяла 20 гадоў незалежнасці. Людзі ўсведамляюць, што яны не расейцы. Нават кіраўнік краіны заявіў, што калі мы і рускія, то са знакам якасці. Увогуле, працэсы ў грамадстве зараз адбываюцца вельмі цікавыя. І, як не дзіўна, на першае месца выходзіць Мінск. Менавіта, ён становіцца носьбітам мовы, а ў вёсцы, наадварот, мова вымірае, вяскоўцы размаўляюць на трасянцы. Павялічваецца колькасць беларускамоўных сем’яў. Сёння гэта ўжо дзесяткі тысяч, а раней гэта былі адзінкі.  Беларуская мова перастае быць сялянскай і становіцца мовай элітаў. І маладое чынавенства гэта разумее. Бо калі чыноўнік выязджае ў Еўропу і там не будзе размаўляць па-беларуску, могуць падумаць, што ён з Расіі.Нават бізнесмены зараз актыўна пераходзяць на мову. Я сябрую з прадпрымальнікамі, і бачна, як змяняецца настрой. Раней ім было ўсё роўна. А зараз ходзяць на курсы па беларускай мове, каб не выглядаць дзікунамі ў Еўропе. Рэклама пачала з’яўляцца па-беларуску. Гэтаму, канешне, і ТБМ  паспрыяла: дасылалі лісты кіраўніцтву кампаній Самсунг, Галіна Бланка, Рэно і іншым з прапановай зрабіць беларускамоўную рэкламу.  Яны нас паслухалі, правялі экперымент, і аказалася, што калі бігборд будзе па-беларуску, то тавар пачынае на 10-11% прадавацца лепей. Зразумела, выдзяляецца сярод расійскай мовы. За замежнымі кампаніямі пацягнуліся і нашы, беларускія.
 
Гэтыя факты пачалі заўважаць і замежныя аналітыкі і гісторыкі. Так, Аркадзь Мошэс, дырэктар праграмы "Еўрапейскі выбар Расіі" АН Фінляндыі, заявіў, што "Беларусь вельмі позна сталі ўспрымаць як новую еўрапейскую нацыю. Да гэтага яна бачылася заходнім дадаткам Расіі, у якім большасць насельніцтва гаворыць па-руску і не бачыць праблем у тым, каб знешнепалітычным прыярытэтам была Расія"[ii].
 
Шмат якія замежныя амбасадары загаварылі па-беларуску. Некаторыя, як амбасадар Швецыі, нават без акцэнта. Пачалі грунтоўна вывучаць беларускую мову і расійскія дыпламаты. Такім чынам, у аснове нацыянальнай ідэалогіі павінна быць ідэя стабільнага дзяржаўнага становішча беларускай мовы ва ўсіх сферах грамадскага жыцця.
 
Літаратура

 


[i] Казакевіч Андрэй, Асадчы Андрэй. Пачаць пісаць па-беларуску. Рэгіянальны і сацыяльны агляд беларускага адраджэння, канец ХІХ - пачатак ХХ стагоддзя. /Палітычная сфера № 16-17 (1-2), 2011 г.
[ii] БелГазета, № 34 (859) 27 жніўня 2012 г. с.10

← вярнуцца ў навіны