Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Круглы стол па праблемах краязнаўства

2012.09.08 0

6 верасня 2012 года ў Баранавічах адбыўся круглы стол па праблемах краязнаўства. Мерапрыемтсав адбывалася ў межах выканання праекта ТБМ "Захаванне культурнай спадчыны праз удзел у краязнаўчай дзейнасці". У ім прынялі ўдзел не толькі аматары краязнаўства, але і сапраўдныя прафесіяналы: былы дырэктар Баранавіцкага краязнаўчага музея Валер Палікарпаў, а таксама Міхась Бернат – стваральнік Русінаўскага дома рамёстваў. На наш круглы стол па праблемах краязнаўства прыехаў з Мінска прафесар Адам Мальдзіс – вядомы беларускі гісторык і літаратуразнаўца, адзін з аўтараў 6-томнага даведніка “Беларускія пісьменнікі”, а таксама аўтар дзясяткаў кніг па гісторыі беларуска-польскіх і беларуска-літоўскіх культурных і літаратурных узаемасувязях.

Найбольш гаварылі пра страчаныя скарбы Баранавіцкага краязнаўчага музея і магчымасці іх рэальнага вяртання. У наш музей, які быў створаны яшчэ ў 1940 годзе, былі звезены каштоўныя экспанаты з навакольных шляхецкіх маёнткаў. Тут былі карціны Сальватора Роза, галандскіх мастакоў, магчыма, Рэмбрандта, якія даўно трэба было пачаць шукаць.

На круглым стале паведамлялася, што ўлетку 1942 года немцы ладзілі ў Баранавічах мастацкую выставу, верагодна, з фондаў нашага музея, дзе сярод іншага можна было пабачыць карціны вядомага ў свеце беларускага мастака Міхася Сяўрука, выразаныя з дрэва фігуры “Хрыстос з ягняткам” ішкальдскага майстра (каля 1700 года), “Святыя Пётра і Павел” майстра з Мядзведзічаў (каля 1600 года) і іншыя старажытныя каштоўнасці, у тым ліку і мэбля з Нясвіжскага замка.

Адам Мальдзіс адзначыў, што ўсе калекцыі баранавіцкага музея ў 1944 годзе былі вывезены на Захад, але кім і куды былі вывезены, мы дакладна не ведаем. Удзельнікі круглага стала пагадзіліся, што калі экспанаты былі вывезены падчас вайны, дык па законе аб рэстытуцыі каштоўнасцяў, падпісаны краінамі ААН, іх дакладна трэба вярнуць на радзіму.

Зразумела, што ў савецкі час партыйнае кіраўніцтва зусім не цікавіла буржуазнае мастацтва і ніхто не збіраўся яго шукаць і вяртаць. Таму на праблему страчаных каштоўнасцей проста махнулі рукою. Вось чаму на гэтым круглым стале прафесар Адам Мальдзіс звярнуўся да ўдзельнікаў з просьбаю дапамагчы знайсці страчаныя фонды Баранавіцкага краязнаўчага музе. На думку прысутных, больш даведацца пра баранавіцкія каштоўнасці маглі б дапамагчы звесткі пра лёс былога дырэктара музея і збіральніка ўсіх яго скарбаў Леанарда Турскага, які ў 1944 годзе выехаў ў Польшчу. Зразумела, што Турскі мог вывесці з сабою прынамсі нейкую частку каштоўных экспанатаў музея.

Адам Мальдзіс звярнуўся праз папулярную ў горадзе газету “Intex-press” да баранавіцкіх гісторыкаў, краязнаўцаў і проста аматараў гісторыі, каб яны разам паспрыялі вырашэнню праблемы: “Стары сусед кожнага з нас можа што-небудзь узгадаць пра тыя часы і неспадзявана дапамагчы адшукаць сляды да нашай спадчыны. Уважліва размаўляйце з людзьмі, шукайце і вывучайце мясцовую прэсу перыяду акупацыі…”. У сваю чаргу прафесар Мальдзіс паабяцаў агучыць гэту тэму ў газеце “Голас радзімы”, якая выдаецца для беларускай дыяспары і распаўсюджваецца ў 54 краінах свету. “А раптам хто-небудзь і адгукнецца!”, – падбадзёрыў Адам Мальдзіс. Будзем шукаць!


← вярнуцца ў навіны