Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
Мясцовыя арганізацыі

Гомельская абласная арганізацыя ТБМ

навіны

У гонар земляка

2012.09.19 3

 Кожны народ, кожная краіна, кожны горад ці вёска заўсёды ганарыліся сваімі людзьмі, якія праславілі родны край сваім акрыццямі, сваімі творамі, складзенымі песнямі… Якія пакінулі пра сябе памяць на вякі, паказалі асабісты духоўны і творчы прыклад служэння сваёй радзіме, свайму народу, сваёй роднай зямлі.

 
Ёсць чым ганарыцца і нам, жыхарам Гомельшчыны, бо і ў нас багатая гісторыя, шчодрая на таленты зямля, якая дала сілы і духоўны росквіт многім слынным землякам – паэтам і кампазітарам, мастакам і дойлідам, краязнаўцам і вучоным…
 
Гомельская абласная грамадская арганізацыя “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” распачала свой новы культурна-асветніцкі праект “Слынныя краязнаўцы Гомельшчыны”. Плануюцца пастаянныя выступы ў розных аўдыторыях краязнаўцаў і гісторыкаў, якія раскрыюць перад слухачамі таямніцы нашай гісторыі, раскажуць пра лёсы слынных краязнаўцаў, яшчэ і яшчэ раз нагадаюць пра тое, што нам ёсць чым ганарыцца, ёсць што ўзносіць на п’едэстал цудоўнага мінулага, ёсць слынныя Асобы, якія не шкадавалі свайго жыцця для таго, каб данесці да нашчадкаў тое, што яны назапасілі і адкрылі падчас свайго творчага подзвігу невядомыя дагэтуль пласты нашага гераічнага мінулага…
 
11 верасня 1855 года ў мястэчку Нова-Беліца нарадзіўся ў збяднелай мяшчанскай сям’і хлапчук. Маці назвала яго Еўдакімам. На той час мясэчка адносілася да Гомельскага павета Магілёўскай губерні. Сям’я жыла ў нястачы, не хапала адзення і яды. Але гаспадыня неяк выкручвалася, цудам знаходзіла і кавалачак мяса ці сала, варыла дзецям нейкі наедак. Дзякуй Богу, з голаду не памерлі. Маці вельмі хацела, каб яе сын стаў адукаваным чалавекам. І якая была для яе радасць, калі Еўдакім, не гледзячы што сям’я ледзьве зводзіла канцы з канцамі, паступіў вучыцца ў Гомельскую прагімназію. І было яму на той час дванаццаць гадоў.
 
Нечакана памірае маці. Еўдакім застаецца круглым сіратой. Дапамогі ні ад каго і ніадкуль. Доўга шукае выхад з гэтага становішча – і знаходзіць яго. Дачуўся, што багаты купец Сямён Захаравіч шукае рэпетытара для сваіх дачок, прапанаваў свае паслугі Грошай усё роўна не хапала, каб не быць галодным. Скончыў у 1870 годзе курс прагімназіі, паспрабаваў паступіць у Магілёўскую гімназію. Паспяхова вытрымаў іспыты, але… Не падыходзіў для уладаў яго статус – выхадца з простага люду, таму і “не аказалася вакансій”. Спрабаваў паступіць вольным слухачом ва ўніверсітэт – тое ж самае…
Але працавітасці і апантанасці Еўдакіма можна было пазайздросціць. І ён дабіваецца свайго – здае іспыты на атрыманне звання народнага настаўніка экстэрнам.
 
І выпрасталася дарогу перад юнаком – у 1872 годзе яго накіравалі працаваць ў Герасімаўскае народнае вучылішча Хлыстоўскай воласці Аршанскага павета Магілёўскай губерні. І настаўнічаў ён чатырнаццаць гадоў, і дваццаць выконваў абавязкі інспектара народных вучылішчаў…
 
Такое ўступнае слова сказаў, выступаючы перад настаўнікамі беларускай мовы і літаратуры ў “Гомельскім абласным інстытуце развіцця адукацыі” намеснік старшыні абласной грамадскай арганізацыі ТБМ пісьменнік Анатоль Бароўскі.
 
І запытаўся ў настаўнікаў:
 
– Скажыце, шаноўныя, а пра каго я вам расказваю?
­
 
– Пра каго ж яшчэ, як не пра Еўдакіма Раманавіча Раманава! – падняўся з месца настаўнік Прудкоўскай СШ Мазырскага раёны Яўген Есіс. – Гэта наш славуты этнограф, фальларыст, археолаг, краязнаўца!
 
– Так, Яўген, усё правільна. І добра, што вы ведаеце пра яго, веру, што і калегі вашыя ведаюць пра гэтую славутую постаць. Так, менавіта сёння, калі мы сустракаемся з вамі, 150 гадоў назад і нарадзіўся Еўдакім Раманаў. Вось і давайце разам пройдземся па сцяжаных яго жыццёвага шляху, абазначым галоўныя вехі яго жыцця…
 
І разам ужо, дапаўняючы адзін аднаго, пачалі пісаць летапіс жыцця Еўдакіма Раманавіча, які ў гісторыі беларускай культуры  вылучаўся як выдатны этнограф, фалькларыст, гісторык, археолаг, антраполаг, публіцыст, выдавец шматтомнага збору беларускай народнай творчасці, які сам жа і збіраў, арганізоўваў музеі, наладжваў выставы…
 
Калі гаварыць пра яго спадчыну, то яна шматгранная і ўсебаковая. Ён – стойкі змагар за нацыянальную годнасць беларусаў, таленавіты вучоны, патрыёт сваёй радзімы – зямлі дзядоў і бацькоў. Заслужана гаварыў пра яго А. Сапуноў, аўтар класічнай манаграфіі “Заходняя Дзвіна”, аднаго з сааўтараў шырока вядомай “Расіі” (дзявяты том): “Беларус з гордасцю можа ўказаць на Еўдакіма Раманава як на аднаго з лепшых прадстаўнікоў сваёй народнасці…”
 
Годна дапаўнялі выступоўца Таццяна Сірачэнка – настаўніца беларускай мовы і літаратуры Прыбарскай СШ і Алена Філон – настаўніца сярэдняй школы № 9 з Мазыра…
 
У 1877 годзе Еўдакім Раманвіч паведамляў Расійскай акадэміі навук “За пяць гадоў настаўніцкай працы я сабраў больш як дзве тысячы беларускіх  слоў, а з гэтага матэрыялу склаў кнігу “Спроба беларускага слоўніка”. Дадатак – уводзіны да яго “Кароткая беларуская граматыка”.
 
Еўдакім Раманаў пачаў рыхтаваць да друку сваю асноўную краязнаўчую фальклорна этнаграфічную працу – “Беларускі зборнік”, які, на думку калег і слынных вучоных па гэтай тэме, з’яўляўся своеасаблівай энцыклапедыяй побыту, творчасці, матэрыяльнай і духоўнай культуры беларускага народа ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў. Сябры і калегі бачылі, як навабеліцкі вучоны знясільваецца ў працы, ён меў вялікую мару – выдаць накопленыя матэрыялы ў 15 кнігах-тамах. Пры жыцці вучонага выйшла дзевяць тамоў (1886-1912), дзясяты том выпусціў Інбелкульт (1928). На вялікі жаль, падрыхтаваныя 11-14 тамы загінулі падчас Вялікай Айчыннай вайны. А пра пятнаццаты том нічога невядома да сённяшняга часу…
 
У той жа дзень, 11 га верасня, адбылася і другая сустрэча Анатоля Бароўскага са студэнтамі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту. Прадоўжылася гутарка пра этнографа і краязнаўцу Еўдакіма Раманава…
 
Навука ўзбагацілася грунтоўнай працай Еўдакіма Раманавіча ­ – “Матэрыялы па гістарычнай тапаграфіі Віцебскай губерні”. Павет Веліжскі”. У ёй зроблены навуковыя вывады на аснове асабістых даследванняў. У той жа перыяд (1898) ён апублікаваў каля ста розных прац. Ён рэдагаваў тры выпускі “Магілёўскай даўніны”, дыв выпускі “Матэрыялы па этнаграфіі Гродзенскай губерні”, адзін выпуск “Крыніцы для гісторыі Магілёўскага краю”.
 
Адзінадушна сцвярджалі калегі вучонага, іх падтрымліваюць і сённяшнія краязнаўцы, што “Еўдакіму Рамнаву належыць ганаровае месца ў гісторыі станаўлення беларускай археалогіі”. Знамянальна і тое, што меў ён вялікую цікавасць і да сівой мінуўшчыны “малой радзімы” – шмагадовая пошукавая дзейнасць не спынялася не ў якія часы па збіранню звестак аб старажытнасцях гомельшчыны.
 
А потым Еўдакім Раманавіч прымае ўдзел у раскопках на тэрыторыі Магілёўскай і Віцебскай губерній. Робіць ён гэта самастойна, па сваёй ініцыятыве, і тады, калі выдзяляла для гэтага сродкі Маскоўскае археалагічнае таварыства, правадзейным сябрам якога ён і з’яўляўся. Даручала яму археалагічныя раскопкі і Археалагічная камісія.
 
Якія ў яго былі выдатныя археалагічныя і этнаграфічныя калекцыі! Ні ў кога ў свеце такога не было. Яны ўзбагацілі многія айчынныя і замежныя музеі. І сёння, калі хто заходзіў у Эрмітаж, то сустракаў яго экспанаты. Цяжка паддаецца ўяўленню, але там захоўваецца больш як тысяча экспанатаў, у Музеі антрапалогіі і этнаграфіі народаў СССР – болей чым 1100, у Гісторыка-этнаграфічным музеі Акадэміі навук Літвы –242…
 
– А які далейшы лёс нашага земляка? – пытаюцца студэнты, будучыя чыгуначнікі.
 
– Пераехаў у Вільню. Там займаў пасаду інспектара народных вучылішчаў. А ў кастрычніку 1917 года вучоны пераязджае ў Стаўрапаль. Там ён апынуўся ў вельмі цяжкім становішчы. І там праз пяць гадоў памірае. Пахавалі яго на Данілаўскіх могілках. Еўдакім Раманаў заўсёды вазіў з сабою найбагацейшы архіў. Яго своечасова не вывезлі, каб схаваць і захаваць, таму ён і загінуў.
 
Да ведама: Е.Р. Раманаў адзначаны Малым і Вялікім залатымі медалямі. Узнагроды вучоны атрымаў з рук патрыярха рускіх географаў П. Сямёнава-Цян-Шанскага. Узнагароджаны яшчэ некалькімі імяннымі прэміямі Расійскай акадэміі навук, і шматлікімі дыпломамі навуковых таварыстваў.

Каментары

Госць 2014-12-05 00:00:00

-- выдалена адміністратарам --

Госць 2014-12-06 00:00:00

-- выдалена адміністратарам --

Госць 2014-12-10 00:00:00

-- выдалена адміністратарам --


← вярнуцца ў навіны